Не верце, што сучасныя дзеці кругласутачна сядзяць за камп’ютарам ці тэлефонам і іх нічога не цікавіць. Дазвольце вас бліжэй пазнаёміць з юным талентам, шасцігадовай Софіяй Афінгендзінай.
У яе ўжо ёсць сваё ўнутранае бачанне свету, якое яна пераносіць на паперу. Нядаўна я заўважыла, што з кожнымі заняткамі па выяўленчай дзейнасці малюнкі дзяўчынкі становяцца больш складанымі. Мне стала цікава, у чым прычына такіх змяненняў. Софія расказала, што наведвае з мамай мазырскую арт-студыю “Квадрат” Настассі Чадзій. Я стала задаваць ёй пытанні і атрымалася вось такое інтэрв’ю.
— Софія, як пачалося тваё захапленне жывапісам?
— У вольны час я заўсёды малюю. Аднойчы мама прапанавала мне паспрабаваць займацца з сапраўдным мастаком. Мне стала цікава, і мы паехалі ў студыю. Там нас сустрэла кіраўнік студыі Насця — яна прасіла менавіта так да яе звяртацца. Мне там спадабалася. Я вельмі здзівілася, што там малявалі нароўні і дарослыя, і дзеці.
— Ты малюеш толькі акварэллю?
— Не, яшчэ тушшу, акрылам, гуашшу, алоўкамі. Спачатку мне зручней намаляваць простым алоўкам, а потым размаляваць.
— У цябе дома ёсць спецыяльныя прылады для малявання?
— Так, бацькі мне купілі. Я люблю акуратна раскласці на стале фарбы, алоўкі, пэндзлікі, альбом і каляровы малюначак, з якога імкнуся змаляваць сюжэт. Але цяпер я ўжо не толькі змалёўваю, але і дадаю штосьці сваё.
— Што табе трэба для стварэння работы?
— Няяркае святло, цішыня, нягучная музыка. Яшчэ натхненне, а калі яно з’яўляецца, то ўсё атрымліваецца.
— У цябе ўжо ёсць любімая карціна?
— Яна называецца “Вясёлкавы сабачка”, выканана гуашшу.
— Сафійка, якая твая любімая тэматыка ў маляванні?
— Я люблю маляваць прыроду і людзей.
— А хто першым бачыць твае закончаныя малюнкі?
— Вядома, мама. Яна падтрымлівае мяне, ходзіць са мной на заняткі.
— Софія, маляванне для цябе — гэта…
— Гэта творчасць і любоў.
— Ці ўдзельнічала ты ў конкурсах?
— Так, у дзіцячым садзе.
— А табе хацелася б зрабіць персанальную выставу?
— Вядома, я нават назву прыдумала — “Любоў да творчасці”, але пакуль у мяне яшчэ мала карцін для выставы.
— Раскажы пра свае планы.
— Не ведаю дакладна, — задумалася дзяўчынка. — Але я сапраўды ведаю, што хачу быць такой жа таленавітай, як мая выкладчыца Насця. Бабуля сказала, што я буду мастаком, і я мару стаць вядомым мастаком. Яшчэ мару зрабіць выставу маіх работ не ў студыі, а на вуліцы. Няхай мае работы ўбачыць шмат людзей, бо на выставы людзі чамусьці рэдка ходзяць…
— Жадаю табе, Софія, поспехаў у творчасці і каб усе мары спраўдзіліся.
Ірына ЦЕЦЯРУК,
выхавальніца дашкольнай адукацыі ясляў-сада № 39 Мазыра.