Камунікатыўная кампетэнтнасць навучэнцаў — залог паспяховага навучання

Задача настаўніка-філолага — навучыць дзяцей выразна выкладаць свае думкі ў вуснай і пісьмовай форме. Вырашэнню гэтай задачы папярэднічае фарміраванне ў свядомасці навучэнцаў парадыгмы ведаў аб мове, развіццё іх камунікатыўных кампетэнцый і камунікатыўнай культуры. Як ахапіць усё гэта на ўроку?

Вельмі важна навучыць дзяцей ясна выкладаць свае думкі ў любой прадметнай галіне, ці то гэта фізіка, ці то гісторыя. І фарміраваць камунікатыўную кампетэнтнасц­ь навучэнцаў — задача ўсіх педагогаў школы. Цяжка ўявіць сабе, што толькі настаўнікі-філолагі нясуць на сабе гэты груз. Безумоўна, на ўроку рускай мовы можна час ад часу ўключаць заданні міжпрадметнага характару. Але як часта гэта варта рабіць? Відавочна, што настаўнікі-прадметнікі павінны ўдзяляць дастаткова ўвагі фарміраванню камунікатыўных навыкаў навучэнцаў у сваёй прадметнай галіне.

Асноўнымі відамі работ па развіцці маўлення ў школьнай праграме з’яўляюцца пераказ і сачыненне. На жаль, не ўсе вучні могуць хутка зразумець, запомніць і ўзнавіць мастацкі тэкст. У гэтым дапамагае сістэматычная работа над комплексным аналізам тэксту, вынікам якой з’яўляецца разуменне механізмаў пабудовы тэксту, спосабаў стварэння яго як адзінага, звязнага і цэласнага маўленчага твора.

Пачынаючы з 5 класа пры навучанні чытанню выкарыстоўваю прыём “Уважліваму на заметку”, сутнасць якога заключаецца ў тым, што вучні павінны знаходзіць і падкрэсліваць у тэксце самае галоўнае (апісанне знешняга выгляду героя, яго пачуцці і перажыванні, пейзаж). Гэты прыём дапамагае дзецям у далейшым пры напісанні сачыненняў і пераказаў.

Паступова заданні ўскладняюцца. Замест простай інтэрпрэтацыі зместу тэксту прапаную навучэнцам заданні накшталт: “Вы ў турыстычным бюро. У дыя­логу раскажыце, у якую краіну вы хацелі б паехаць і растлумачце чаму” (7—8 класы). Або: “Складзіце дыялог, дзе вы ад імя Здароўя і Хваробы (Міру і Вайны, Дабраты і Жорсткасці) раскрылі б іх прыметы, выказаўшы свае адносіны да паняццяў” (10—11 класы).

Замест простых дыктовак з’яўляюцца дыктоўкі са змяненнем тэксту і працягам, работы з тэкстамі-мініяцюрамі, параўнанне некалькіх тэкстаў. Гэтыя прыёмы дапамагаюць навучыц­ь дзяцей тэкставаму аналізу і стварэнню ўласных выказванняў і сачыненняў. І гэтыя віды работы, як правіла, цікавыя навучэнцам.

Часта звяртаюся да элементаў тэхналогіі праблемнага навучання. Урокі, якія пачынаюцца з пастаноўкі праблемы, прымушаюць вучняў думаць, аналізаваць, шукаць шляхі вырашэння праблем, выказваць свае прапановы і аргументаваць іх. Так, на ўроку ў 7 класе пры вывучэнні камедыі М.В.Гогаля “Рэвізор” вучні вырашалі праблему, звязаную з пошукам у творы станоўчага персанажа. Пастаноўка праблемы на ўроку — найважнейшая ўмова метапрадметнасці зместу. Фармулюючы праблему, настаўнік павінен пастарацца ўбачыць навакольны свет вачыма сваіх вучняў, максімальна наблізіцца да іх светапогляду. Без гэтага праблема можа гучаць штучна, быць далёкай, і цікавасці з боку навучэнцаў яна не выкліча.

Для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў звяртаюся да дыдактычных гульняў: “Перакладчык” (замяніце замежнае слова рускім), “Дыктар” (прачытайце тэкст арфаэпічна правільна), “Рэдактар” (выпраўце маўленчыя памылкі ў тэксце), экспромтных міні-выказванняў на пэўную тэму працягласцю не больш за хвіліну.

Зрабіць урок цікавым, яркім не так складана. Настаўніку вельмі важна адчуваць цікавасць да вучэбнага прадмета, да педагогікі і псіхалогіі. Тады паміж цікавасцю вучыць і цікавасцю вучыцца можна будзе паставіць знак роўнасці. На мой погляд, быць цікавым — галоўнае патрабаванне да сучаснага ўрока. Толькі такі ўрок прынясе навучэнцам карысць і радасць суперажывання.

Галіна ПРОХАРАВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры Свіслацкай сярэдняй школы Асіповіцкага раёна.