Мабільны дадатак Fizkult–URA!tor

FizkultURA!tor можа быць выкарыстаны ў якасці даведачнага і кантрольна-вымяральнага інструмента як тымі, хто арганізоўвае праверку ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці навучэнцаў (тэсціраванне ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці), так і тымі, хто прымае ў працэсе кантролю непасрэдны ўдзел.

Сучасныя патрабаванні да ўрока фізкультуры ставяць новыя патрабаванні перад настаўнікам. Мабільны дадатак, распрацаваны намі, дапамагае настаўніку забяспечыць комплексны характар урока, высокую маторную шчыльнасць рухальнай актыўнасці навучэнцаў, высокую ўвагу да фарміравання ў навучэнцаў матывацыі, устойлівай схільнасці да свядомых заняткаў фізкультурай. Мабільны дадатак Fizkult-URA!tor — гэта дапаможны інструмент настаўніка, які павінен неаднаразова на працягу навучальнага года праводзіць агляд фізічнай падрыхтаванасці навучэнцаў ва ўсіх паралелях і класах. Fizkult-URA!tor надзейна вызначае ўзровень дасягненняў як у асобных практыкаваннях, так і ў комплексным вылічэнні агульнага ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці.

Мабільны дадатак Fizkult-URA!tor можна загрузіць у сістэме лічбавай дыстрыбуцыі PlayMarket.

Апошняя версія мабільнага дадатку змяшчае наступныя інструменты:

— калькулятар нарматыву (дазваляе вызначыць асобную адзнаку за вынікі аднаго з 42 нарматываў (тэсціраванне, кантрольныя практыкаванні, дамашнія заданні), якія праводзяцца ў 1—11 класах);

— калькулятар узроўню фізічнай падрыхтаванасці (дазваляе вызначыць адзнакі па ўсіх шасці тэстах, вызначыць сярэдні бал, даць слоўную ацэнку ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці асобна ўзятага вучня, таксама існуе магчымасць выбару ўсіх альтэрнатыўных практыкаванняў для вызначэння ўзроўню развіцця фізічнай якасці, а для зручнасці настаўнікаў, якія працуюць у пачатковых класах, акрамя лічбавай адзнакі, прадугледжана магчымасць адлюстравання слоўнай ацэнкі па кожнай з якасцей);

— калькулятар для вызначэння выканання норм Дзяржаў­нага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь па ўсіх узроставых катэгорыях: ад 6 гадоў да 59 і старэйшых (калькулятар дазваляе вызначыць адзнакі за кожны нарматыў, дэльту, розніцу паміж рэальным і мэтавым вынікам па кожнай якасці, што дазваляе выкарыстоўваць дадатак для самастойнай падрыхтоўкі да здачы комплексу і карэкціраваць сваю самападрыхтоўку, інструмент вызначае колькасць выкананых норм для атрымання значка, адлюстроўвае назву выкананай ступені комплексу і дасягненні, прадугледжвае магчымасць выбару альтэрнатыўнага віду пры выкананні нарматыву па працяглым бегу);

— калькулятар для падвядзення вынікаў комплекснага мнагабор­ства “Здароўе” (калькулятар вызначае колькасць набраных ачкоў (па 60-бальных табліцах) у асобных відах і набраную суму мнагаборства ў цэлым, існуе магчымасць выбару нарматываў для розных узростаў і тыпаў устаноў (агульнай сярэдняй адукацыі альбо ўстаноў ПТА і ССА), прадугледжана магчымасць выбару падліку сумы як у зімовым, так і ў летнім мнагаборстве);

— калькулятар для падвядзення вынікаў мнагаборства “Абаронца Айчыны” (калькулятар вызначае колькасць набраных ачкоў (па 60-бальных табліцах) у асобных відах і набраную суму мнагаборства ў цэлым, прадугледжана магчымасць выбару падліку сумы як у зімовым, так і ў летнім мнагаборстве);

— калькулятар для падвядзення вынікаў мнагаборства ў спартыўна-масавым мерапрыемстве сярод дзяцей і падлеткаў па лёгкай атлетыцы “Шкаліяда” (калькулятар вызначае колькасць набраных ачкоў (па 150-бальных табліцах) у асобных відах і набраную суму мнагаборства ў цэлым);

— калькулятар вызначэння выканання разрадных патрабаванняў па відах спорту, даступных для праверкі ў агульнаадукацыйных установах. Гэты інструмент накіраваны на інфармаванне настаўніка пра патэнцыяльна таленавітых навучэнцаў, стымуляванне і накіраванне такіх дзяцей для заняткаў у спецыялізаваных спартыўных установах;

— інструмент для арганізацыі справаздач аб выніках пульсаметрыі ў рамках медыка-педагагічнага кантролю на занятках фізічнай культурай.

Такім чынам, пры выкарыстанні мабільнага памочніка скарачаецца час на правядзенне тэсціравання — павялічваецца час для правядзення якаснай размінкі і гульні на ўроку. Таксама скарачаецца час на вылічэнне ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці. Вылічэнне сярэдняга арыфметычнага па шасці параметрах часта ўводзіць педагогаў у стан стрэсу з-за верагоднасці матэматычных і працэдурных памылак, што ў выніку прыводзіць да фармальнага падыходу ў рабоце настаўніка. Зараз з’явілася магчымасць гуманна падыходзіць да моманту аб’яўлення нездавальняючых адзнак: настаўнік можа сам-насам паказаць непрыемны для навучэнца вынік, або вучні самі могуць адсочваць паспяховасць па выніках правядзення тэсціравання.

Вячаслаў АНТОНЕНКА,
дырэктар сярэдняй школы № 12 Гомеля.