Хараство малой радзімы

Срэбны бляск воднай гладзі, дыяментавая лістота дрэў, незлічоная колькасць адценняў кветак, водар мяты, палявых і лясных раслін, фантастычныя фарбы заходаў і ўсходаў сонца — усё гэта бясцэнны скарб памяці кожнага чалавека, звязанага са сваёй малой радзімай. Дзе сучасным гарадскім дзецям пазнаёміцца з гэтай прыроднай прыгажосцю?

Не ўсе бацькі маюць магчымасць вывозіць сваіх дзяцей за горад. Жыхарам Светлагорска ў гэтым сэнсе пашчасціла. У Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” працуе турыстычны гурток пад кіраўніцтвам Аляксея Пятровіча Астроўскага. На працягу навучальнага года гурткоўцы вывучаюць парадак арганізацыі і правілы паво­дзін у паходах і на спаборніцтвах, асновы тапаграфіі і арыентавання па мясцовых прыметах і зорках, небяспечныя і атрутныя расліны. Тут да­юць веды аб самакантролі і даўрачэбнай медыцынскай дапамозе, расказваюць пра метады пера­адолення натуральных перашкод, спосабы арганізацыі і правя­дзення пошукава-выратавальных работ, асноўныя гістарычныя і геаграфічныя звесткі пра родны край і многае іншае.

А летам з’яўляецца магчымасць прымяніць веды на практыцы. Кожны год кіраўнік гуртка арганізоўвае двух- ці трохдзённыя паходы, паходы выхаднога дня, а таксама шматдзённыя. Нядаўна адбыўся водны паход па маршруце Парычы — Светлагорск. Група з чатырох юнакоў, трох дзяўчат і двух педагогаў выбіралі месца для будучага лагера, які запланаваны ў сярэ­дзіне ліпеня. Гэта будзе вялікі сплаў па рацэ Бярэзіна, з разнастайнымі мерапрыемствамі, вандраваннем па тэрыторыі заказніка рэспубліканскага значэння “Выдрыца”. Пажадаем юным турыстам лёгкіх дарог і добрых прыгод.

Наталія КЛІМЯНОК,
загадчык аддзела ЦТДіМ “Ювента” Светлагорска.