Лета ў промнях здароўя і пазітыву

Летнія канікулы — выдатная пара для школьнікаў, але турботная для іх бацькоў. Кожны хоча, каб лета для яго дзіцяці прайшло бяспечна і з карысцю для здароўя. Як адзін з відаў такога адпачынку для сваіх сыноў і дачок  многія выбіраюць аздараўленчыя лагеры з кругласутачным знаходжаннем дзяцей.

Загарадны лагер — сапраўды выдатнае рашэнне. Бацькі могуць быць упэўнены, што для дзіцяці прадугледжана ўсё неабходнае: паўнавартаснае гарачае харчаванне, развіццёвыя заняткі, азда­раўленне і актыўны адпачынак на свежым паветры пад наглядам педагогаў. У Віцебскім раёне з 15 чэрвеня ў рамках аздараўленчай кампаніі свае дзверы для дзяцей адчыніў азда­раўленчы лагер “Прамень” аддзела па адукацыі Віцебскага раённага выканаўчага камітэта. Лагер знаходзіцца ў сасновым бары, на маляўнічым беразе возера Шэвіна.

Актыўная работа па падрыхтоўцы лагера да летняй аздараўленчай кампаніі ажыццяўлялася пад кіраўніцтвам начальніка аддзела па адукацыі Віцебскага райвыканкама Вольгі Трублоўскай і кіраўніка Віцебскага раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Вольгі Разанавай. Пачынаючы з красавіка былі праведзены рамонты ў спальных карпусах, абноўлены харчаблок, добраўпарадкавана тэрыторыя, абсталявана новая танцавальная пляцоўка, набыта ўсё патрэбнае для паўнавартаснага функцыянавання лагера. Вялікая ўвага была ўдзелена забеспячэнню кваліфікаванымі кадрамі. Традыцыйна ў Віцебскім раёне ў загарадныя лагеры выяз­джаюць працаваць прадстаўнікі школ. Не стала выключэннем і гэтае лета. У “Прамень” на першую змену адправілася каманда Кастрычніцкай сярэдняй школы Віцебскага раёна. Вопытныя педагогі на чале з намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Алесяй Кучынскай арганізоўваюць работу з дзецьмі, а работнікі харчаблока і тэхнічныя работнікі забяспечваюць здаровае харчаванне і чысціню. Вядома ж, немагчыма было абысціся без дапамогі шэрага іншых службаў, асабліва цесны кантакт быў наладжаны з Віцебскім занальным цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі, Віцебскім раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях. Бяспеку дзяцей і работнікаў кругласутачна ахоўваюць два супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС Віцебска. На першай змене ў “Прамені” аздараўліваюцца 126 дзяцей ва ўзросце ад 6 да 16 гадоў. Больш за 80 нашых выхаванцаў з прыёмных, апякунскіх сем’яў і дзіцячых дамоў сямейнага тыпу Віцебскага раёна. Такім дзецям адзін раз за лета прадастаўляецца бясплатная пуцёўка, але боль­шасць з іх па дамоўленасці з законнымі прадстаўнікамі плануюць вярнуцца ў “Прамень” і на другую змену. Пэўныя карэктывы ўнесла эпідэмічная сітуацыя. Змена праходзіць у закрытым рэжыме: пабочныя асобы на тэрыторыю не заходзяць, таксама выключаны сустрэчы дзяцей з бацькамі. Перад адкрыццём лагера ўсе работнікі прайшлі пяцідзённую самаізаляцыю і на працягу ўсёй змены не пакідаюць тэрыторыю, нават у свае выхадныя дні. Збірацца разам усім выхаванцам гэтак жа не даво­дзіцца, мерапрыемствы праводзяцца паатрадна. Але нягледзячы на некаторыя абмежаванні, у лагеры дзецям не стала менш цікава, чым раней. У адпаведнасці з грамадзянска-патрыятычным кірункам першай змены, тут ладзяцца і конкурс патрыятычнай песні, і выпуск баявога лістка, і конкурс самаробных вырабаў “Гісторыя слаўных перамог”, і мноства іншых мерапрыемстваў, прысвечаных 75-годдзю Вялікай Перамогі. Рыхтуючы і праводзячы іх разам са сваімі выхаванцамі, педагогі прывіваюць дзецям гордасць за мужнасць, за велізарныя подзвігі і самаахвяраванне народа, дапамагаюць будучаму пакаленню берагчы памяць, перадаючы яе нашчадкам, праносячы праз час бязмерную ўдзячнасць. Дзяцей заўсёды прывабліваюць квесты на розную тэматыку, такія як гульня па станцыях “Сцежка даверу”, гульня-падарожжа “Дарога пераможцаў”, гульня-спаборніцтва “Ваенізаваная эстафета”, турысцка-спартыўная гульня “Шлях да вяршыні”. Варта адзначыць, што такая форма работы дазваляе раз’яднаць атрады ў часе і прасторы, пры гэтым весела і цікава арганізаваць вольны час дзяцей. Адметныя квесты яшчэ і тым, што ў калектыўнай справе задзейнічаны ўвесь атрад, ніхто не застаецца ўбаку і не сумуе, кожнае дзіця можа раскрыць сваю індывідуаль­насць, праявіць веды і кемлівасць, прадэманстраваць выдатную фізічную падрыхтоўку і волю да перамогі.

У рамках кірунку экалагічнага выхавання на тэрыторыі лагера распрацавана “Экалагічная сцежка”. Вандруючы па ёй, дзеці на практыцы знаёмяцца з разнастайнасцю расліннага свету сваёй малой радзімы — у гэтым ім дапамагаюць прымацаваныя таблічкі з назвай, сямействам і родам кожнай канкрэтнай расліны, а таксама разам з педагогамі вывучаюць і засвойваюць багатую даведачную інфармацыю. Адзін з участкаў сцежкі прысвечаны лекавым раслінам. Тут можна даведацца не толькі пра назвы раслін, але і пра іх карысныя ўласцівасці. Такая форма арганізацыі вольнага часу, дзякуючы візуалізацыі, дапамагае дзецям лепш запомніць, а ў далейшым распазнаць разнастайныя расліны.

Не забыліся педагогі і пра мастацкія захапленні выхаванцаў. На працягу ўсёй змены ў атрадах праводзяцца конкурсы малюнкаў, вырабаў з прыроднага матэрыялу, нала­джаны выпуск агітацыйных лісткоў і газет на розную тэматыку. Лепшыя работы ў канцы змены будуць прадстаўлены на імправізаванай выставе. У вячэрні час ладзяцца культурна-забаўляльныя праграмы на адкрытым паветры. Дзеці спаборнічаюць у конкурсах песень і вершаў, робяць інсцэніроўкі казак, удзельнічаюць у віктарынах, нават расказваюць анекдоты. А міс і містар “Прамень” зараз ёсць у кожным нашым атрадзе.

Не засталіся ўбаку ад спраў летніка і інструктары па фізічнай культуры. Штодня ў лагеры адбываюцца захапляючыя спартыўныя конкурсы, спаборніцтвы і эстафеты. Адной з асаблівасцей лагера “Прамень” з’яўляецца наяўнасць уласнага абсталяванага пляжа на беразе возера. З мэтай арганізацыі бяспечнага купання выхаванцаў перад пачаткам купальнага сезона вадалазамі Віцебскай выратавальнай станцыі праведзены абследаванне і ачыстка дна ў межах акваторыі. Цяпер у гарачыя сонечныя дні выхаванцы лагера не толькі прымаюць сонечныя ванны, але і з асалодай купаюцца ў возеры. Пасля ўсіх гульняў і водных працэдур у сталовай дзяцей чакае смачнае і здаровае харчаванне. Меню разлічана на тры ўзроставыя групы дзяцей і складаецца на кожны дзень з улікам прыкладнага рацыёну з мэтай выканання натуральных норм. Кухары добрасумленна выкон­ваюць сваю работу, а лепшае пацвярджэнне гэтага — пустыя талеркі пасля кожнага прыёму ежы. Абе­дзенная зала ў лагернай сталовай можа за адзін раз змясціць усіх выхаванцаў, але і тут унесены карэктывы, харчаванне таксама арганізавана паатрадна.

Гаючае паветра сасновага бору, купанне ў чыстым лясным возеры, збалансаванае пяціразовае харчаванне, выдатны настрой, магчымасць праявіць і развіць свае таленты ў розных мерапрыемствах дазваляюць дзецям бяспечна і цікава праводзіць час у асяроддзі сваіх аднагодкаў, набірацца сіл і здароўя на наступны навучальны год, назапашваць яркія пазітыўныя ўражанні, набываць новыя веды і сяброў.

Юлія ЦЯРЭШЧАНКА,
начальнік ДАЛ “Прамень”, дырэктар Кастрычніцкай сярэдняй школы Віцебскага раёна.