Круці педалі

“Круці педалі” — такі просты выраз, а колькі радасці гэта прыносіць выхаванцам дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 58 Гродна. Катанне на веласіпедзе — адзін з самых любімых дзіцячых заняткаў на свежым паветры.

Акрамя таго, веласіпеды з’яўляюцца галоўнымі саюзнікамі бацькоў, якія клапоцяцца пра здароўе дзяцей. Пра здароўе дзяцей клапоцяцца не толькі бацькі, але і педагогі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 58 Гродна. Штогод з дзецьмі праводзяць фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы: забавы па правілах дарожнага руху, экалагічныя забегі, сямейныя велапрабегі, дні здароўя — і ўсё гэта з веласіпедамі і самакатамі.

Калі раніца новага дня пачынаецца з таго, што “ўезд” у дашкольны цэнтр толькі на любімым транспарце (скутар, веласіпед, дзіцячая каляска або машына на вяровачцы) — гэта значыць, што выдатны настрой гарантаваны дзецям і іх бацькам на цэлы дзень. Цёплыя дні ў дашкольным цэнтры абавязкова пачынаюцца з вела­прабегу. Дзеці атрымліваюць асалоду ад працэсу заваявання веласіпедных трас, ім падабаецца хуткасць і яркія эмоцыі. Дзякуючы велапрабегам, дзеці вучацца сябраваць, дапамагаць адно аднаму і набываюць аўтарытэт у групе аднагодкаў. Яшчэ адна перавага велапрабегаў — удасканаленне фізічнай формы і павелічэнне вынослівасці дзіцячага арганізма.

Напярэдадні летніх канікул на пляцоўцы па правілах дарожнага руху штогод збіраюцца дзеці на асабістым транспарце, каб успомніць правілы паводзін на дарозе. Кіраўнікі фізічнага выхавання Вольга Руткевіч, Алена Бычок, Юлія Горбач з дапамогай абмундзіравання і атрыбутаў ператвараюцца ў сапраўдных ін­спектараў дарожнага руху, каб у гульнявой форме вучыць юных удзель­нікаў правілам паво­дзін на вуліцы і ўдасканальваць навыкі язды на веласіпедах і самакатах. Разам з “інспектарамі” дзеці вывучаюць сігналы святлафора, вучацца правільна паводзіць сябе на вуліцы і быць уважлівымі пешаходамі. Найважнейшая роля ў прафілактыцы дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму належыць дарослым, у тым ліку і педагогам, якія павінны дапамагчы дзецям стаць больш дысцыплінаванымі пешаходамі і няўхільна выконваюць правілы дарожнага руху.

Спартыўныя забавы “Вясёлыя старты на веласіпедах”, “Усе на велапрабег!” дапамагаюць дзецям удасканальваць навыкі язды на веласіпедзе. Вясёлыя старты “Па роўненькай дарожцы”, “Васьмёрка”, “Хто прыедзе першым”, “Перавязі на буксіры” павышаюць вынослі­васць, умацоўваюць здароўе, мышцы і паляпшаюць апетыт дзяцей.

У красавіку педагогі, бацькі і выхаванцы дашкольнага цэнтра, як і многія беларусы, далучыліся да сусветнай акцыі “30 дзён на веласіпе­дзе”. У рамках красавіцкай экалагічнай акцыі арганізавалі фотаконкурс “Круці педалі”, у якім у залік ідуць сямейныя фота на любым велатранспарце, а з улікам пандэміі нават фота на дамашнім велатрэнажоры. Пад дэвізам “На веласіпедзе ў Дзень Зямлі” правялі не менш значнае мерапрыемства: з уключаным веласіпедным сігналам (званком) ехалі на веласіпедах і самакатах вакол установы (міні-марафон) са сцяжкамі і атрыбутамі свята, каб пака­заць значнасць праблемы зберажэння прыродных рэсурсаў Зямлі.

Карысць язды на веласіпе­дзе велізарная — гэта і вольны час, і фізічнае здароўе, і магчымасць падыхаць свежым паветрам. Таму не дзіўна, што так падабаецца нашым дзецям выраз “Круці педалі”.

Наталля КАЗЛОЎСКАЯ,
намеснік загадчыка дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 58 Гродна.