Ад захаплення — да прызвання

З даўніх часоў хлопчыкі любілі майстраваць, узнаўляць навакольныя прадметы і аб’екты: падводы і хаціны, замкі і караблі, аўтамабілі і самалёты. Гэтая цікавасць не знікла і зараз. Пры багатым выбары цацак і мадэлей у сучасных магазінах каштоўнасць зробленай сваімі рукамі несувымерна вышэйшая.

З 2005 года ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Крынічка” Магілёва працуе аб’яднанне па інтарэсах “Канструяванне і дызайн”. Займаюцца ў ім дзеці з 6 гадоў. Яны атрымліваюць навыкі тэхнічнага мадэлявання і канструявання, знаёмяцца з асновамі дызайну. Выхаванцы праходзяць шлях ад найпрасцейшых мадэлей цацак да маштабных стэндавых мадэлей аўтамабіляў, ваеннай тэхнікі, самалётаў, макетаў будынкаў, дыярам і кампазіцый на розныя тэмы.

Навучэнцы аб’яднання рэгулярна ўдзельнічаюць у раённых, гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх выставах-конкурсах тэхнічнай творчасці, дзе становяцца пераможцамі і прызёрамі. На занятках у аб’яднанні ў дзяцей развіваецца кемлівасць, вынаходлівасць, цікавасць да творчай дзейнасці, мастацкі густ, набываюцца навыкі працы з рознымі матэрыяламі і інструментамі, уменне вырашаць пастаўленыя задачы.

Многія з найбольш актыўных сяброў аб’яднання ўжо вызначыліся з прафесіяй і працягваюць навучанне ў машынабудаўнічых, архітэктурных і іншых тэхнічных і мастацка-тэхнічных каледжах і УВА. Вядома, не ўсе нашы выхаванцы стануць канструктарамі, архітэктарамі і дызайнерамі, але якасці і навыкі, набытыя падчас заняткаў у аб’яднанні, заўсёды будуць запатрабаваны ў далейшым самастойным жыцці.

Аляксей ГУР,
кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Канструяванне і дызайн” ЦТДМ “Крынічка” Магілёва.