Ала Уладзіславаўна Чалала — творчы, таленавіты педагог. Вось ужо трыццаць гадоў яна працуе ў Гаранскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Полацкага раёна. Скончыўшы Полацкае педагагічнае вучылішча, пачынала працаваць піянерважатай. Дэвізам у рабоце сталі словы Іаана Златавуста: “Усё ў нас павінна быць другарадным у параўнанні з клопатам пра дзяцей і іх выхаваннем”. Адчувала, што не хапае ведаў… У 1992 годзе атрымала кваліфікацыю настаўніка музыкі ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А.М.Горкага. Але колькасць гадзін музыкі ў школе скарачалася, яны засталіся толькі ў пачатковых класах. І педагог канчаткова вырашыла звязаць свой лёс з дзецьмі малодшага школьнага ўзросту. У 1998 годзе скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці “Педагогіка і методыка пачатковай адукацыі”.
Выдатная адукацыя і жаданне быць максімальна карыснай у выхаванні дзяцей прывялі да разумення, што неабходна скіроўваць погляд вучняў да добрага, выхоўваць такія душэўныя якасці, як сціпласць, міласэрнасць, працавітасць, фарміраваць маральныя і этычныя каштоўнасці, закладзеныя ў духоўнай спадчыне народа. Паступова склалася сістэма выхаваўчай работы настаўніцы. У першую чаргу гэта дэталёва распрацаваны ўрок. Запомніўся вучням і педагогам Полацкага раёна ўрок музыкі Алы Уладзіславаўны “Мая сям’я — маё багацце”. Дзеці не толькі вучыліся слухаць і чуць музыку, аналізаваць музычныя творы, але і пазнаёміліся з такім святам, як Дзень сям’і, яго гісторыяй. Педагог у якасці выхаваўчага кампанента ўключае ў заняткі гутарку пра згоду ў сям’і як асноўнае багацце.
Урокі Алы Уладзіславаўны маюць не толькі глыбокі пазнавальны, але і выхаваўчы змест. У 2020 годзе камітэт па адукацыі адміністрацыі Белаярскага раёна Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі — Югры Расійскай Федэрацыі прапанаваў педагогам устаноў адукацыі Віцебскай вобласці прыняць удзел у конкурсе “Урокі Вялікай Перамогі”, прысвечаным святкаванню 75-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. За распрацоўку ўрока ў намінацыі “Лепшы ўрок роднай мовы” настаўніца атрымала дыплом ІІ ступені.
Ала Уладзіславаўна лічыць, што вялікую ролю ў выхаванні духоўнасці адыгрываюць сродкі масавай інфармацыі і кніга. Менавіта таму ў сваёй рабоце вялікую ўвагу яна ўдзяляе чытанню і абмеркаванню твораў з серыі “Зярняткі”, якія ўключаюць “Добрыя гісторыі для малых дзяцей”. Цікавую, павучальную размову з навучэнцамі яна будуе на аснове твораў Барыса Аляксандравіча Ганага, вядомага беларускага дзіцячага праваслаўнага пісьменніка. Не раз настаўніца праводзіла адкрытыя ўрокі і выхаваўчыя мерапрыемствы, звязаныя з чытаннем кніг праваслаўнай тэматыкі: “Знаёмства з біяграфіяй і творчасцю манаха Лазара”, “Жыццё дадзена на добрыя справы” (прэзентацыя кнігі Алены Міхаленка і Таццяны Дашкевіч “Голас Анёла”), урок-агляд “Дзень праваслаўнай кнігі”.
Вучні Алы Уладзіславаўны — актыўныя ўдзельнікі мерапрыемстваў школьнага праекта “На шляху да дабра і святла РАЗАМ”. Пад кіраўніцтвам настаўніцы праходзяць канцэрты, прысвечаныя праваслаўным святам, конкурсы духоўнай паэзіі і песні “У чаканні светлага дня”. Аснову сцэнарыяў складаюць добра знаёмыя школьнікам казачныя сюжэты, якія дазваляюць данесці духоўны сэнс праваслаўя да ўсіх удзельнікаў святочнага дзейства. Педагог імкнецца, каб усе дзеці маглі праявіць свае здольнасці. Добрымі памочнікамі ў падрыхтоўцы святаў з’яўляюцца бацькі. Сумесная дзейнасць аб’ядноўвае дзяцей і бацькоў, спрыяе ўмацаванню даверу, узаемаразумення, а таксама сямейных традыцый. Праваслаўныя святы вучаць дзяцей бачыць прыгажосць прыроды і чалавечых адносін, заснаваных на любові, дабрыні, творчасці, заклікаюць прымнажаць прыгажосць навакольнага свету. Усе мерапрыемствы праводзяцца з блаславення і пры падтрымцы настаяцеля храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы Полацка протаіерэя Уладзіміра Рацьковіча. Настаўніца сабрала разнастайны метадычны матэрыял: кнігі, кінафільмы, аўдыязапісы, сцэнарыі мерапрыемстваў, мультфільмы.
Асаблівае месца ў выхаваўчай рабоце педагога займае даследчая дзейнасць. У сваіх даследаваннях дзеці вывучаюць страчаныя храмы Гараншчыны, таямніцы імя, пішуць пра дзядуляў-герояў, таленавітых бабуль, святых Полацкай зямлі. Займаючыся даследчай работай на праваслаўныя тэмы, навучэнцы больш даведваюцца пра веру, якая робіць чалавека дабрэйшым, вучыць любіць і дараваць. Усё гэта стварае падмурак маральных, культурных і эстэтычных ідэалаў.
Прыемна, што, узяўшы старт у пачатковай школе, вучні Алы Уладзіславаўны працягваюць і ў старшых класах удзельнічаць у праваслаўных конкурсах і мерапрыемствах. Іх даследаванні звязаны з малой радзімай — аграгарадком Гараны, горадам Полацкам. І настаўніца, і вучні прымаюць удзел у Рэспубліканскіх Свята-Ефрасіннеўскіх педагагічных чытаннях, у конкурсе творчых і даследчых работ навучэнцаў “Святло Праваслаўя”, які арганізуе Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ. На конкурс у 2020 годзе ад установы было адпраўлена 8 работ. Вынік: два дыпломы І ступені, два — ІІ, чатыры — ІІІ ступені.
Да рэспубліканскага конкурсу “За маральны подзвіг настаўніка” ў намінацыі “Лепшая праграма духоўна-маральнага выхавання дзяцей і моладзі” педагог падрыхтавала распрацоўкі ўрокаў да факультатыўных заняткаў “Асновы праваслаўнай культуры” (узнагароджана Сінадальнай граматай, 2-е месца).
Ала Уладзіславаўна ўмее знаходзіць сапраўдных сяброў. У іх ліку — супрацоўніца Бібліятэкі імя Янкі Купалы Полацка Вольга Васільеўна Бакуновіч. У сваёй установе вось ужо больш за 15 гадоў яна з’яўляецца вядучай літаратурна-музычнай гасцёўні “Пад шатамі духоўнасці”. “Святы праваслаўнага календара”, “Святыя Полацкай зямлі”, “Маршал Перамогі — Георгій Жукаў” — вось далёка не поўны пералік праведзеных Вольгай Васільеўнай духоўна-асветніцкіх гутарак у нашай школе, якія суправаджаюцца прэзентацыямі і відэаматэрыяламі.
Нашу ўстанову наведваюць валанцёры Ірына і Андрэй. Ірына арганізавала інтэрнэт-групу “Дорым дзецям маленькі цуд”. Разам яны праводзяць з вучнямі гутаркі пра сяброўства, сям’ю, прыроду, зладзілі пешаходную экскурсію па Полацку.
На думку педагога, такія сустрэчы вучаць не здавацца ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях, быць добрымі, міласэрнымі, спагадлівымі. А гэта самая дарагая ўзнагарода для настаўніка, калі зярняткі дабрыні прарастуць у дзіцячай душы, дадуць чаканыя ўсходы, зашумяць буйным калоссем.
Іна ЛАКОМСКАЯ,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Гаранскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Полацкага раёна.