Кожны — асоба, разам — каманда

Менавіта так адчуваюць сябе члены парламента дзяцей і навучэнскай моладзі Наваполацка. Сваю дзейнасць гэты прадстаўнічы орган пачаў у 2011 годзе. У яго склад уваходзяць актыўныя, ініцыятыўныя, рашучыя хлопцы і дзяўчаты. А высокі статус патрабуе ад іх выканання адказных задач, для чаго моладзь горада прапануе свае погляды, магчымасці, агучвае пажаданні і планы. Аснову парламента складаюць актывісты, прадстаўнікі ўсіх агульнаадукацыйных устаноў і каледжаў горада, студэнты Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У свой час у парламенце працавалі Дзмітрый Куксо, пераможца Рэспублікан­скага конкурсу “Студэнт года”, Вольга Таўпенец і Дзяніс Жукаў, пераможцы Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Лідар года”, Валерыя Вавілонская, ганаровы валанцёр Міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання “ЮніХэлп”. Але і сёлетні склад уключае выдатных актывістаў. Так, Арцём Румо, навучэнец сярэдняй школы № 4, з’яўляецца старшынёй Рэспубліканскага каардынацыйнага савета маладзёжных парламентаў краіны.

Старшыня парламента Антон Варабей асабістым прыкладам натхняе сяброў на актыўную і творчую пазіцыю. Напрамкі работы калектыву застаюцца самымі перадавымі і запатрабаванымі, а вопыт работы маладзёжнага парламента Наваполацка стаў асновай стварэння Маладзёжнай палаты пры Віцебскім абласным Савеце дэпутатаў. У 2018 годзе парламент дзяцей і навучэнскай моладзі горада над Дзвіной быў прызнаны лепшым па выніках рэспубліканскага конкурсу “Дзіцячы і маладзёжны парламент (Савет)”, які праводзіўся ў рамках глабальнай міжнароднай ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей”. Нязменным настаўнікам маладзёжнага руху з 2015 года і па сённяшні час з’яўляецца Ала Міхайлаўна Янулёнак. Будучы на адной хвалі з моладдзю, яна ўмела ажыццяўляе педагагічнае кіраўніцтва гэтым маладзёжным аб’яднаннем, за сваю выніковую працу мае шэраг узнагарод рознага ўзроўню.

 Сустрэчы маладзёжных лідараў прахо­дзяць у рэсурсным цэнтры маладзёжных ініцыятыў “Ступені”, які знаходзіцца ў Палацы дзяцей і моладзі Наваполацка. Спецыяльна абсталяванае памяшканне з усімі неабходнымі тэхнічнымі сродкамі дазваляе праводзіць сустрэчы, семінары, вечарыны, майстар-класы. Дзейнасць цэнтра дае магчымасць дзецям і падлеткам рэалізоўваць творчыя планы, развіваць лідарскія якасці, знаёміцца з асновамі прававой культуры, абмяркоўваць пытанні маладзёжнай палітыкі. Пры гэтым цэнтр працуе на прынцыпах інклюзіўнасці. У мэтах іх рэалізацыі пад кіраўніцтвам маладога спецыяліста Сяргея Янулёнка створаны інклюзіўны тэатр РАZАМ. Менавіта так, разам, на тэатральныя падмо­с­ткі выхо­дзяць удзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Школа вядучых”, актывісты парламента і дзеці з абмежаванымі магчымасцямі. Першую пастаноўку тэатр плануе прадставіць у снежні 2020 года.

Найбольш актыўна цэнтр стаў выкарыстоўвацца ў сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй. Тут заў­сёды ёсць магчымасць правесці запланаванае мерапрыемства ў фармаце анлайн. З пачатку 2020/2021 навучальнага года былі арганізаваны семінары-трэнінгі па методыцы сацыяльнага інавацыйнага праектавання для падлеткаў UPSHIFT, удзел у якім прынялі прадстаўнікі розных рэгіёнаў нашай краіны. У выніку работы па метадалогіі UPSHIFT у кастрычніку 2020 года праект настольнай гульні “У руху”, заснаванай на асноўных артыкулах Канвенцыі аб правах дзіцяці, выйграў грант ад ЮНІСЕФ. Выручаныя сродкі будуць выкарыстаны на набыццё неабходнага абсталявання. Цікавай і пазнавальнай гульнёй могуць карыстацца ўсе жадаючыя.

Маладзёжныя актывісты з’яўляюцца па­стаяннымі ўдзельнікамі творчых майстэрняў, дабрачынных акцый, працоўных дэсантаў і іншых мерапрыемстваў, якія праводзяцца сумесна з грамадскімі аб’яднаннямі і арганізацыямі горада. Парламент дзяцей і моладзі мае значную падтрымку сваёй дзейнасці з боку мясцовых улад. Моладзь у любы час можа звярнуцца да дарослых па дапамогу ў вырашэнні актуальных пытанняў. Членаў парламента запрашаюць на пасяджэнні Савета дэпутатаў, гарвыканкама, дзе яны не толькі з’яўляюцца слухачамі, але і маюць права выказваць свае меркаванні па асобных пытаннях і выступаць з ініцыятывамі.

Такім чынам, юныя парламентарыі Наваполацка з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі не толькі маладзёжнага руху, але і жыцця горада ў цэлым. Толькі ў адзінай камандзе, натхнёнай ідэямі стабільнай, моцнай, дружалюбнай будучыні, можна смела рухацца наперад, будаваць жыццё наступных пакаленняў, захоўваючы пры гэтым гісторыю і традыцыі сваіх продкаў. Побач з надзейнымі сябрамі кожны ўдзельнік папаўняе сваю асабістую скарбонку жыццёвага вопыту, творчага патэнцыялу і грамадзянскага сумлення.

Святлана АСТАШКІНА,
намеснік дырэктара Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка.