Ліцэйская турсцяжына

Кожны год у пачатку верасня суботняй раніцай на чыгуначнай станцыі Зялёнае пад Мінскам высаджваюцца школьнікі. З электрычкі выходзіць цэлы клас у кедах і з рукзакамі, а ўсяго такіх высадак — 12. Ужо 25 гадоў ні адзін верасень у Ліцэі БДУ не абыходзіцца без такога візіту на прыроду. Імя гэтай улюбёнай ліцэйскай традыцыі — турсцяжына.

Збірацца ў Зялёным ліцэісты пачынаюць яшчэ ўвечары ў пятніцу. Адзінаццацікласнікі, якія самі год назад упершыню нясмела сышлі на платформу ў дачным пасёлку, цяпер разам з настаўнікамі едуць у лес загадзя, каб падрыхтаваць конкурсы для сваіх “карапузаў” (так у ліцэі называюць дзесяцікласнікаў). Начная турсцяжына — сапраўдны паход у мініяцюры: з сабой у лес вучні цягнуць палаткі, спальныя мяшкі, ежу, ваду, кацялкі для чая і, вядома, гітары. Мала хто з іх у школе хадзіў у сапраўдны паход. Можа, таму на турсцяжыну 11-я едуць цэлымі класамі. А можа, прычына ў гісторыях папярэднікаў-выпускнікоў аб тым, як весела праходзяць вечары ў Зялёным? Ці проста гэта знакаміты ліцэйскі дух — атмасфера прыязнасці, якую падтрымліваюць і вучні, і выкладчыкі? Напэўна, усё адразу.


Вось і на турсцяжыне, калi да агню падыходзіць класны кіраўнік, смех не змаўкае ні на секунду: проста тут усе свае. Раніцай гэтым пачуццём пранікнуцца і дзесяцікласнікі, якія прыедуць праходзіць расстаўленыя старэйшымі пікеты з жартоўнымі спартыўнымі заданнямі. Ім давядзецца на хуткасць пераскокваць, трымаючыся за рукі, праз нацягнутыя паміж дрэў гумкі, залазіць адно аднаму на плечы і станавіцца ў трохвугольнік з завязанымі вачыма. Тых, хто адолеў усе выпрабаванні, чакае агульнае вогнішча на вялікай паляне — з грэчкай і чаем з кацялка, з гітарай і аповедамі пра начлег у лесе. Калі да адзінаццацікласнікаў у імправізаванай актавай зале на траве ў поўным зборы далучаюцца 10-я (240 чалавек), у лесе становіцца цеснавата ад ліцэістаў. Цяпер чарга “карапузаў” забаўляць сваіх “бацькоў”. Яны прывезлі хто песню, хто танец, каб прадставіць сваю каманду.

Макар Аляксандравіч Шніп, дырэктар Ліцэя БДУ (дарэчы, выпускнік установы 1998 года), таксама кожны год прыязджае на турсцяжыну. “Гэтай традыцыі амаль столькі ж, колькі і самому ліцэю: упершыню ліцэісты паехалі разам у лес яшчэ ў 1991 годзе, — распавядае дырэктар, перакладаючы з рукі ў руку фотаапарат. (Перад нашай размовай ён сам фатаграфаваў прыгоды дзесяцікласнікаў на пікетах.) — У часы маёй вучобы таксама была такая турсцяжына, быў яшчэ і турзлёт, які ладзілі ў канцы навучальнага года, калі дазваляў расклад. Турсцяжына ў плане фізічнай нагрузкі раней была больш складанай: мы перабіраліся праз ваду, каталіся па нацягнутай паміж дрэў вяроўцы. Думаю, у кожнай школы, гімназіі, ліцэя, універсітэта павінны быць падобныя традыцыі”.


Турсцяжына — толькі адна з традыцый Ліцэя БДУ, з дзясятак якіх вам лёгка пералічыць ліцэіст любога года выпуску. Ёсць яшчэ візітоўкі, на якіх дзесяцікласнікі робяць паўнавартаснае прадстаўленне свайго класа і пасля гэтага афіцыйна перастаюць лічыцца “карапузамі”. Вясёлы традыцыйны абавязак дзяжурнага класа — перад першым урокам сустракаць дружным крыкам “Добрай раніцы!” кожнага, хто заходзіць у ліцэй. Зімой адзначаюць дзень нараджэння ліцэя, а на апошнім званку выбіраюць самага актыўнага дзесяцікласніка, які ў наступным годзе стане ліцэйскім Дамавым, галоўным захавальнікам традыцый.

Турсцяжына сярод ліцэістаў настолькі папулярная, што на яе працягваюць прыязджаць і выпускнікі. Яны хоць і старэйшыя за дзеючых ліцэістаў, але пагаварыць ім заўсёды ёсць пра што: любімыя выкладчыкі, ліцэйскія традыцыі і “барадатыя” анекдоты імгненна аб’ядноўваюць пакаленні. Вопытныя выпускнікі дапамагаюць 11-м хутчэй расставіць палаткі, старшакласніцы ўжо нясуць памочнікам ад вогнішча смажаныя сасіскі на шампурах. Ноччу сярод вогнішчаў раз-пораз чуваць:

— Ты адкуль?

— Я з 11-ХБ-1!

— А я з 14-Філ-2!

— А я наогул у 2011 годзе выпусціўся!

Гады, якія прайшлі пасля выпуску, не маюць вялікага значэння. Нездарма яшчэ адна ліцэйская традыцыя — прыгаворваць: “Былых ліцэістаў не бывае”.

Кацярына ЖОРАВА.