Абаронцы лесу з Ходасаў

Сёння, як ніколі, актуальным становіцца экалагічнае выхаванне дзяцей. У нашай школе гэтаму напрамку работы ўдзяляецца належная ўвага. Настаўнік інфарматыкі Аляксандр Сямёнаў правёў з навучэнцамі 5—7 класаў інтэрактыўны ўрок “Лес і клімат”. Ініцыятар і арганізатар асветніцкага праекта “Змена клімату і сувязь з захаваннем лясоў” — Сусветны фонд дзікай прыроды (WWF Расіі). Партнёрам праекта выступае рух ЭКА.

Падчас урока навучэнцы даведаліся, якія важныя функцыі выконваюць лясы ў прыродзе, што адбываецца з экасістэмай, калі высякаецца лес, як мы, людзі, мяняем клімат і чым гэта пагражае нам і прыродзе. У ходзе гульнявых заданняў вучні навучыліся мадэляваць розныя сітуацыі, знаходзіць і абгрунтоўваць рашэнні па захаванні лесу і спрыяльнага клімату. А галоўнае, яны вучыліся берагчы лес, яго багацці пры дапамозе простых штодзённых дзеянняў.

На занятках выкарыстоўваліся не толькі матэрыялы, распрацаваныя спецыялістамі Сусветнага фонду дзікай прыроды, але і відэаролікі МГА “Экапартнёрства”, у якіх расказваецца, што парніковыя газы — асноўны фактар змены клімату на планеце, а таксама пра ўплыў гэтых змяненняў на сельскую гаспадарку і лясы ў Беларусі.

Аказваецца, кожнаму з нас пад сілу захаваць лес і абараніць планету ад прыродных катаклізмаў. Для гэтага дастаткова змяніць свае эказвычкі: ездзіць на веласіпедзе, а не на машыне, у побыце выкарыстоўваць не поліэтыленавыя пакеты, а тканінавыя экасумкі, эканоміць электраэнергію, вымаць зарадныя прылады з разетак, збіраць і здаваць макулатуру, не пакідаць смецце ў лесе, берагчы лес ад пажару.

Урокі прайшлі цікава і пазнавальна, а каб лепш запомніць, як можна берагчы лясы і зніжаць канцэнтрацыю вуглякіслага газу ў атмасферы, вучні склалі кніжку-памятку “Лес і клімат”. Змяненне клімату і захаванне лясоў — вельмі актуальныя тэмы. Інтэрактыўныя заданні прыцягваюць увагу школьнікаў і пакідаюць у іх яркія ўражанні аб занятках.

Але на гэтым нашы ўрокі не скончыліся. Навучэнцы ходасаўскай школы прынялі ўдзел у пасадцы дэндрапарку ў сваім пасёлку. Памятаеце сюжэт навагодняй камедыі “Ёлкі”? Тэорыя шасці поціскаў рукі, згодна з якой кожны чалавек на Зямлі ведае іншага праз пяць знаёмых. Так атрымалася і ў нас.

Дзякуючы падтрымцы нашага земляка Аляксандра Мікалаевіча Кулічкова, ганаровага грамадзяніна Мсціслаўскага раёна, старшыня Ходасаўскага сельсавета Анатоль Юр’евіч Пруднікаў прывёз з дэндралагічнага саду імя С.А.Гомзы 25 парод розных раслін: іглічныя і ліставыя, пладова-ягадныя дрэвы і хмызнякі. Усяго больш за 40 саджанцаў. Дзякуй за гэта генеральнаму дырэктару Нацыянальнага парку “Нарачанскі” Васілю Васільевічу Каржову. Асобны “дзякуй” яшчэ аднаму нашаму земляку, генеральнаму дырэктару Магілёўскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання, заслужанаму лесаводу Рэспублiкi Беларусь Уладзіміру Аляксандравічу Раеўскаму за прадастаўлены транспарт.

Першыя крокі зроблены. Любая мара выдатная, а мэта, якой хочаш дасягнуць, важная. Мы рухаемся да яе разам, дапамагаючы адно аднаму і падтрымліваючы адно аднаго. Мы ўпэўнены: наша мара стане явай. Хочацца верыць, што з цягам часу гэтае месца будзе візітнай карткай аграгарадка, галоўным цэнтрам адпачынку, весялосці, свят, прагулак для ўсіх мясцовых жыхароў.

На адным з міжнародных самітаў па ўстойлівым развіцці ў якасці лозунга была выкарыстана афрыканская прыказка: “Шмат маленькіх людзей у мностве маленькіх гарадоў і вёсак, робячы шмат маленькіх спраў, мяняюць свет”. На такія змены да лепшага ў аграгарадку Ходасы спадзяёмся і мы.

Тэрэса СЯМЁНАВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Ходасаўскай сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна.