Каб пазбегнуць небяспекі

Фарміраванне ў навучэнцаў культуры бяспекі жыццядзейнасці стала галоўнай задачай Тыдня бяспекі ў Кастрычніцкай сярэдняй школе Віцебскага раёна.

Жыццё ў сучасным свеце не толькі цікавае, але і поўнае небяспечных праяў. Сутыкнуцца з імі можна дзе заўгодна, і часам бывае немагчыма прадказаць, дзе і калі падсцерагае пагроза. Таму кожны павінен ведаць, як правільна сябе паводзіць у надзвычайнай сітуацыі.

Тыдзень бяспекі ў нашай школе стартаваў з урачыстай лінейкі. Настаўнік фізічнай культуры Уладзімір Казлоў падрабязна расказаў аб мерапрыемствах, якія будуць праходзіць на працягу тыдня. Іх было шмат, прычым не толькі адукацыйна-асветніцкага характару. Былі актыўна задзейнічаны і такія неад’емныя складнікі бяспекі, як фізічная культура і спорт, папулярызацыя здаровага ладу жыцця. У дзяцей найбольшую цікавасць выклікалі спартыўныя спаборніцтвы і гульня па станцыях. Ва ўрачыстым закрыцці пяцідзённага марафону бяспекі прынялі ўдзел ганаровыя госці — надзейныя сябры і партнёры ўстановы адукацыі. Гэта прадстаўнікі Віцебскага РАНС — першы намеснік начальніка аддзела Сяргей Лавейкін, інспектары інспекцыі нагляду і прафілактыкі Мікіта Горбач і Сяргей Логінаў, а таксама старшыня Акцябрскага сельскага выканаўчага камітэта Наталля Сакалоўская, інспектар энергаінспекцыі Віцебскага МРА філіяла Дзяржэнерганагляду па Віцебскай вобласці Алёна Сулім, інспектар ДПС аддзела ДАІ Віцебскага РАУС Юлія Іванова і старшыня Віцебскай раённай арганізацыі Таварыства ратавання на вадзе Аляксандр Ра­дзевіч. Свой сюрпрыз для ўдзельнікаў урачыстасці — яскравае і дынамічнае выступленне з красамоў­най назвай “Хіт-Бяспека” — падрыхтавалі навучэнцы нашай школы, пераможцы абласнога агляду-конкурсу юных ратавальнікаў-пажарных. Таксама быў прадстаўлены элемент кросфіту “Баявое разгортванне з ратаваннем пацярпелага”. Госці правялі пазнавальныя заняткі з навучэнцамі. У шосты школьны дзень адбыўся Дзень здароўя, у рамках якога было арганізавана мерапрыемства “Мы — за бяспеку”. Нашым навучэнцам гэты ты­дзень запомніцца надоўга. Але галоўнае, што яны сталі лепш усведамляць пагрозлівыя сітуацыі, з якімі могуць сутыкнуцца, і сумесна з настаўнікамі і кампетэнтнымі спецыялістамі разабраліся, як трэба правільна дзейнічаць, каб пазбегнуць небяспечнага развіцця па­дзей.

Хрысціна КУСТАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Кастрычніцкай сярэдняй школы Віцебскага раёна.