Каб не згасла жаданне вучыцца

Кожны настаўнік марыць пра тое, каб яго навучэнцы былі актыўнымі на ўроках, маглі самастойна здабываць веды і выкарыстоўваць іх на практыцы. Менавіта таму ён імкнецца ствараць на вучэбных занятках такія ўмовы, пры якіх школьнікі могуць самасцвердзіцца, набыць упэўненасць у сваіх магчымасцях. Для гэтага ён выкарыстоўвае ў сваёй педагагічнай дзейнасці розныя тэхналогіі.

Мне ў гэтым дапамагае адукацыйная мадэль “Крок за крокам”. Чаму? Па-першае, адукацыйная мадэль “Крок за крокам” дазваляе фарміраваць асобу, здольную самастойна здабываць веды, правільна арыентавацца ў розных сітуацыях. Па-другое, гэта эфектыўная форма перадачы ведаў, вопыту, навыкаў ад настаўніка да вучняў, якая дазваляе дзіцяці самому будаваць свае веды, актыўна, творча карыстацца імі ў жыцці. Па-трэцяе, гэтая адукацыйная мадэль прадугледжвае стварэнне такой сітуацыі, калі вучань перакананы ў тым, што вынікі яго асабістага пошуку будуць сустрэты з цікавасцю і прадстаўлены ўвазе класа для актыўнага сумеснага пошуку, для развіцця ўсіх і кожнага.

У працэсе педагагічнай дзейнасці пераканалася ў тым, што толькі ў поўным узаемадзеянні з сям’ёй можна дасягнуць станоўчых вынікаў і ў навучанні, і ў выхаванні. Сям’я і школа павінны прад’яўляць аднолькавыя патрабаванні ў фарміраванні асобасных якасцей дзіцяці, станаўленні характару, разумовага і фізічнага развіцця. І зноў мне на дапамогу прыйшла тэхналогія “Крок за крокам”. Справа ў тым, што асноўным прынцыпам у гэтай адукацыйнай мадэлі з’яўляецца ажыццяўленне трайнога супрацоўніцтва “настаўнік — вучань — бацькі”.

Работа з бацькамі арганізавана ў наступных кірунках: рэгулярнае інфармаванне, асвета, кансультаванне, навучанне. Прыцягненне бацькоў да актыўнага ўдзелу ў адукацыйным працэсе спрыяе ўмацаванню сувязі паміж школай і сем’ямі маіх выхаванцаў, дазваляе дасягнуць пазітыўных вынікаў у развіцці і самаразвіцці, выхаванні і самавыхаванні, навучанні і саманавучанні асобы.

Неабходна адзначыць вялікую ролю бацькоў у час работы ў цэнтрах актыўнасці на ўроку: для мяне яны — надзейныя памочнікі, а для сваіх дзяцей — настаўнікі.

Што ж такое работа ў цэнтрах і чым яна зацікавіла мяне, бацькоў і маіх навучэнцаў?

Работа па адукацыйнай мадэлі “Крок за крокам” дае магчымасць арганізаваць пазнавальную і вучэбную дзейнасць, якая адрозніваецца ад традыцыйнай методыкі, дае магчымасць выкарыстаць розныя формы работы з улікам індывідуальных асаблівасцей дзіцяці. З першага дня ў школе ствараю ўмовы, пры якіх вучань можа самасцвердзіцца, набыць упэўненасць у сваіх магчымасцях. А дасягнуць гэтага і дапамагае арганізацыя работы ў цэнтрах.

Планаванне ажыццяўляецца такiм чынам, каб пры рабоце былі ўлічаны інтарэсы дзяцей. Цэнтры атрымліваюць розныя заданні, якія адпавядаюць яго назве і тэме ўрока. Заданні выконваюцца самастойна ў кожным цэнтры. Пасля заканчэння дадзенага часу праводзіцца прэзентацыя заданняў. Менавіта навучанне ў цэнтрах дазваляе глыбока і дэталёва ажыццяўляць індывідуальна-групавую работу, дыферэнцыраваць дзейнасць кожнага дзіцяці.

Работа ў цэнтрах дае магчымасць кожнаму ўключыцца ў актыўную дзейнасць, вучыць самастойнасці, адказнасці. Навучэнец мае права зрабіць выбар таго цэнтра, у якім ён у поўнай меры можа праявіць свае веды і магчымасці. Спачатку я дапамагаю выбіраць цэнтр, а потым навучэнцы самі робяць свой выбар.

Работа ў цэнтрах падахвочвае школьніка да актыўных дзеянняў, бо ён не можа доўга быць назіральнікам: навучэнец мае магчымасць праявіць ініцыятыву; вучыцца планаваць свае дзеянні і пераконваць у іх правільнасці аднакласнікаў; прымяняе свае веды. Такім чынам, выхоўваецца не толькі пачуццё ўласнай годнасці, але і развіваецца маўленне, лагічнае мысленне, жаданне вучыцца і замацоўваюцца веды.

У той жа час эфектыўнасць такой работы праяўляецца і ў хуткасці вырашэння пастаўленых задач, і ў стварэнні спрыяльных умоў для вучэбнага самавызначэння, і ў фарміраванні навыкаў арганізатарскай работы, і, мабыць, самае важнае, у фарміраванні рэфлексіўных здольнасцей навучэнцаў. А праблемныя сітуацыі стымулююць да пошуку, вучаць разважаць, выказваць сваё меркаванне.

Навучэнцы, працуючы ў цэнтры, вучацца ўважліва слухаць адно аднаго і дапамагаць іншым; адораныя дзеці могуць праяўляць свае здольнасці, не прыцягваючы ўвагі ўсяго класа і не баючыся праславіцца выскачкай; навучэнец, які не заўсёды можа праявіць сябе на ўроку ў класе, тут больш адважны і вольны.

Работа ў цэнтрах носіць станоўчы характар і таму, што ў класе няма сумных вачэй, сумных асоб, ніхто не застаецца абыякавым, на ўроках пануе атмасфера займальнасці; заданні, прапанаваныя навучэнцам, патрабуюць не толькі актуалізацыі атрыманых ведаў, але і ўмення прымяняць гэтыя веды ў розных сітуацыях. А самае галоўнае — гэтая работа дапамагае не толькі развіваць іх прыродныя задаткі, творчыя здольнасці, але і дазваляе актывізаваць пазнавальную дзейнасць.

Назіраючы за сваімі навучэнцамі, размаўляючы з імі і бацькамі, апрацоўваючы анкеты, я прыйшла да высновы, што школьнікі большую частку вольнага часу марнуюць на камп’ютарныя гульні і прагляд тэлеперадач. У мяне як у настаўніка пачаў выклікаць асцярогу той факт, што дзеці сталі рэдка наведваць бібліятэку, а чытанне абмяжоўвалася толькі праграмнымі творамі.

Перада мной паўстала задача актывізаваць пазнавальную дзейнасць навучэнцаў, пры гэтым не проста імкнуцца да засваення вучэбнага матэрыялу, але яшчэ і сфарміраваць уменне самастойна працаваць з інфармацыяй, дадатковай літаратурай, каб пасля яны маглі эфектыўна прымяняць атрыманыя і набытыя веды на практыцы.

І зноў на дапамогу прыйшла тэхналогія “Крок за крокам” — работа над тэматычным праектам.

Праект — гэта глабальная ідэя, якая мае змястоўную каштоўнасць і забяспечвае развіццё навыкаў праблемнага рашэння ў працэсе яе рэалізацыі.

Аснову метаду праектаў складае развіццё пазнавальных навыкаў, уменняў самастойна канструяваць свае веды, арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы, развіваць крытычнае мысленне.

Этапы работы над тэмай: выбар тэмы, высвятленне аб’ёму ведаў дзяцей па тэме, вызначэнне пытанняў, якія цікавяць вучняў; распрацоўка карты праекта, рэфлексія па выніках праекта.

Тэма выбіраецца разам з дзецьмі і бацькамі. Для гэтага складаецца спіс тэм. Затым праходзіць абмеркаванне спіса. Па выніках абмеркавання выбіраецца адна тэма.

Далей ідзе першаснае знаёмства з тэмай. Дзеці адказваюць на тры пытанні: “Што мы ведаем?”, “Што мы хочам даведацца?”, “Як мы гэта можам зрабіць?”.

На падставе гэтай інфармацыі настаўнік распрацоўвае праект. Тэма праекта праходзіць праз усе ўрокі, але ў рознай ступені (у залежнасці ад матэрыялу, які вывучаецца). Спосабы прэзентацыі матэрыялаў праекта разнастайныя: аповед, гутарка, чытанне артыкулаў энцыклапедыі, віктарыны, загадкі, практычныя работы, малюнкі, канструяванне, пазнавальныя гульні.

У канцы вывучэння тэмы навучэнцы адказваюць на два пытанні: “Што новага даведаліся?”, “Над чым недастаткова папрацавалі?”.

Вынікі параўноўваюцца з першапачатковай інфармацыяй.

Перавагі тэматычнага планавання:

а) для дзяцей:
развіццё пазнавальнай цікавасці, пашырэнне лексікі, удасканаленне навыкаў чытання, развіццё камунікатыўных навыкаў, павышэнне ўнутранай матывацыі;

б) для настаўніка:
свабода творчасці, самаадукацыя, магчымасць зацікавіць бацькоў.

Праектная дзейнасць дазваляе педагогу не столькі вучыць дзяцей, колькі вучыць вучыцца, накіроўваць іх пазнавальную дзейнасць.

Усе праекты заканчваюцца святам, у якім актыўны ўдзел прымаюць дзеці і іх бацькі, альбо складаннем кнігі, альбо прэс-канферэнцыяй для вучняў пачатковай школы.

Праекты неабходны для развіцця прыроднай дапытлівасці дзіцяці, бо прымушаюць дзяцей задаваць пытанні, займацца даследаваннем, шукаць узаемасувязі ў прыродзе, развіваюць пазнавальную актыўнасць. У працэсе цікавай для іх дзейнасці навучэнцы рыхтуюцца да сур’ёзнай вучэбнай работы ў сярэднім і старшым школьным звяне: атрымліваюць вопыт элементарнага даследавання праблемы, пошуку інфармацыі па тэме ў розных крыніцах, авалодваюць навыкамі работы з энцыклапедыямі, слоўнікамі, даведнікамі.

Працуючы па тэхналогіі “Крок за крокам”, я з радасцю адзначаю, што ў маіх навучэнцаў адбываюцца істотныя асобасныя змены: дзеці становяцца больш актыўнымі, ініцыятыўнымі, здольнымі да прыняцця самастойных рашэнняў. У іх зніжаецца страх перад няўдачай, з’яўляецца вялікая ўпэўненасць ва ўласных магчымасцях, жаданне спазнаваць новае, развіваецца вынаходлівасць, уяўленне. Усё гэта спрыяльна ўплывае на развіццё інтэлектуальных, творчых здольнасцей навучэнцаў, на стварэнне сітуацыі поспеху і жаданне вучыцца.

Алена КЛЕЯНКОВА,
настаўніца пачатковых класаў Капачоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.