“Інсайт” ашмянскіх гімназістаў

На жнівеньскай нарадзе настаўнікаў Ашмяншчыны творчаму калектыву гімназіі № 1 Ашмян выпаў гонар абараняць пляцоўку “Праектна-даследчая дзейнасць: ад ідэі да рэалізацыі”.

На працягу трох гадоў пад кіраўніцтвам дырэктара гімназіі Вольгі Саванец рэалізоўваўся інавацыйны праект “Укараненне мадэлі цьютарскага суправаджэння даследчай дзейнасці навучэнцаў з дапамогай узаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі”. Асноўным паказчыкам паспяховай рэалізацыі гэтага праекта з’яўляецца асобасны рост навучэнцаў-цьютараў, іх асабістыя і сумесныя дасягненні, прырашчэнне ініцыятыўнасці і самастойнасці ў пошуку новай інфармацыі, веды, якія выходзяць за межы вучэбнай праграмы.

Пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара Ірыны Готка разам з навучэнцамі гімназіі была падрыхтавана абарона пляцоўкі. Мілана Іўлюшкіна, Аляксандра Кужэльная і Дзяніс Дрозд прывіталі гасцей і прэзентавалі клуб “Інсайт”, у якім нараджаюцца ідэі для новых творчых праектаў і даследаванняў. Нашы выхаванцы агучылі правілы клуба: работа ў камандзе, павага да меркавання кожнага, падтрымка, дапамога і кансультаванне, дзейнасць у розных прадметных галінах і на трох мовах, значныя дасягненні, прадстаўленне праектаў, актуальных для навучэнцаў і педагогаў устаноў адукацыі горада і раёна.

Шэсць літар назвы нашага клуба “Інсайт” — гэта шэсць крокаў ад ідэі да рэалізацыі праекта: і — ідэя, н — наяўнасць рэсурсаў, с — складанне плана работы над праектам, а — аналіз крыніц, і — інавацыя, т — творчасць.

Кожны з вучняў прапанаваў свой прадукт. Так, Мілана Іўлюшкіна з дапамогай настаўніцы М.Г.Свірбутовіч у сваёй апошняй рабоце “Фразеалагічныя адзінкі біблейскага паходжання” вывучала асаблівасці фразеалагізмаў біблейскай тэматыкі і вызначала этымалагічныя крыніцы фразеалагізмаў. Фразеалагічныя адзінкі — гэта ахілесава пята любога чалавека, фактычна любая алімпіяда, ЦТ маюць заданні, звязаныя з імі. Таму Мілана ўбачыла неабходнасць стварыць анімацыю, якая можа дапамагчы навучэнцам пашырыць свой “фразеалагічны запас”. Сутнасць анімацыі ў тым, што на экране з’яўляецца фразеалагізм, а ніжэй прапаноўваюцца яго значэнні. Задача — правільна іх суаднесці. Каляровыя індыкатары дапамагаюць зразумець правільнасць выканання задання. У канцы з’яўляецца адзнака.

Дзяніс Дрозд, экскурсавод гімназічнага музея “Вехі гісторыі”, даследуючы мінулае і сучаснасць гімназіі, горада і раёна, пад кіраўніцтвам А.В.Суславай прадставіў фрагмент экскурсіі на англійскай мове.

Аляксандра Кужэльная з дапамогай настаўніцы С.Г.Бурачэўскай прапанавала зборнік практыкаванняў па рускай мове з выкарыстаннем арфаграм на аснове абгортак для цукерак, які быў створаны ў ходзе работы над праектам “Руская мова на цукерачных фанціках”. Работа дала магчымасць навучэнцы паглыбіць веды ў галіне рускай мовы і развіць арфаграфічную пільнасць. 

Гімназія № 1 Ашмян у новым навучальным годзе папоўнілася пяццю маладымі спецыялістамі. Гэта настаўніцы Юлія Дэрвіс, Ксенія Багдзевіч, Ганна Юралевіч, Ілона Аляхновіч і выхавальніца Анжаліка Кавалёва. Усе дзяўчаты — ураджэнкі нашага горада і раёна. Прыемна адзначыць, што ўсе яны вярнуліся жыць і працаваць на малую радзіму.

Сняжана БУРАЧЭЎСКАЯ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Ашмян.