Інавацыйная дзейнасць адкрывае новыя магчымасці

Азёркаўская сярэдняя школа з верасня 2018 года працуе над рэалізацыяй рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне этнакультурных тэхналогій для пашырэння і ўзбагачэння адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі”.

Інавацыйная дзейнасць мяняе традыцыйную кіраўніцкую піраміду і на першы план выводзіць педагога і выхаванцаў, кіраўнікоў, іх прафесійныя запыты і патрэбы. А рухальнай сілай развіцця ўстановы адукацыі становяцца не націск, а рэальны творчы патэнцыял педагогаў: іх рост, адносіны да працы, здольнасці раскрываць патэнцыяльныя магчымасці выхаванцаў. Доказам гэтага чарговы раз стаў інавацыйны чэлендж “Традыцыі і наватарства: ствараючы новае, захоўваем вопыт мінулага”, які праводзіўся ў нашай школе з 1 па 5 лютага. Назіраючы за працай педагогаў і вучняў, прыйшлі да высновы, што творчасць і крэатыў­насць нашых педагогаў толькі прымнажаюцца. І калі яны працуюць у камандзе, нараджаюцца новыя ідэі, праекты і шляхі іх рэалізацыі.

А зараз крыху падрабязней пра тое, чым займаліся вучні і настаўнікі на працягу тыдня. Спачатку быў распрацаваны план, згодна з якім кожны дзень праводзіліся цікавыя мерапрыемствы як для вучняў, так і для педагогаў. У першы дзень настаўнікі — ­ўдзельнікі інавацыйнага праекта правялі экскурс па старонках зборніка “Інавацыйная адукацыйная практыка як рэсурс развіцця”, які быў выдадзены па матэрыялах рэспубліканскай канферэнцыі. Больш за 270 артыкулаў змешчана на старонках зборніка. Вопыт, якім дзеляцца настаўнікі з розных рэгіёнаў краіны, можна выкарыстоўваць у сваёй працы. Для настаўнікаў працавала дыялогавая пляцоўка “Праблемы, пытанні, шляхі вырашэння”. А для вучняў 1-га класа Т.М.Шалястовіч правяла цікавае мерапрыемства — quirk-настройку “Як у нашай бабкі смачныя аладкі”. Вучні гулялі ў розныя гульні, спявалі беларускія песні, адгадвалі загадкі і, вядома, частаваліся аладкамі. Клас быў святочна ўпрыгожаны, настаўніца апранута ў нацыянальны касцюм, усё гэта стварала патрэбны настрой. У вучняў засталіся прыемныя ўражанні, яны набылі веды пра звычаі і абрады беларусаў, якія яны будуць паглыб­ляць з кожным днём.

Для вучняў 4 класа прайшоў крэатыўны забег “Па сцежках спадчыны” ў форме квеста (настаўнік Т.В.Пчэльнік). Лічу, што гэта цікавая форма работы для вучняў рознага ўзросту. З задавальненнем дзеці ўключыліся ў работу, шукаючы скарбы роднага краю, якія ў выглядзе падказак былі размешчаны па ўсім класе. Забег атрымаўся на самай справе крэатыўным. Вучні зрабілі выснову, што павінны захоўваць нашу спадчыну і перадаваць яе іншым пакаленням, а таксама назвалі, якая спадчына засталася нам ад нашых продкаў: загадкі, прыказкі, калыханкі, святы, гульні і інш.

Вучні 9—11 класаў сабраліся на пасяджэнні клуба інтэлектуальнага беларуса (КІБ), дзе размаўлялі пра фальклор і не толькі ў карчме дзядзь­кі Сані. Мерапрыемства рыхтавалі разам з вучнямі настаўнікі Т.А.Галавач, І.А.Гарбацэвіч, А.А.Шалястовіч (ён жа гаспадар карчмы дзядька Саня). Паміж сабой спаборнічалі дзве каманды вучняў — “Азёркаўскія дранікі” і “Азёркаўскія ламанцы”. Тэма пасяджэння — “Фальклор, фальклор — душа народа”. Чаго толькі не давялося рабіць вучням! Яны прадстаўлялі свае каманды, удзельнічалі ў конкурсах “Спадчына”, “Гістарычны”, “Работнікі” і інш. Капітаны апынуліся ў каралеўстве крывых люстэркаў, усе разам танцавалі флэш-моб пад беларускія народныя песні. Вельмі цікавымі былі конкурсы “Што ў чорнай скрыні?” і “Пазнай беларускія стравы ў вершы Н.Гілевіча”. А конкурс “Мой родны кут, як ты мне мілы…”, дзе вучням неабходна было з завязанымі вачыма намаляваць сваю малую радзіму, прайшоў надзвычай весела, малюнкі нашых мастакоў высока ацанілі члены журы. У выніку перамаглі “Азёркаўскія дранікі”.

Падведзены вынікі і зроблены высновы: мы ўсе павінны вывучаць і шанаваць родную мову, нашу спадчыну, каб не страціць права звацца беларусамі.

Рэгіна ДРАВІЦА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Азёркаўскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна.