Кампетэнтныя бацькі

Сям’я — гэта і працоўны калектыў, і маральная апора, і вышэйшыя чалавечыя прыхільнасці, і прастора для адпачынку, і школа дабрыні, сумленнасці, доўгу, і сістэма адносін з бацькамі, з братамі і сёстрамі, з роднымі і знаёмымі. Мараль, густы, манеры, звычкі, светапогляд, перакананні, характар і ідэалы — аснова ўсіх гэтых сацыяльна-псіхалагічных параметраў асобы закладваецца ў сям’і.

З верасня 2019 года ў нашай навучальнай установе рэалізуецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання педагагічнай культуры бацькоў у працэсе ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі і сям’і”.

Актуальнай задачай для ўстаноў адукацыі на сучасным этапе развіцця грамадства становіцца мэтанакіраваная дзейнасць па актывізацыі выхаваўчага патэнцыялу сем’яў навучэнцаў, фарміраванні культуры сямейных адносін, аказанні сям’і неабходнай псіхолага-педагагічнай дапамогі. Праблема інавацыйнага праекта заключаецца ў пошуку эфектыўных шляхоў і сродкаў павышэння ўзроўню педагагічнай культуры бацькоў.

У рамках праекта мы арганізавалі работу клуба “Кампетэнтныя бацькі”. Яго асноўная задача — спры­яць гарманізацыі ўзаемаадносін паміж дзецьмі і бацькамі, павышэнню псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці баць­коў.

Сустрэчы ў бацькоўскім клубе праводзяцца штомесяц. Найбольш плённымі і цікавымі сталі такія мерапрыемствы, як кансультацыя “Я і маё дзіця — пошукі ўзаемаразумення”, дыскусія “Дзіця і камп’ютар. Як пазбегнуць залежнасці?”, бацькоўская канферэнцыя “Правільнае харчаванне — залог здароўя”.

Бацькі выказваюць зацікаўленасць у занятках, што праводзяцца ў рамках праекта. Нашы мамы і таты добразычлівыя, актыўныя, адкрытыя. У ходзе правядзення мерапрыемстваў яны выказваюць свае думкі і меркаванні, удзельнічаюць у дыскусіях, праяўляюць творчасць і фантазію.

Наталля ЦЯРЭШЧАНКА,
настаўніца біялогіі Каменскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Чавускага раёна.