Краязнаўства на ўроках гісторыі і геаграфіі

Краязнаўствам я пачаў сур’ёзна займацца яшчэ студэнтам. Вывучаў сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё роднага Кармянскага раёна ў пасляваенны час, а зараз працягваю гэтым займацца сумесна з навучэнцамі ўжо ў якасці настаўніка. Вяду краязнаўчае аб’яднанне па інтарэсах.

Мы сабралі з вучнямі ўспаміны старажылаў вёскі пра культурную і гістарычную спадчыну раёна. Гэтую інфармацыю сістэматызавалі ў работах “Кухня беларусаў”, “Памятная кніга” і “Культурная спадчына”. Мы апытвалі відавочцаў значных у гісторыі вёскі і раёна падзей — Вялікай Айчыннай вайны, чарнобыльскай трагедыі.

Таксама даследавалі дэмаграфічныя працэсы: збіралі інфармацыю, вывучалі дакументы пра насельніцтва сельскага Савета, праводзілі анкетаванне. Сабраны матэрыял стаў асновай даследчай работы “Дэмаграфія Баравабудскага сельскага Савета: праблемы і пошук шляхоў іх вырашэння”. Даследчая работа “Даследаванне радыяцыйнага выпраменьвання тэрыторыі Баравабудскага сельскага Савета: праблемы і пошук шляхоў іх вырашэння” стала вынікам вывучэння радыяцыйнага выпраменьвання на тэрыторыі сельсавета.

Разам з вучнямі аднаўлялі помнікі Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі сельсавета і рабілі інтэрактыўную карту. Заканамерным працягам гэтай дзейнасці стаў удзел у канферэнцыях, конкурсах і акцыях краязнаўчай тэматыкі. Не абышлі ўвагай і экалагічныя пытанні: падтрымлівалі чысціню на мясцовых вадаёмах, займаліся пасадкай дрэў і кветак, вывучалі раслінны і жывёльны свет роднага краю, а таксама стварылі турыстычны маршрут і краязнаўчы куток у класе гісторыі і геаграфіі.

Паступова стала назапаш­вацца інфармацыя і розныя заданні па гісторыі і геаграфіі роднага краю. Не апошнюю ролю тут адыграла даследчая дзейнасць саміх навучэнцаў. Матэрыялы я пачаў выкарыс­тоўваць не толькі на занятках аб’яднання па інтарэсах і выхаваўчых мерапрыемствах, але і непасрэдна на ўроках гісторыі і геаграфіі. Асабліва  карысна выкарыстоўваць назапашаную краязнаўчую інфармацыю на выхаваўчых занятках, накіраваных на грамадзянскае, пат­рыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне. Калі ўключаецца інфармацыя з мінулага і сучаснага роднага краю, матэрыял для вучняў становіцца больш асэнсаваным, асобасным, блізкім і цікавым. Вучні прапускаюць усю інфармацыю праз свой жыццёвы вопыт, светапогляд і датыкаюцца да гісторыі, становяцца яе часткай. А прадметам найбольшай цікавасці вучняў з’яўляецца гісторыя сваёй сям’і і гісторыя таго месца, дзе яны нарадзіліся.

У рабоце з навучэнцамі стараюся вучыць іх здабываць веды шляхам даследчага пошуку. Як правіла, такія веды больш трывалыя і глыбокія, чым звесткі, здабытыя шляхам запамінання. Краязнаўчая работа дае нам пачуццё чалавечай годнасці, выклікае веру ў творчыя сілы нашага розуму, павышае самаацэнку, вучыць пераадольваць цяжкасці. Вопыт, набыты ў ходзе краязнаўчай работы, дапамагае навучэнцам у іх сацыялізацыі, у далейшай вучобе, пры напісанні даследчых або праектных работ, рэфератаў.

Падрабязней азнаёміцца з вынікамі нашай даследчай дзейнасці можна па QR-кодзе.

Аляксандр  КРАЎЧАНКА,
настаўнік гісторыі Баравабудскага дзіцячага-сада — базавай школы Кармянскага раёна.