Каб мова і музыка побач гучалі

“Чаму ж мне не пець? Чаму ж не гудзець? Калі ў маёй хатачцы парадак ідзець…”. Гэтыя словы з беларускай народнай песні мне так адпавядаюць! “Чаму?” — запытаецеся вы. А таму, што, працуючы ўжо трыццаць гадоў музычным кіраўніком у яслях-садзе № 7 Полацка, я сама з вялікім задавальненнем размаўляю па-беларуску, выкарыстоўваю ў сваёй рабоце беларускія народныя песні, развучваю з дзецьмі малодшага і старэйшага ўзросту беларускія танцы, знаёмлю іх з музычнымі творамі беларускіх кампазітараў, праводжу беларускія святы і музычныя заняткі на роднай мове. Дзіцячыя калядкі, тэатралізаваныя папеўкі, калыханкі, заклічкі вельмі падабаюцца маім выхаванцам і выклікаюць у іх яркія эмоцыі.

Кожная пятніца ў нашым дзіцячым садзе беларускамоўная. Выхавальнікі, бацькі, дзеці і супрацоўнікі ў гэты дзень размаўляюць толькі па-беларуску. А ўвечары абавязкова — беларускія спевы, танцы, гульні і забавы для дзяцей.

Знаёмства з песняй мы пачынаем з яе праслухоўвання. Потым знаходзім незнаёмыя словы, і я тлумачу іх сэнс. Дзеці некалькі разоў паўтараюць гэтыя словы і спяваюць іх. Калі ёсць неабходнасць — выконваем па ролях, дапаўняючы спевы разнастайнымі рухамі пальчыкаў, як, напрыклад, у забаўлянцы “Сарока-варона кашу варыла”. Вядома, пальчыкавыя гульні стымулююць развіццё маўлення. Наглядныя дзеянні выклікаюць у дзяцей жаданне абазначыць іх словамі.

Вабяць выхаванцаў такія дзеянні, як закалыхванне лялек, плясканне ў далоні, прытупванне, падскокі і гэтак далей. Напрыклад, у час знаёмства з народнай забаўлянкай “Кую, кую ножку” дзецям двух-трох гадоў прапаную імітаваць падбіванне лялечнага чаравічка малаточкам.

Вельмі падабаюцца дзецям папеўкі ў форме “пытанне — адказ” (напрыклад, “Сарока”, “Вось які мурлыка”, “Адмарозіў лапкі”, “Чы-чы-чы верабей” і іншыя). З цікавасцю выконваюць папеўкі і невялікія песенькі ў форме “рэха” (я спяваю адзін радок гучна, а дзеці самастойна паўтараюць яго ціха, і наадварот).

Маленькія дзеці з вялікім задавальненнем удзельнічаюць у карагодных гульнях “Бяжыць вожык”, “Парасон”, “Каруселі” і многіх іншых. Гэтыя гульні садзейнічаюць наладжванню дзіцячых узаемаадносін. Захапіўшыся гульнёй, выхаванцы не заўважаюць, што яна вядзецца на беларускай мове, і міжволі засвойваюць асобныя словы, выразы, песенькі.

Для паступовага ўвядзення беларускай мовы ў музычную дзейнасць дашкалят таксама выкарыстоўваю ляльку-беларусачку. Яна прыходзіць да дзяцей, цікавіцца іх заняткамі, гульнямі, размаўляючы толькі па-беларуску: задае пытанні, называе асобныя прадметы, што знаходзяцца ў дзяцей, выконвае розныя дзеянні з імі, спявае разам, танцуе.

Казкі, музычныя спектаклі — гэта невычэрпная крыніца развіцця пачуццяў і фантазіі. Расказванне невялікіх па аб’ёме твораў суправаджаю інсцэніроўкамі і тэатралізаванымі пастаноўкамі (“Калядная казка”, “Муха-пяюха”, “Зайкава хатка”, “Каза-манюка”, “Пых”, “Як курачка пеўніка ратавала” і іншыя). Гэта робіць больш лёгкім іх успрыманне і разуменне, заахвочвае да паўтарэння слоў, выразаў, песенек як на музычных занятках, так і ў свабоднай дзейнасці. Кожнае дзіця развівае актыўны і пашырае пасіўны слоўнік. Характар музыкі і дзіцячыя ўяўленні пра герояў падказваюць дашкалятам патрэбныя рухі. Я не імкнуся замацаваць галоўныя ролі за адным выхаванцам, даю магчымасць кожнаму паспрабаваць сябе ў розных ролях.

А як жа любяць дашкаляты народныя святы! Нацыянальнае адзенне, беларуская хатка, атрыбуты, музычныя інструменты… Дзеці з задавальненнем удзельнічаюць у восеньскiм кiрмашы, Калядах, гуканні вясны, вячорках. Асабліва цікава прайшла музычная забава “Куточак зямлі” для дзяцей старэйшага ўзросту, у час якой хлопчыкі і дзяўчынкі ў нацыянальным адзенні спявалі прыпеўкі на роднай мове, танцавалі “Трасуху” і “Бульбу”, звярталіся да беларускіх вершаў, выконвалі харэаграфічныя кампазіцыі з ручнікамі і васільковымі вяночкамі пад песні сучасных кампазітараў А.Ціхановіча і Я.Паплаўскай “Сінь васількі”, Л.Захлеўнага і Л.Пранчака “Хлеб ды соль”.  

Асноўныя задачы музычнай дзейнасці па далучэнні дзяцей да беларускай мовы — гэта развіццё пазнавальных і моўных здольнасцей, заахвочванне дзяцей да самастойнага выканання беларускіх песень, танцаў, гульняў, выхаванне каштоўнасных адносін да багаццяў беларускага фальклору і культуры. Высокія вынікі працы немагчымы без майго ўзаемадзеяння з выхавальнікамі ўсіх узроставых груп, псіхолагам, кіраўніком фізічнага выхавання, настаўнікам-дэфектолагам. Гэта дазваляе якасна ажыццяўляць работу па далучэнні дзяцей да роднай мовы ва ўсіх відах музычнай дзейнасці, улічваючы асабовыя здольнасці дзяцей.

Святлана ШАРЫКАВА,
музычны кіраўнік ясляў-сада № 7 Полацка.