Адчыніла дзверы школа любячых бацькоў

У кожнай сям’і час ад часу ўзнікаюць праблемы, якія, канечне ж, трэба вырашаць, але здараецца і такое, калі цяжкасці здаюцца непад’ёмнымі і не ўсе ведаюць, як справіцца з той ці іншай сітуацыяй.

Каб дапамагчы дарослым у вырашэнні праблем, у нашай установе створаны і працуе клуб клапатлівых і разумных бацькоў “Школа любячых бацькоў”. Дэвізам клуба служаць такія словы: “Уваходзьце ў свет дзіцяці, пакуль адчынены дзверы”. А свет гэты, насамрэч, складаны і ўнікальны.

Многія вучні маюць праблемы з дысцыплінай, ва ўзаемаадносінах з іншымі дзецьмі і бацькамі. Добра і не вельмі выхаваныя дзеці імкнуцца да праяўлення ўласных патрэбнасцей і жаданняў. У сваю чаргу бацькі таксама маюць свае жаданні і чаканні, звязаныя з дзецьмі. Праблемы ўзнікаюць у тых выпадках, калі патрэбнасці і чаканні абодвух бакоў не супадаюць. Заняткі школы любячых бацькоў накіраваны на тое, каб спрасціць і звесці да мінімуму праблемы і цяжкасці.

Менавіта практычныя навыкі набывалі бацькі на трэнінгавых занятках “Бацькоўская любоў. Якая яна?”. Заняткі адбыліся напрыканцы зімовых канікул. З бацькамі былі адпрацаваны эфектыўныя прыёмы ўзаемадзеяння са сваімі дзецьмі пры дапамозе практыкаванняў “Свет майго дзяцінства”, “Дару табе сонца”, “Незакончаны сказ”, “Куфэрак цудаў”.

Прыемна, што на такіх занятках удаецца наладзіць зваротную сувязь з бацькамі. Яны ахвотна ўзаемадзейнічаюць, самаўдасканальваюцца. І самае галоўнае — з разуменнем пачынаюць ставіцца да таго, што здольнасці іх дзяцей да навучання індывідуальныя і што можна пабудаваць сямейныя адносіны на даверы, павазе і любові.

Тамара СКАРАБАГАТАЯ,
педагог-псіхолаг Цяцерынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Круглянскага раёна.