Каравай ці багет?

У сярэдняй школе № 41 Гродна адкрылі арт­-аб’ект “Хлебная карта свету”, які адлюстроўвае разнастайнасць хлебнай прадукцыі ў розных краінах свету.

Ужо трэці год сталовая сярэдняй школы № 41 Гродна кожны дзень збірае за агульнымі сталамі па некалькі соцень вучняў адначасова. І для таго каб гэтае месца было напоўнена гасціннасцю, цяплом і ўтульнасцю, творчы калектыў школы вырашыў, што тут абавязкова павінен быць пэўны аб’ект, які будзе аб’ядноўваць вучняў у школе, сям’ю ў хаце, народ у краіне, краіны ў свеце.

Як хлеб яднае ўсіх членаў сям’і, так і Год народнага адзінства, які адзначае наша краіна, яднае народы свету і іх традыцыі. Усе народы розныя, у кожнага — свая нацыянальная кухня, любімая страва, але ўсіх нас звязвае павага і любоў да хлеба. З даўніх часоў хлеб быў прадметам галоўнага клопату чалавека. На славянскіх вяселлях заўсёды спявалі: “Гаспадар мой, бацюхна-хлеб”. На вечарынах вялі карагод: “Каравай, каравай, каго хочаш выбірай”. Хлеб падносілі на вышытым ручніку самаму дарагому госцю, а той, прымаючы дар, цалаваў духмяны бохан. І сёння ніводнае свята не абыходзіцца без хлеба. Ён кожны дзень на нашым стале. Вось чаму традыцыі шанавання хлеба хацелася захаваць у сценах школы.

У час адкрыцця арт-аб’екта гучалі словы ўдзячнасці хлебу, песні і вершы ў яго гонар. Госці былі запрошаны ў падарожжа да розных народаў свету і “частаваліся” іх хлебам: у беларусаў гэта каравай, ва ўкраінцаў — паляніца, у рускіх — барадзінскі хлеб, у кітайцаў — маньтоу, у немцаў — брэцэль, у французаў — багет, у амерыканцаў — бургерная булачка, у мексіканцаў — тарцілья, у аўстралійцаў — дампер, у чылійцаў — маракета, у венесуэльцаў — арэпа, у эфіопаў — ынджэра, у алжырцаў — матлуа. Вучні, якія праводзілі экскурсію, пазнаёмілі прысутных з рознымі відамі хлеба, цікавымі легендамі пра яго ўзнікненне, а таксама спосабамі захоўвання. Прыемным падарункам было частаванне беларускімі прысмакамі.

Арт-аб’ект “Хлебная карта свету” будзе выкарыстоўвацца ў выхаваўчай прасторы школы, стане памочнікам у выхаванні падрастаючага пакалення, дапаможа разнастаіць формы работы па прафарыентацыі, створыць умовы для развіцця даследчыцкіх кампетэнцый вучняў.

Удзельнікі адкрыцця арт-аб’екта “Хлебная карта свету” зразумелі, што ў кожнага народа хлеб адметны па-свойму, але, нягледзячы на гэтыя адрозненні, мы ўсе сябруем у нашым агульным доме — на планеце Зямля. Няхай Год народнага адзінства прынясе мір, паразуменне і згоду, а хлеб у жыцці кожнага чалавека зойме пачэснае месца!

Таццяна ЛОЙША,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 41 Гродна.