І памяць жыве

У 2019 годзе Беларусь адзначыла 75-годдзе з дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх  захопнікаў. Да гэтай памятнай даты адзінаццацікласнікамі сярэдняй школы № 157 Мінска імя Аляксея Сямёнавіча Бурдзейнага была закладзена алея выпускнікоў. Такім чынам выпускнікі 2020 года працягнулі традыцыю сваіх папярэднікаў. І вось на алеі ўжо 4 туі чатырох выпускных класаў  2018/2019 і 2019/2020 навучальных гадоў.

Нашы выпускнікі працягваюць школьную традыцыю, якая была распачата ў 2013 годзе, калі да 70-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў школе рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта было прысвоена імя  Аляксея  Сямёнавіча Бурдзейнага.

На савеце школы было прынята рашэнне аб арганізацыі работы па адкрыцці музея, прысвечанага А.С.Бурдзейнаму. Была арганізавана акцыя “Дапамажы  музею А.С.Бурдзейнага”, падчас якой былі сабраны матэрыялы і экспанаты для будучай музейнай экспазіцыі: прадметы, якія характарызуюць жыццё і побыт лю­дзей часоў Вялікай  Айчыннай вайны, дакументы, фотаздымкі, успаміны ветэранаў.

Школа наладзіла сувязь з сынам Аляксея Сямёнавіча Бурдзейнага — Юрыем Аляксеевічам Бурдзейным, які падарыў школе архіўныя матэрыялы свайго бацькі.

Таксама ў школы завязалася супрацоўніцтва з ліцэем № 62 Саратава, дзе знаходзіцца музей Тацынскай танкавай брыгады, пошукавым батальёнам в/ч 3213 (школе  перадалі экспанаты, якія былі знойдзены ў выніку  раскопак  на  месцах  баёў).

1  ліпеня 2014  года адбылося  адкрыц­цё сквера, Алеі Славы, якія прысвечаны Героям Савецкага Саюза 2-га гвардзей­скага Тацынскага танкавага корпуса, і музейнай экспазіцыі, прысвечанай Герою Савецкага Саюза А.С.Бурдзейнаму.

На  адкрыцці прысутнічалі  прадстаўнікі кіраўніцтва Мінска, Фрунзенскага раёна, дэпутаты  Нацыянальнага  сходу  Рэспублікі  Беларусь, Мінгарсавета, прадстаўнікі  грамадскіх арганізацый, кіраўнікі навучальных устаноў, жыхары Фрунзенскага раёна, а таксама дэлегацыя з Масквы: Ю.А.Бурдзейны, М.І.Чахлоў — член савета рэгіянальнай  грамадскай арганізацыі “Нацыянальна-культурная  аўтаномія “Беларусы Масквы”, М.Д.Чубараў — старшыня Савета ветэранаў 2-га гвардзейскага Тацынскага танкавага корпуса, І.Лосік — унучка маршала бронетанкавых войск А.А.Ло­сіка.

Музей размешчаны ў рэкрэацыі 2-га паверха агульнай плошчай 116,6 кв.м. Фонд музея налічвае больш за 130 экспанатаў асноўнага і каля 40 экспанатаў навукова-дадатковага фонду.

На сценах рэкрэацыі вісіць банер з інфармацыяй аб жыццёвым шляху А.С.Бурдзейнага і 2-га гвардзейскага Тацынскага танкавага корпуса. У музеі знаходзіцца бюст А.С.Бурдзейнага, падораны школе асацыяцыяй “Беларусы Масквы”.

Музей налічвае восем экспазіцый: “Памяць вогненных гадоў”; “Баявы  шлях  2-га гвардзейскага Тацынскага танкавага корпуса”; “Баі 2-га гвардзейскага Тацынскага танкавага корпуса пры вызваленні Беларусі”; “Яны змагаліся за Радзіму”; “Партызанскі быт”; “Ваенная амуніцыя”; “Атрыбуты вайны”; “Ордэны і  медалі”. З усімі экспанатамі музея можна азнаёміцца ў віртуальным музеі, створаным на сайце школы sch157.minsk.edu.by ў раздзеле “Аб школе”.

Першым кіраўніком музея была настаўніца гісторыі В.В.Лукашэвіч, праця­гвае працу па развіцці музея малады  спецыяліст  І.А.Епіхаў.

З 1 ліпеня 2014-га па 31 мая 2020 года ў музеі праведзена 276 экскурсій, наведала музей 4680 чалавек — гэта вучні ўстаноў  адукацыі Фрунзенскага раёна Мінска, а таксама госці з Расіі, Эстоніі, Францыі.

Выхаванне  патрыятызму — гэта  выхаванне любові да  Айчыны, яе  культуры, гордасці  за  яе мінулае і сучаснасць. Але  ўсё гэта немагчыма без стварэння сі­стэмы работы па фарміраванні цікавасці да  гісторыі  сваёй краіны, прычым не проста цікавасці, а  пазнавальнай дзейнасці.

Наша школа знайшла сваю нішу ў гэтай справе праз увекавечанне памяці герояў і памятных падзей і паслядоўна  рэалізуе яе.

Святлана СКРОЦКАЯ,
дырэктар сярэдняй школы № 157.