Адкрыты інавацыям

Маючы багаты вопыт фарміравання маральных каштоўнасцей у навучэнцаў пры дапамозе арганізацыі валанцёрскага руху ў рамках падыходу “роўны вучыць роўнага”, мы пераканаліся ў эфектыўнасці выхаваўчага ўздзеяння гэтай дзейнасці на сучасную моладзь. Усё гэта паслужыла асновай для ўступлення нашай установы ў адпаведную інавацыйную пляцоўку.

Першымі ў вобласці сярод устаноў дадатковай адукацыі мы ўкараняем мадэль фарміравання маральных каштоўнасных арыентацый навучэнцаў пры дапамозе арганізацыі валанцёрскай дзейнасці ў сістэме ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі, дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў.

Валанцёрства дапамагае навучэнцам засвойваць маральныя каштоўнасныя ўстаноўкі на больш глыбокім і ўсвядомленым узроўні, цэласна фарміравацца як асобе. Падлетак знаходзіць сябе, не слухаючы дарослых і не абдумваючы бясконца свае паводзіны, а на справе дапамагаючы тым, хто ў гэтым мае патрэбу.

Абапіраючыся на распрацаваную навукова-метадычную базу, педагогі нашага цэнтра на працягу трох гадоў будуць укараняць мадэль фарміравання маральных каштоўнасных установак у навучэнцаў на занятках аб’яднанняў па інтарэсах, што дапаможа ў будучыні больш актыўна выкарыстоўваць патэнцыял дадатковай адукацыі для вырашэння гэтых задач.

Вераніка СЯЛІЦКАЯ,
загадчык аддзела Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Крынічка” Магілёва.