Кубак Палесся — 2016

Юбілейны XXV адкрыты фестываль па інтэлектуальных гульнях “Кубак Палесся — 2016” адбыўся на базе Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі.

У фестывалі прынялі ўдзел 39 каманд з Гомеля, Брэста, Віцебска і Мінска. На адзін з найстарэйшых інтэлектуальных турніраў Беларусі сабралася больш за 200 чалавек.

За кубак змагаліся і зоркі тэлевізійных інтэлектуальных гульняў “Што? Дзе? Калі?” і “Брэйн-рынг” Сяргей Буян, Сяргей Капуснікаў, Дзмітрый Шпак, Павел Малецкі, Аляксей Палявы, Марыя Араноўская, Юрый Ермакоў і іншыя.Пераможцаў вызначалі ў трох заліках — студэнцкім, маладзёжным і школьным — па пяці відах гульняў: “Мазгавы штурм”, “Свая гульня”, “Свяшчэнная карова”, “Свечачны заводзік”, “Што? Дзе? Калі?”. Сюрпрызам да юбілею конкурсу стала новая гульня “Свечачны заводзік”, правілы якой удзельнікі даведаліся перад самым пачаткам: ім неабходна было выбраць правільны адказ на пытанне з прапанаваных варыянтаў. Пытанні “Мазгавога штурму” былі звязаны з праваслаўнай тэматыкай. Пераможцам у гэтай інтэлектуальнай гульні стала каманда “ПАрк і Сон” з Мазыра.

У двухдзённай напружанай барацьбе пераможцам турніру і ўладальнікам вялікага кубка ў маладзёжным заліку стала гомельская каманда Алега Кажадуба, а ў студэнцкім — сталічная каманда “Бледнасць Леніна”.

Уладзімір АЛЕКСАНДРОНЕЦ,
загадчык аддзела па рабоце з дзіцячымі і маладзёжнымі арганізацыямі
Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі.