Інтэрактыўныя метады для камунікацыі

Вучэбныя заняткі з выкарыстаннем інтэрактыўных метадаў будуюцца такім чынам, што кожны навучэнец уцягваецца ў працэс пазнання, мае магчымасць разумець, думаць, аналізаваць, ствараць.

Методыка інтэрактыўнага навучання выпрацоўвае ў дзяцей камунікатыўныя ўменні і навыкі, якія дапамагаюць ім завесці новых сяброў і выявіць свае асабістыя якасці. Лічу, што пры выкарыстанні інтэрактыўных метадаў навучанне прахо­дзіць больш эфектыўна, таму што дзеці не проста завучваюць матэрыял, а актыўна практыкуюць яго на ўроку і ў пазаўрочны час.

Арыстоцель гаварыў: “Пазнанне пачынаецца са здзіўлення”. Якім жа павінен быць пачатак урока? Вядома, займальным.

У пачатку ўрока замежнай мовы звычайна адчуваецца іншамоўна-маўленчая скаванасць, і мне як настаўніку важна пастарацца настроіць навучэнцаў на зносіны, стварыць маўленчы кантакт з як мага большай колькасцю навучэнцаў, гэта значыць ажыццявіць маўленчую падрыхтоўку натуральным шляхам.

Напрыклад, у пачатку ўрока для ўвядзення навучэнцаў у маўленчае асяроддзе, выкарыстоўваючы прыём “Я выбіраю…”, прапаную навучэнцам наступнае заданне: выберыце з мнос­тва прадметаў той, з якім вы сябе асацыіруеце, і раскажыце, што вас звязвае з гэтым прадметам.

Цікавасць і актыўнасць навучэнцаў неабходна падтрымліваць да канца ўрока. Я стараюся, каб кожны этап ўрока быў цікавым, яркім, запамінальным. Каб і моцныя, і нізкаматываваныя навучэнцы працавалі творча, умелі разважаць, даказваць, адстойваць свой пункт гледжання.

Для стварэння спрыяльнай атмасферы на ўроку выкарыстоўваю прыём “Кампліменты”. У 7 класе па тэме “Знешні выгляд і характар” прапаную навучэнцам падняць карткі, колер якіх адпавядае іх настрою, затым зрабіць камплімент суседу па парце, настаўніку. Вельмі важна вучыць адказваць на кампліменты: дзякаваць, гаварыць кампліменты ў адказ. Гэта дазваляе практыкаваць навучэнцаў у дыялагічным маўленні, знаёміць з этыкетнымі мадэлямі.

Дадзены прыём дапамагае нала­джванню і падтрыманню кантакту, як вынік — гатоўнасць вучняў да зносін. Прыём спрыяе псіхалагічнаму клімату для далейшых маўленчых зносін; уплывае на змену стану, самаадчування, паводзінскіх установак.

У 6 класе для арганізацыі камунікацыі ў пачатку ўрока па тэме “Кнігі” выкарыстоўваю прыём “Падары кнігу”. Напрыклад, я дэманструю кнігу з рэцэптамі і працягваю яе навучэнцу са словамі: “Мне падабаюцца кулінарныя кнігі. Я люблю гатаваць. А ты?”. Навучэнцы перадаюць кнігу адно аднаму, выказваючы сваё меркаванне аб ёй. У канцы практыкавання кніга вяртаецца да настаўніка.

Такі прыём стымулюе навучэнцаў на актыўнае маўленчае ўзаемадзеянне, спрыяе развіццю камунікатыўных навыкаў, замацаванню лексічнага слоўніка.

Для развіцця камунікатыўных навыкаў навучэнцаў у парнай рабоце выкарыстоўваю гульню “Крыжыкі і нулікі”. Напрыклад, у 5 класе на ўроку па тэме “Святы” прапаную навучэнцам, называючы словы па тэме, ставіць значкі Х і О на гульнявым полі. Пры ўдасканаленні маўленчых навыкаў ўскладняю заданне: неабходна назваць слова­злучэнне ці сказ па гэтай тэме.

Гульня “Крыжыкі і нулікі” можа праводзіцца ў кожным класе. Навучэнцы з любым узроўнем моўнай падрыхтоўкі актыўна ўключаюцца ў работу.

Інтэрактыўны метад “Цікавы аповед” таксама спрыяе развіццю творчых маўленчых навыкаў у навучэнцаў. Гэты метад універсальны, яго можна выкарыстоўваць з навучэнцамі любога ўзросту і на любым этапе ўрока. Дзеці складаюць калектыўны аповед па тэме. Кожная фраза складаецца з пэўнай колькасці слоў: першая — з аднаго, другая — з двух і г.д. Выйграе той, хто складае апошнюю фразу. Настаўнік ці адзін з навучэнцаў запісвае ўсе сказы на дошцы. Напрыклад: 1. Sommer. 2. Blumen blьhen. 3. Alles ist grьn…

Не менш цікавымі на маіх уроках з’яўляюцца і ролевыя гульні.

Ролевая гульня — гэта разыгрыванне сцэнкі з загадзя размеркаванымі ролямі ў інтарэсах авалодання пэўным паводзінскім ці эмацыянальным бокам жыццёвых сітуацый.

Напрыклад, у 6 класе пры вывучэнні тэмы “Ежа” з вялікай цікавасцю навучэнцы ўдзельнічаюць у ролевай гульні “Выбіраем і заказваем ежу ў кафэ”.

Гэты прыём цікавы тым, што кожны з удзельнікаў можа ўявіць сябе ў такой сітуацыі, адчуць той ці іншы стан больш рэальна, убачыць вынікі тых ці іншых дзеянняў і прыняць рашэнне.

На завяршальным этапе ўрока нямецкай мовы я лічу мэтазгодным выкарыстоўваць рэфлексіўную дзейнасць.

У сваёй рабоце для арганізацыі рэфлексіі выкарыстоўваю прыёмы “Дрэва поспеху”, “Незакончаны сказ”, “Плюс — мінус — цікава”.

Прыём “Незакончаны сказ” лічу ўніверсальным. Выкарыстоўваю яго на любым этапе ўрока. З адной і той жа фразай настаўнік можа звяртацца да 2—3 навучэнцаў.

Was hast du heute Neues, Interessantes in der Stunde erfahren?

Ich habe erfahren, dass…

Ich habe erfahren, wo…

Es war für mich interessant, …

Mir gefȁllt besonders in der Stunde, dass…

Вікторыя ПУНЧАНКА,
настаўніца нямецкай мовы гімназіі Нароўлі.