Хутка ў школу

Большасць дзяцей 5—6 гадоў у асноўным гатовы да школы. Аднак гэта яшчэ не значыць, што дзеці ўсвядомілі важнасць вучобы і гатовы рупліва працаваць. Проста яны зразумелі, што статутнае месца школьніка значна важней і больш ганаровае, чым дашкольніка, які ходзіць у дзіцячы сад або сядзіць з мамай дома. Менавіта ва ўстанове дашкольнай адукацыі адбываецца фарміраванне матыву і жадання ісці ў школу.


У рабоце з выхаванцамі 5—6 гадоў выкарыстоўваем шмат разнастайных форм, метадаў і прыёмаў для фарміравання матывацыйнай і сацыяльна-асобаснай гатоўнасці да навучання ў школе. Гэта экскурсіі на тэрыторыю школы, у школьны музей і бібліятэку, відэазвароты і відэапрывітанні ад першакласнікаў, сумесныя выставы работ, сюжэтна-ролевая гульня “Школа”, выкананне дзецьмі дома гульнявых заданняў.

У нашым дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 2 Дзятлава выхаванцы старшых груп, выхаванцы, якія наведваюць групу кароткачасовага знаходжання “Падрыхтоўка да школы”, удзельнічаюць у розных акцыях: “Зробім наш горад больш чыстым”, “Упрыгожыць клумбы кветкамі”, “Экскурсаводы нашага горада”, “Мы — за ахову прыроды!”. Выхавальнікі дашкольнай адукацыі ўключаюць дзяцей у пазнавальную, гульнявую, мастацкую і эксперыментальную дзейнасць.

Пры арганізацыі нерэгламентаваных відаў дзейнасці выхаванцам прапануюцца пазнавальныя прэзентацыі, дыдактычныя гульні на інтэрактыўнай дошцы, работа ў эксперыментальных нататніках, экадзённіках, экакалендарах.

Ва ўстанове дашкольнай адукацыі рэалізуецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі праграмна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу для груп кароткачасовага знаходжання дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі”. У рамках гэтага праекта выхавальнікі дашкольнай адукацыі распрацоўваюць канспекты інтэграваных заняткаў для выхаванцаў 5—6 гадоў па адукацыйных галінах “Дзіця і грамадства”, “Развіццё мовы і культура маўленчых зносін”, “Элементарныя матэматычныя ўяўленні”, “Мастацтва” (выяўленчая дзейнасць) і арганізоўваюць дадатковыя заняткі для выхаванцаў 5—6 гадоў, якія наведваюць групу кароткачасовага знаходжання “Падрыхтоўка да школы”.

У сваёй групе арганізоўвала адукацыйны працэс з дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту па гульнявым праекце “Нас чакае школа” (падрабязней з ім можна азнаёміцца на сайце ўстановы dtds2.schools.by). Гэты праект уключаў у сябе падрыхтоўку паведамленняў дзяцей і бацькоў на тэмы: “Такія розныя партфелі”, “Школа ХХ стагоддзя”, “Такі няпросты аловак”, “Школьны дзённік”, “Гісторыя аўтаручкі”, “Віды паперы” і інш. Выхаванцам былі прапанаваны розныя ролі: гісторыкі, даследчыкі, эксперты, прадаўцы, экскурсаводы, менеджары, рэкламныя агенты. З дапамогай гульнявых праектаў дзеці падбіраюць з бацькамі і даведваюцца шмат новай і цікавай інфармацыі, рыхтуюць паведамленні па схемах-мадэлях, малююць, выдумляюць, вучацца слухаць адно аднаго і дамаўляцца.

Арганізацыя гульнявых праектаў з выхаванцамі 5—6 гадоў значна павышае іх цікавасць і садзейнічае развіццю навыкаў вучэбнай дзейнасці, спрыяе фарміраванню матывацыйнай гатоўнасці да школьнага навучання, ўсведамленню новай сацыяльнай ролі “я — вучань”.

Галіна ХРАШЧАНОВІЧ,
выхавальнік-метадыст ДЦРД № 2 Дзятлава.