Крыніца талентаў

На базе Парэцкай сярэдняй школы Гродзенскага раёна пяты год працуе аб’яднанне па інтарэсах “Крынічка”. 

Пачыналі як літаратурны клуб, пазней, арыентуючыся на запыты з боку дзяцей і бацькоў, далучылі і іншыя кірункі. Цяпер гэта тэатралізацыя, майстэрня чароўнага пэндзліка, майстэрня чароўных ручак, беларускія народныя і аўтарскія казкі і гульні, літаратурныя гасцёўні. Па гэтых напрамках арганізоўваецца і экскурсійная дзейнасць. Дзеці з задавальненнем наведваюць тэатры, музейныя заняткі, якія вядуцца на рускай і беларускай мовах. Мы сталі сапраўднымі сябрамі з супрацоўнікамі дома-музея М.Багдановіча ў Гродне. Не раз чулі ад іх словы павагі і ўдзячнасці за наша захапленне роднай мовай і добрыя веды.

Займаючыся ў майстэрнях чароўных ручак і чароўнага пэндзліка, дзеці развіваюць фантазію, творчае ўяўленне, успрыманне, дробную маторыку рук. Тэатралізацыя дапамагае пазбавіцца стрэсу, пасябраваць са сваім целам, вучыць праяўляць разнастайныя эмоцыі. Мы ставім музычныя спектаклі на рускай і беларускай мовах. На сцэне дзеці не толькі даюць выхад сваёй энергіі, але і набываюць пэўны вопыт, веды і, безумоўна, атрымліваюць задавальненне.

Далучаемся да вытокаў роднай мовы, гісторыі, традыцый праз вывучэнне народных і аўтарскіх казак. Ствараем да іх рэпрадукцыі, інсцэніроўкі. З радасцю выкарыстоўваем настолкі Н.А.Галко, таленавітай настаўніцы з Мінска: “Падарожжа па Беларусі”, “Усяму свой час”, “Што за ў?”, “У горадзе”, “Нашы кветкі” і інш. Яны пашыра­юць слоўнікавы запас па розных тэмах, дапамагаюць у развіцці чытацкіх уменняў, увагі, лагічнага і творчага мыслення. Таксама прыйшліся даспадобы навучэнцам рухавыя гульні. Абавязкова прапаную дзецям народныя: “Дзед Мазаль”, “Шуляк”, “Агароднік” і г.д. Ствараю і свае ўласныя гульні. Сярод іх, напрыклад, гульня “Мужык”, якая развівае кемлівасць, рухавасць, хуткасць, спрыт. 

У літаратурных гасцёўнях завочна сустракаемся з майстрамі мастацкага слова: У.Ліпскім, І.Муравейкам, Р.Барадуліным, К.Чукоўскім, 

А.Барто і інш. Цёпла і натхнёна прайшла рэальная сустрэча з паэтамі Гро­дзеншчыны. Гэта так важна — робячы першыя пробы пяра, мець магчымасць пераняць вопыт сапраўдных пісьменнікаў.

Вынікі работы “Кры­нічкі” задавальняюць і дзяцей, і бацькоў. Наведвальнікі аб’яднання і нават яго выпускнікі рэгулярна прымаюць удзел у розных конкурсах. У нашай скарбонцы ёсць дыпломы раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Напрыклад, у мінулым навучальным годзе работа сям’і Аляксея Ягорава на рэспубліканскім этапе конкурсу “Скарбы маёй сям’і” была адзначана дыпломам ІІІ ступені.

Хай бруіцца доўгія гады наша “Крынічка”, хай маленькія раўчукі здольнасцей маіх выхаванцаў аб’ядноўваюцца ў магутную раку таленавітай моладзі Беларусі.

Ларыса ГАНЧАРОВА, 
настаўніца пачатковых класаў Парэцкай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.