Лета ў дазоры

Як правесці лета так, каб было цікава і карысна? Запрашаем пабываць разам з намі ў профільным лагеры “Дарожны дазор”.

Нягледзячы на складаную эпідэміялагічную абстаноўку, жадаючых адпачыць у летнім азда­раўленчым лагеры дзённага знаходжання на базе Ахрэмаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Браслаўскага раёна аказалася нямала. Бацькі, адпраўляючы сваіх дзяцей у лагер, упэўнены, што там яны адпачнуць, набяруцца сіл, аздаровяцца, будуць добра накормлены і, галоўнае, знаходзіцца ў бяспецы. А дзеці перакананы, што ў лагеры правядуць час весела і цікава.У гэтым годзе аздараўленчы лагер меў сацыяльна-педагагічную накірава­насць. Змена была звязана з паглыбленым вывучэннем правіл дарожнага руху: у цесным супрацоўніцтве з ДАІ Браслаўскага РАУС мы рэалізоўвалі праграму аб’яднання па інтарэсах “Юныя інспектары руху”. Мэта тэматычнай змены лагера “Дарожны дазор” — стварэнне ўмоў для духоўна-маральнага, сацыяльнага, фізічнага аздараўлення дзяцей, фарміравання ў іх адказных паводзін на дарозе праз гульнявую дзейнасць; мэтавая аўдыторыя — навучэнцы ва ўзрос­це 9—13 гадоў.

Чаму выбралі менавіта такую тэматыку? Чаму мы лічым гэта актуальным? З кожным годам колькасць аўтамабіляў на дарогах расце, рух становіцца ўсё больш інтэнсіўным. У ДТЗ на дарогах краіны ў мінулым годзе 19 дзяцей загінулі, 418 дзяцей атрымалі траўмы. Таму жыццёва неабходна фарміраваць у дзяцей свядомае і адказнае стаўленне да пытанняў асабістай бяспекі і бяспекі ўдзельнікаў дарожнага руху, пашыраць сістэму ведаў і практычных навыкаў бяспечных паводзін на дарогах. Дзякуючы праграме ЮІР, дзеці не проста знаёмяцца з правіламі дарожнага руху, але і вучацца прапагандаваць бяспечныя паводзіны на дарозе сярод аднагодкаў. У адпаведнасці з гэтым была створана гульнявая канцэпцыя лагера. Тэрыторыя школы на час першай змены ператварылася ў краіну дарожных знакаў. Нават усе ўказальнікі, якія вядуць у лагер, набылі іх выгляд. Дарожная сімволіка, плакаты па ПДР, тэматычныя лісткі ўпрыгожылі гульнявую. Усе выхаванцы лагера на 18 дзён станавіліся членамі атрада ЮІР. Кожная каманда атрымлівала дзённік “18+ добрых спраў юіраўцаў”, у якім па вечарах падчас рэфлексіі дзейнасці павінна была занатоўваць карысныя і добрыя справы дня. Акрамя таго, удзельнічаючы і перамагаючы ў конкурсах, выхаванцы атрымлівалі асабістыя знакі адрознення “Разумнік атрада ЮІР” або “Разумніца атрада ЮІР”, выкананыя ў выглядзе папераджальнага дарожнага знака з літарай У. Тыя, у каго такіх узнагарод назапасілася больш, чым у астатніх, у канцы лагернай змены атрымалі званні “Містар “Дарожны дазор” і “Міс “Дарожны дазор”.

Кожны дзень лагера быў тэматычны. Вядома ж, асноўная тэматыка была непасрэдна звязана з правіламі бяспечных паводзін на дарозе. Паспяхова прайшлі дні, прысвечаныя падарожжам па ПДР, дарожным знакам, святлафорным навукам, рэгуліроўшчыкам, веласіпедыстам, юным аўтамабілістам, дарожнай акадэміі, знаўцам ПДР, прафілактыцы дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму, дарожнай азбуцы, пешаходам, юным інспектарам руху, бяспечнай дарозе, і Дню Памяці. У сучасных умовах вельмі важна захаваць здароўе кожнага выхаванца, таму раніца пачыналася з хвілінкі здароўя, прысвечанай правілам здаровага ладу жыцця і прафілактыцы інфекцый. Тэматыка была самая разнастайная: “Чыстыя рукі — твая абарона”, “Калі дапаможа маска”, “Вірусы і мікробы: як засцерагчыся?”, “Хваробу лягчэй папярэдзіць”, “Выконвайце простыя правілы!”, “Разбураючы міфы пра каранавірус”, “Гігіена цела і адзення”, “Здаровы чалавек — здаровая нацыя”, “Калі хочаш быць здаровым”, “Гаворым здароўю — так!”. Формы правядзення мы таксама стараліся разнастаіць, каб дзецям было цікава і пазнавальна. Так, былі арганізаваны міні-лекцыі, віктарыны, інтэрактыўныя гульні, сустрэчы з героямі мультыплікацыйных фільмаў, прэзентацыі, навучальныя відэаролікі. Надвор’е спрыяла таму, каб большую частку часу выхаванцы праводзілі на свежым паветры, а не ў памяшканні. Праводзіліся розныя спартыўныя мерапрыемствы з мэтай фізічнага развіцця выхаванцаў, прывіцця навыкаў здаровага ладу жыцця і згуртавання калектыву, напрыклад: спартыўная праграма “Усе гульні ў госці да нас!”, спартыўная эстафета па ПДР “Зялёны агеньчык”, вясёлыя старты “У здаровым целе — здаровы дух”, спартыўныя спаборніцтвы “Вясёлая велаэстафета”, “Я — юны інспектар руху”, “Аўтапрабег па краіне дарожных знакаў”, спаборніцтвы па міні-футболе, спартыўны турнір “Рабі з намі, рабі, як мы, рабі лепш за нас”, першынство лагера па розных відах спорту “Рэкорды “Дарожнага дазору”, літаратурна-спартыўны калейдаскоп “Не губляем ні хвіліны, быць здаровым — гэта крута”, спартакіяда “Малыя Алімпійскія гульні”, спартыўныя гульні на свежым паветры “О спорт — ты свет!”. Разнастайнымі і цікавымі былі і мерапрыемствы па навучанні правілам дарожнага руху: віктарына па ПДР “Падарожжа па краіне Святлафорыі”, інтэрактыўныя гульні “У краіне дарожных знакаў”, “Вясёлае скрыжаванне”, трэнінг “Я — рэгуліроўшчык”, інтэлектуальны турнір “Свая гульня” пад назвай “Ведай правілы руху, як табліцу множання”, турнір па ПДР “Бяспечнае кола”, інтэлектуальныя турніры “Юны аўтамабіліст”, “Дарожная азбука”, “Дарожная акадэмія”, конкурсная праграма па ПДР “Разумнікі і разумніцы”, гульні-віктарыны “Знаўцы ПДР”, “Знаўцы дарожных навук”, “Дарога памылак не даруе”, інтэлектуальная гульня па ПДР “Слабае звяно”, інтэрактыўныя заняткі “Бяспечная дарога ў школу”. Менавіта ў гэтых конкурсах выхаванцы і зараблялі знакі разумнікаў і разумніц.

Штодня ў лагеры рэалізоўвалася праграма ЮІР. Усяго адбылося 18 заняткаў, дзе вывучаліся такія тэмы, як “Пешаход, яго абавязкі, правілы паводзін”, “Дарожныя знакі і іх прызначэнне”, “Транспарт, яго класіфікацыя і прызначэнне”, “Аказанне першай даўрачэбнай дапамогі пацярпелым у дарожна-транспартных здарэннях”, “Фігурнае кіраванне веласіпедам”.

Якія ж карысныя справы былі рэалізаваны ў лагеры? Што выхаванцы запісалі ў дзённік “18+ добрых спраў юіраўца”? У першую чаргу гэта сумесныя з ДАІ акцыі “Увага, дзеці!” і “Прытармазі! 30!” з раздачай лістовак вадзіцелям, акцыя ў яслях-са­дзе “Без крэсла не паеду”, флэш-моб “Мы за бяспеку на дарогах!”, вядзенне старонкі супольнасці “Дарожны дазор” у сацсетцы “УКантакце”, арганізацыя там апытання па правілах дарожнага руху, аперацыя “Абеліск”, мітынг і ўскладанне кветак да воін­скага пахавання № 4045 і інш. Запомнілася дзецям і жыхарам аграгарадка акцыя па навядзенні парадку на аўтобусным прыпынку і нанясенні на яго тэматычных малюнкаў па прапагандзе бяспекі дарожнага руху. Спонсарам дадзенага мерапрыемства стаў філіял Віцебскаблдарбуда “Браслаўскае ДРБУ-142”. Таксама дзякуючы браслаўскім дарожнікам, быў абноўлены школьны інвентар для фігурнага ваджэння веласіпеда. Самай яркай падзеяй лагера “Дарожны дазор”, без сумненняў, можна назваць агляд-конкурс “Лепшы юіравец лагера — 2020”. Выхаванцы спаборнічалі ў фігурным ваджэнні веласіпеда, праходзілі тэсціраванне на камп’ютары па ПДР і аказанні першай медыцынскай дапамогі. Суддзёй спаборніцтваў стаў старшы інспектар ДАІ РАУС Анатоль Баравік. Граматы і салодкія прызы былі прадастаўлены таксама ДАІ Браслаўскага РАУС. Падводзячы вынікі першага этапу летняй аздараўленчай кампаніі, можам смела сказаць, што канцэпцыя профільнага лагера “Дарожны дазор” бачыцца ўдалай і перспектыўнай. Наш аздараўленчы лагер садзейнічаў выхаванню ўзорных удзельнікаў дарожнага руху, засваенню імі навыкаў бяспечных паводзін на вуліцы і дарозе, прывіццю навыкаў здаровага ладу жыцця, згуртаванню дзіцячага калектыву праз сумесныя творчыя справы, развіццю творчага патэнцыялу выхаванцаў, авалоданню сучаснымі метадамі сацыяльна-прафілактычнай дзейнасці (трэнінгі, флэш-моб, стварэнне супольнасці ў сацсетках), спрыяў развіццю сацыяльнай актыўнасці дзяцей, фарміраванню ў іх актыўнай грамадзянскай пазіцыі праз удзел у сумесных акцыях з супрацоўнікамі ДАІ, папулярызацыі юіраўскага руху як сродку выхавання ўзорнага ўдзель­ніка дарожнага руху. Трэба сказаць, што членамі атрада ЮІР, які існуе ў школе больш за 10 гадоў, пасля завяршэння аздараўленчай змены захацелі стаць больш за палову ўсіх выхаванцаў.

Алена АРЦІМОВІЧ,
намеснік начальніка аздараўленчага лагера “Дарожны дазор”, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “ЮІР” Ахрэмаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Браслаўскага раёна.