У аснове тэхналогіі візуалізацыі знаходзяцца розныя эфектыўныя спосабы апрацоўкі і кампаноўкі інфармацыі, якія дазваляюць яе “сціскаць”, іншымі словамі — прадстаўляць у кампактным, зручным для выкарыстання выглядзе. Прыёмы візуалізацыі маюць шмат пераваг: дапамагаюць навучэнцам правільна арганізаваць і аналізаваць інфармацыю, інтэграваць новыя веды, садзейнічаюць засваенню вялікага аб’ёму інфармацыі, дазваляюць звязваць атрыманую інфармацыю ў цэласную карціну.
Распаўсюджанымі тэхнікамі візуалізацыі з’яўляюцца ментальныя карты, кросенс, воблака слоў, інфаграфіка, скрайбінг, таймлайн і інш. Больш падрабязна хочацца спыніцца на інфаграфіцы. Гэта графічны спосаб падачы інфармацыі, даных і ведаў. Інфаграфіка падразумявае згортванне вялікага аб’ёму інфармацыі і падачу яе ў кампактным і прывабным для чытача выглядзе. Работа з інфаграфікай можа весціся ў двух напрамках:
• аналіз навучэнцамі створанай настаўнікам інфаграфікі;
• стварэнне інфаграфікі навучэнцамі пад кіраўніцтвам настаўніка (у ходзе праектнай дзейнасці, па вывучаным матэрыяле).
Пры рабоце з інфаграфікай ажыццяўлюцца:
• аналіз інфармацыі;
• супастаўленне прыведзеных фактаў;
• фармулёўка вывадаў;
• параўнальная характарыстыка;
• абагульненне і пастаноўка пытанняў.
Працуючы ў 11 класе над тэмай “Выбар прафесіі”, навучэнцы стварылі наступную серыю інфаграфікі на аснове сэрвісу www.easel.ly:
Якім чынам можна выкарыстоўваць прадстаўленую інфаграфіку?
• Яна вучыць разважаць.
У працэсе вывучэння тэмы навучэнцы знаёмяцца са службовай інструкцыяй медсястры і яе складнікамі, аналізуюць, разважаюць, што павінна быць у інструкцыі, прагназуюць службовую інструкцыю сваёй прафесіі.
• Публікацыя ў сацыяльных сетках.
Настаўнік павінен ісці ў нагу з часам, каб павысіць матывацыю навучэнцаў і зацікавіць іх. Што ж можа паўздзейнічаць на сучасных дзяцей і падлеткаў больш эфектыўна, чым супольнасць у сацсетках? На працягу апошніх 3 гадоў я са сваімі вучнямі актыўна карыстаюся сацсеткай “УКантакце”, на базе якой створана суполка Learn English — enjoy your life. Чаму б не ператварыць карысны вучэбны матэрыял у яркую, выразную інфаграфіку і не выкарыстоўваць яе пры абмеркаванні тэмы ў класе?
• Падахвочванне да дэбатаў.
Выбіраем з прапанаванага пераліку прафесій самую запатрабаваную сёння, дзелімся на групы “за” і “супраць”. Прапануем навучэнцам аргументавана абараняць супрацьлеглыя пункты гледжання. Так навучэнцы не проста засвойваюць вучэбную інфармацыю, але і вучацца параўноўваць факты, пераканаўча аргументаваць уласнае меркаванне.
Візуалізацыя інфармацыі — магутны інструмент данясення думак і ідэй да навучэнцаў, памочнік ва ўспрыманні і аналізе даных.
• Гульня Mingling Activity.
Кожны вучань атрымлівае адну картку, вывучае інфармацыю, складае пытанні, падыходзіць да аднакласнікаў, задае пытанні і знаходзіць “гаспадара” гэтай карткі.
• Замена сачынення.
Замена традыцыйных эсэ інфаграфікай, а чаму б і не? Навучэнцы здаюць візуальныя тэксты і пераказваюць матэрыял з апорай на ўласную інфаграфіку.
• Планаванне кар’еры.
У будучыні многія навучэнцы ацэняць карысць гэтага навыку, а пакуль што задумаюцца над сваім прафесійным абліччам, над тым, чаму трэба ўдзяліць увагу ўжо сёння.
• Развіццё лічбавай дасведчанасці.
Навучэнцы вывучаюць інфармацыю з інтэрнэту, звяртаючы ўвагу на самыя запатрабаваныя ў свеце прафесіі, аналізуюць атрыманы матэрыял і прадстаўляюць яго ў кампактным, зручным для выкарыстання выглядзе.
• Стварэнне праекта.
Выкарыстанне інфаграфікі пры складанні праекта, на этапе абагульнення і замацавання вывучанага матэрыялу — вельмі эфектыўны прыём. У працэсе работы развіваюцца не толькі камп’ютарная дасведчанасць, але і крытычнае мысленне, творчыя здольнасці, уменне працаваць з інфармацыяй.
• Развіццё камунікатыўнай кампетэнцыі.
Расказаць аб прафесіях, запатрабаваных у сучасным грамадстве, даведацца аб папулярных прафесіях, абгрунтаваць уласны выбар прафесіі — усё гэта можна зрабіць з дапамогай інфаграфікі. Візуалізацыя на ўроках — важны элемент вучэбнай дзейнасці, які спрыяе больш глыбокаму і трываламу засваенню ведаў, выклікае цікавасць да вывучэння прадмета, садзейнічае развіццю лагічнага мыслення, аналізу і кемлівасці, ініцыятывы і настойлівасці ў дасягненні пастаўленай мэты, дапамагае ў фарміраванні навыкаў самастойнай працы.
Таццяна КАЖАРСКАЯ,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 3 Лепеля.