Лідарамі становяцца ў школе

Сацыяльная актыўнасць падлеткаў сёння праяўляецца не толькі ў інтэрнэт-прасторы. Адукаваная, крэатыўная моладзь можа і гатова праяўляць ініцыятыву, браць на сябе адказнасць за выкананне даручэнняў, аналізаваць. Але для развіцця лідарскіх якасцей навучэнцаў ва ўстанове адукацыі неабходна стварыць спрыяльныя ўмовы для дзейнасці вучнёўскага самакіравання.

У сталічнай 21-й школе з мэтай павышэння эфектыўнасці работы органаў вучнёўскага самакіравання арганізаваны факультатыўныя заняткі “Падрыхтоўка школьніка — лідара і арганізатара дзіцячага, маладзёжнага і грамадскага аб’яднання” для вучняў 9 класа. З улікам схільнасцей і асабістай зацікаўленасці актывісты БРСМ і БРПА ўзначальваюць розныя сектары: спартыўны, творчы, працоўны, валанцёрскі, здаровага ладу жыцця і інш., праводзяць дыялогавыя пляцоўкі з запрашэннем лідараў раённых і гарадскіх грамадскіх аб’яднанняў, удзельнічаюць у флэш-мобах, ствараюць кантэнт для школьных сацыяльных сетак.

У Дзень настаўніка вучні 9—11 класаў акунуліся ў прафесію педагога. Юныя настаўнікі пісалі планы-канспекты, стваралі прэзентацыі, адточвалі аратарскае майстэрства. Важна, што расклад заняткаў, абавязкі часовай адміністрацыі, дзяжурных настаўнікаў былі максімальна набліжаны да работы сапраўдных педагогаў. Эфектыўная падрыхтоўка да ўрокаў, жаданне зацікавіць вучняў пачатковых класаў і адказнасць перад любімымі настаўнікамі сталі падмуркам яркіх, эмацыянальных вучэбных заняткаў, з аднаго боку, і апраўданага даверу — з другога. Часовы дырэктар, вучань 10 “А” класа Мікалай Сікорскі, быў цалкам задаволены згуртаванасцю свайго калектыву і праяўленым майстэрствам.

Нельга не адзначыць, што актывісты школьнага клуба юных журналістаў “Красадзён” пераможцы гарадскіх конкурсаў па журналістыцы Валерыя Ляўковіч і Аліна Наджары правялі семінар “Падарожжа дылетанта”, дзе падзяліліся ўражаннямі ад удзелу ў VI фестывалі дакументальнага кіно краін СНД “Еўразія.DOC”. Цэнтральныя тэмы — 80 гадоў з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 75 гадоў з дня завяршэння Нюрнбергскага трыбунала над нацызмам, 60 гадоў з першага палёту чалавека ў космас і іншыя знакавыя падзеі сусветнага маштабу. Дзяўчаты як лепшыя выпускніцы школы журналістыкі “Май­стэрня BY-RU” пры БДУ па запрашэнні грамад­скага аб’яднання “Беларускі саюз журналістаў” наведалі мерапрыем­ствы фестывалю і ў Смаленску (даспадобы прыйшлася аглядная экскурсія па горадзе, сустрэчы са знакамітымі журналістамі і дзея­чамі культуры, мастацтва), і ў Мінску.

Далучэнню навучэнцаў да сацыяльна значнай дзейнасці, фарміраванню іх актыўнай грамадзянскай пазіцыі спрыя­е ў­дзел у мерапрыемствах, прысвечаных дзяржаўным і культурным святам, юбілейным і памятным датам у жыцці раёна, сталіцы, краіны. Так, шчырыя патрыёткі настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Уладзіміраўна Сапега і настаўніца гісторыі Вольга Канстанцінаўна Новікава з пачатку навучальнага года распрацавалі ролевую мадэль арганізацыі шостага школьнага дня “Дзеці роднай Беларусі” — пляцоўку для развіцця нацыя­нальнай самасвядомасці навучэнцаў, пачуцця патрыятызму, гордасці за родную краіну, далучэння моладзі да беларускай культурнай спадчыны.

Структурнымі кампанентамі мадэлі арганізацыі шостага школьнага дня выступаюць зададзеныя сацыяльныя ролі: экс­курсаводы (на базе школы дзейнічае музей М.Ф.Гастэлы), этнографы (створаны этнаграфічны куток), журналісты, бібліятэкары (рэалізоўваецца сумесны міжнародны праект з дзіцячай бібліятэкай № 8 Мінска), спецыя­лісты па сувязях з грамадскасцю. Ролевая мадэль прадугледж­вае адказнасць пэўных вучняў, у залежнасці ад выбранай са­цыяльна-прафесійнай ролі, за пэўнае мерапрыемства, яго форму і змест. Распрацаваная мадэль хутка будзе прадстаўлена на VIII Рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня.

Праз нацыянальнае ўсве­дамляецца і спасцігаецца агульначалавечае. Кожны, хто працуе ў школе, марыць, каб моладзь магла не толькі атрымліваць адукацыю, але і рэалізаваць сябе як асобу, грама­дзяніна, прафесіянала. Марыць мала, таму мы дзейнічаем, не баючыся надаць вучням паўнамоцтвы, заахвочваючы іх да праяўлення канструктыўнага лідарства, рэалізацыі ідэй. Сёння яны нашы вучні, заўтра — будучыня краіны. Дык няхай яна будзе квітнеючай!

Галіна ГУЗОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 21 імя М.Ф.Гастэлы.