Кіраванне творчасцю

Калі апісваць партрэт сучаснага дырэктара школы, то на розум прыходзяць такія характарыстыкі, як таленавіты настаўнік, здольны і дальнабачны кіраўнік, лідар, арганізатар, псіхолаг і стратэг, менеджар  і гаспадарнік. Але калі гэта партрэт дырэктара ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі — свабоднай, гнуткай, нефармальнай сістэмы адукацыі, — то адразу хочацца дапоўніць, што ён творчы, крэатыўны, мабільны, рознабаковы і духоўна багаты чалавек, які вельмі любіць дзяцей, ведае іх інтарэсы і запыты.

Яўгенія Генрыхаўна Валынец, дырэктар Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і мола­дзі, — самы вопытны кіраўнік установы адукацыі Ваўкавышчыны. За 34 гады знаходжання на такой адказнай і цікавай пасадзе ў яе выпрацаваліся свае погляды і адносіны да адукацыйнага працэсу ў аб’яднаннях па інтарэсах, да выхавання падрастаючага пакалення, да работы з педагагічным калектывам. Варта а­дзначыць, што пад кіраўніцтвам Яўгеніі Генрыхаўны Ваўкавыскі цэнтр творчасці сёння з’яўляецца сучаснай, вядомай, канкурэнтаздольнай і брэндавай установай дадатковай адукацыі Гродзен­скай вобласці.

Пасля заканчэння ў 1981 годзе Ваўкавыскага педагагічнага вучылішча Я­ўгенія Генрыхаўна працавала важатай у капыльскай сярэдняй школе № 2. Праз тры гады пераехала ў Ваўкавыск, дзе ўладкавалася ў сярэднюю школу № 2. Вельмі адказную, энергічную, актыўную і ініцыятыўную  важатую кіраўніцтва  Ваўкавыскага раёна заўважыла адразу. У 1987 годзе Яўгенія Генрыхаўна стала дырэктарам Дома піянераў і школьнікаў. Што адчула маладая дзяўчына, калі ў 25 гадоў узначаліла ўстанову адукацыі, апісаць цяжка. Галоўныя пытанні, якія хвалявалі пачынаючага дырэктара, былі наступныя: з чаго і як пачаць, ці атрымаецца кіраваць і павесці за сабой калектыў? Першыя дні работы ў якасці дырэктара дапамаглі зразумець, што кіраваць трэба не толькі адукацыйным працэсам і педагогамі, але і … творчасцю.  Прычым гэта не толькі вельмі адказна, але і цікава. Быць дырэктарам установы дадатковай адукацыі — значыць быць мабільным і адкрытым, шмат працаваць над сабой, узаемадзейнічаць з творчымі людзьмі, знаходзіць нестандартныя падыходы да навучэнцаў, бацькоў і педагогаў, забяспечваць шырокае далучэнне дзяцей і падлеткаў да заняткаў у гуртках, студыях, клубах і іншых аб’яднаннях па інтарэсах. Дадатковая адукацыя не проста дазваляе знайсці сябе, творча самарэалізавацца, яна мае магутны выхаваўчы патэнцыял, развівае творчыя і інтэлектуальныя здольнасці, засцерагае ад негатыўнага ўздзеяння вуліцы, падлеткавай агрэсіўнасці і дэ­структыўных паводзін. Нярэдка любімае захапленне дзіцяці становіцца для яго справай усяго жыцця.

Для Яўгеніі Генрыхаўны за 34 гады работа даўно перастала быць проста работай, яна стала сэнсам жыцця, дзе няма дакладнай мяжы паміж заканчэннем працы і пачаткам асабістага жыцця. Працоўная дзейнасць — гэта яе філасофія, жыццёвая дарога, якая на працягу многіх гадоў нязменна вядзе да поспеху падрастаючае пакаленне Ваўкавышчыны ў якасці танцораў, спевакоў, мастакоў, спартсменаў, акцёраў, майстроў, музыкантаў, інтэлектуалаў, лідараў і актыўных дзеячаў грамадства. Пад кіраўніцтвам Яўгеніі Генрыхаўны быў створаны і працягвае развівацца моцны інтэлектуальны рух дзяцей, моладзі і дарослых Ваўкавыскага раёна. У цэнтры творчасці функцыянуе народны клуб па інтэлектуальных гульнях “Высокі волак”. 25 гадоў паспяхова працуе знакаміты ў краіне і па-за яе межамі ўзорны тэатр моды “Спадчына”, які стаў візітнай карт­кай і сапраўдным брэндам Гродзенскага рэгіёна. Пры непасрэднай ініцыятыве Я.Г.Валынец ва ўстанове з 2018 года дзейнічае інклюзіўны тэатр для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця “Жамчужыны”, які тройчы сумесна з бацькамі і валанцёрамі прымаў удзел у міжнародных фестывалях асаблівых тэатраў. Навучэнцы клуба “Сярэбраны воўк” з’яўляюцца шматразовымі пераможцамі міжнародных і рэспубліканскіх спаборніцтваў і турніраў па фудакан-шатакан каратэ. У цэнтры створана моцная сістэма падрыхтоўкі навучэнцаў да рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў па шашках. Выхаванцы гуртка “Шашкі” з’яўляюцца кандыдатамі, майстрамі спорту, чэмпіёнамі Беларусі, Еўропы, свету па шашках. Ваўкавыскі цэнтр курыруе вучнёўскае самакіраванне, маладзёжны парламент пры Ваўкавыскім Савеце дэпутатаў, раённы валанцёрскі рух “Тэрыторыя дабра” ажыццяўляе каардынацыйную работу па рэалізацыі міжнароднай ініцыятывы ЮНІСЕФ “Ваўкавыск — горад, дружалюбны да дзяцей”. Яўгенія Генрыхаўна лічыць, што сістэма дадатковай адукацыі павінна быць разнастайнай і шматграннай, дынамічнай і эвалюцыйнай, практыка-арыентаванай, не адарванай ад жыцця і быць адлюстраваннем сучаснага грамадства з яго патрабаваннямі, запытамі і інтарэсамі.

Дзякуючы ўмеламу кіраўніцтву Я­ўгеніі Генрыхаўны ва ўстанове працуюць вопытныя, творчыя, крэатыўныя педагогі, сапраўдныя энтузіясты, адданыя сваёй прафесіі, якія бязмерна любяць дзяцей, з разуменнем  і павагай адносяцца да іх унутранага свету і творчасці. Сярод педагогаў ёсць народны майстар  Беларусі па салома­пляценні,  майстар спорту Рэспублікі Беларусь па шашках, уладальнік звання “Чалавек года Гродзеншчыны”, стыпендыят абласной прэміі імя А.І.Дубко, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, дзеючы чэмпіён свету  і міжнародны гросмайстар па шашках, рэгіянальны прадстаўнік Беларускай лігі інтэлектуальных гульняў па Гродзен­скай вобласці.

Пад кіраўніцтвам Яўгеніі Генрыхаўны Ваўкавыскі цэнтр творчасці неаднаразова станавіўся пераможцам вобласці і раёна сярод устаноў дадатковай адукацыі. Сама Я.Г.Валынец была занесена на раённую Дошку гонару, узнагароджана шматлікімі ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі  Рэспублікі  Беларусь, галоўнага  ўпраўлення адукацыі Гро­дзенскага абласнога выканаўчага камітэта, упраўлення адукацыі Ваўкавыскага  райвыканкама. Педагагічнаму калектыву, вельмі прыемна, што наш дырэктар — вопытны і мудры кіраўнік, сапраўдны прафесіянал, добразычлівы чалавек, які гатовы дзяліцца сваімі ведамі і жыццёвым вопытам. На пытанне, ці лічыц­ь Яўгенія Генрыхаўна сябе паспяховым дырэктарам, яна з усмешкай адказала, што лічыць сябе шчаслівым чалавекам, бо ўсё жыццё творча працуе ў цэнтры творчасці з творчымі людзьмі для творчых дзяцей і нават кіруе …творчасцю. У прафесійнай дзейнасці сапраўднага педагога творчасці шмат не бывае.

Таццяна БАЛОЦКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.