LEGO–канструяванне для развіцця маўлення

Дзяцінства — гэта ўзрост гульні. Таму мы будуем адукацыйны працэс такім чынам, каб гульня стала развіццёвым і карыгіруючым сродкам. У сваёй рабоце я выкарыстоўваю як традыцыйныя методыкі навучання, так і сучасныя педагагічныя тэхналогіі. Адным з такіх інавацыйных канструктыўна-гульнявых сродкаў з’яўляецца вучэбны канструктар LEGO.

LEGO-тэхналогія ўяўляе сабой сукупнасць прыёмаў і спосабаў канструявання, накіраваных на рэалізацыю канкрэтнай адукацыйнай мэты праз сістэму спецыяльна прадуманых заданняў, з разнастайных кан­структараў. LEGO-канструяванне — выдатны сродак развіцця маўлення ў дзяцей з яго парушэннямі. На пачатковых этапах работы надаю вялікае значэнне фарміраванню арыенціроўкі ў заданні. Важна, каб дзіця разумела, што я яму кажу і прапаную зрабіць. На гэтым этапе не прыцягваю ўвагі выхаванца да якасці яго маўлення: неабходна заахвочваць і стымуляваць любыя праяўленні маўленчай актыўнасці. Паступова з дапамогай паслядоўных дзеянняў фармірую плануючую функцыю маўлення. Прагаворваючы свае дзеянні, наглядна тлумачу, як правільна адказваць на пытанні, расказваць аб прадмеце або дзеянні. Затым плаўна пераходзім да адлюстраванага або звязанага маўлення, каб дзіця вучылася рэалізоўваць сваю маўленчую прадукцыю, набліжаючыся да нормы. Калі выхаванец навучыцца планаваць і прайграваць сваё выказванне, звяртаю яго ўвагу на тое, як ён гэта зрабіў, каб навучыць шукаць памылкі і самастойна іх выпраў­ляць. Так мы фарміруем самую складаную прыступку маўленчай дзейнасці — кантроль за ўласнай маўленчай прадукцыяй.

Выкарыстоўваю LEGO пры падрыхтоўцы дзяцей да навучання пісьменнасці. У пачатку работы выхаванцы засвойва­юць тэрмін “гук” без адрознівання галосных і зычных гукаў, знаёмяцца з LEGO-чалавечкам у чорным гарнітуры. Пазней уво­дзяцца галосныя гукі, і я знаёмлю дзяцей з чалавечкамі ў чырвоных касцюмах. Далей уводзяцца зычныя гукі. Цвёрдыя зычныя — чалавечкі ў сініх касцюмах, мяккія зычныя — у зялёных. Для вызначэння звонкасці-глухасці гукаў задзейнічаны сыпучыя матэрыялы (бісер і пясок), якія змяшчаюцца ў цела чалавечка. Пагуляўшы некалькі разоў, дзеці пераста­юць блытаць галосныя і зычныя, звонкія і глухія гукі. Выкарыстанне LEGO-чалавечкаў дапамагае ў рабоце па аналізе і сінтэзе складоў. Напрыклад, гук “О” прыйшоў у госці да гука “М”. Яны сталі побач і атрымаўся склад “ОМ”. Дзіцяці задаюцца пытанні: “Колькі ўсяго гукаў сябруюць?”, “Які гук першы?”, “Які гук другі?”, прапануецца вызначыць галосны і зычны гукі. Выхаванец адказвае, гуляючы з LEGO-чалавечкам, а не з фішкамі. Пры складанні схемы слова, знаходжанні гука ў слове мы таксама выкарыстоўваем LEGO-чалавечкаў у спалучэнні з цаглінкай 2´4. Пад малюнкам дзіця кладзе цаглінку любога колеру і прымацоўвае чалавечка ў тое месца на цаглінцы, дзе чуецца гук: у пачатку, сярэ­дзіне ці канцы слова. Калі дзіця бачыць перад сабой LEGO-чалавечкаў, з якімі яно гуляе, то работа над гукавым аналізам складоў і слоў праходзіць у цікавай для яго гульнявой форме, што спрыяе лепшаму засваенню матэрыялу. У рабоце над маўленнем дадаюцца цаглінкі жоўтага колеру розных памераў і кубік чорнага колеру 2´2 — гэта спрыяе засваенню прыназоўнікаў. Таксама ў сваёй практыцы выкарыстоўваю LEGO для лепшага запамінання дзецьмі вобраза літары. Пры знаёмстве з новай літарай прапаную загадку. Адгадку (літару) выхаванцы выкладваюць на планшэце з дапамогай канструктара. LEGO-канструяванне прымяняю і пры пастаноўцы гукаў, і ў працэсе дыягностыкі, і пры правядзенні артыкуляцыйнай гімнастыкі. Тут мы зноў задзейнічаем чалавечка. Дзіцяці прапануюцца заданні для гімнастыкі, у ходзе выканання якіх мяняюцца твары чалавечкаў. Добрыя вынікі ў карэкцыйнай рабоце даюць практыкаванні, якія сумя­шчаюць элементы пальчыкавай гімнастыкі і пабудовы з канструктара.

Практыка маёй работы паказала, што LEGO-канструяванне з’яўляецца дзейсным сродкам навучання, дыягностыкі і актывізацыі маўлення дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту з парушэннямі маўлення. Развіццё маўлення ў гэтай групе выхаванцаў шляхам LEGO-канструявання эфектыўна толькі ў тым выпадку, калі яно будзе ўяўляць сабой мэтанакіраваны працэс, падчас якога вырашаецца шэраг прыватных педагагічных задач, накіраваных на дасягненне канчатковай мэты. Такім чынам, прымяненне LEGO-канструявання ў рабоце педагога-дэфектолага дазваляе ў гульнявой форме дасягнуць устойлівай станоўчай дынамікі ў карэкцыі, навучанні і выхаванні дзяцей.

Вольга КАЛЯГА,
настаўнік-дэфектолаг першай кваліфікацыйнай катэгорыі ясляў-сада № 1 Докшыц.