“Клас-А!” — гэта сапраўды клас!

Ужо 25 гадоў у сталічнай гімназіі № 74 паспяхова працуе ўзорны тэатр-студыя “Клас-А!”. Ён быў створаны ў 1991 годзе і аб’яднаў навучэнцаў, якіх вабіла сцэна. Такіх навучэнцаў-акцёраў, якія імкнуцца пазнаваць азы акцёрскага мастацтва, з кожным годам станавілася ўсё больш. Ды і рэпертуар тэатра-студыі папаўняўся. Першай паспяховай пастаноўкай стаў “Маленькі прынц” паводле вядомага твора Антуана дэ Сент-Экзюперы. Паколькі ў гэтай установе адукацыі хлопцы паглыблена вывучаюць французскую мову, навучэнцы ігралі п’есу як на рускай, так і на французскай мове.

Кампазітар Дзмітрый Кабалеўскі неяк сказаў: “Праблема цікавасці, захопленасці — адна з фундаментальных праблем усёй педагогікі, і яе ўмелае вырашэнне важнае для паспяховага вядзення заняткаў па любым школьным прадмеце. Асаблівае значэнне яна набывае ў галіне мастацтва, дзе без эмацыянальнай захопленасці немагчыма дасягнуць вынікаў, колькі б ні аддаваць гэтаму сіл і часу…” Якраз гэта ўдавалася і ўдаецца дасягнуць нязменнаму мастацкаму кіраўніку ўзорнага тэатра-студыі “Клас-А!” педагогу Таццяне Алегаўне Шылавай. Дарэчы, званне “ўзорны” было прысвоена ў 1997 годзе за спектакль “Наш гарадок” Т.Уайльдэра, ужо тройчы “Клас-А!” пацвердзіў гэты ганаровы тытул.


Творчы калектыў гімназіі часта гастралюе па Беларусі і за яе межамі. Навучэнцы з поспехам выступалі ў Францыі, Іспаніі, Польшчы, Германіі, Балгарыі. І нікога не пакідалі абыякавымі артысты з Беларусі, калі яны ігралі такія спектаклі, як “Кошчын дом”, “Голы кароль”, “Жаніцьба Фігаро”, “Загадкавая натура” і інш. Калектыў тэатра ставіць спектаклі і на ваенна-патрыятычную тэматыку, як, напрыклад, “Ішоў снег” — да 200-годдзя Айчыннай вайны 1812 года, “Не пра Лермантава” — да 100-годдзя пачатку Першай сусветнай вайны. Усяго за чвэр ць стагоддзя тэатрам-студыяй пастаўлена больш за пяцьдзясят спектакляў для дзяцей і моладзі.

Таццяна Шылава валодае сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі і ўмела прымяняе іх на практыцы. Гэта ў першую чаргу тэхналогія інтэграцыі ў адукацыі, тэхналогія калектыўнага творчага выхавання, тэхналогія праектнай дзейнасці. Яна ажыццявіла праекты “На сваёй зямлi” (разам з ГА “Беларускі зялёны крыж”), “Ад тэатра да грамадзянскасці”, “Пераклічка стагоддзяў: Першая сусветная вайна і свет сёння”. Усё гэта мае магутны не толькі эстэтычны, але і выхаваўчы патэнцыял.


А гэтай вясной гімназісты традыцыйна з размахам адзначылі Дзень тэатра. Свята, якое адкрыла дырэктар гімназіі Аляксандра Іванаўна Уюнова, расцягнулася ажно на два дні. Удзельнікі тэатра-студыі паказалі свае лепшыя пастаноўкі: спектакль па творы Рычарда Баха “Чайка па імені Джонатан Лівінгстан”, спектакль філасофскага плана “Наратыў” і інш. Завяршылася свята ўручэннем артыстам-навучэнцам пасведчанняў “Ганаровы артыст узорнага тэатра-студыі “Клас-А!” і “Заслужаны артыст узорнага тэатра-студыі “Клас-А!”. Уручаючы гэтыя ганаровыя пасведчанні, Таццяна Шылава адзначыла, што за 25 гадоў сваёй работы з навучэнцамі акцёрскую адукацыю ў тэатры-студыі атрымала больш за 1000 чалавек не аднаго пакалення навучэнцаў. Хочацца пажадаць гэтаму творчаму калектыву на чале з яго таленавітым кіраўніком натхнення, далейшых творчых поспехаў і новых прыгожых юбілеяў!

Іван АРХІПАЎ.
Фота Васіля КУЛІКОВА.