Гуляем з LEGO і гаворым!

Два гады ў нашай установе адукацыі — яслях-садзе “Сонейка” п. Дружны — мы працавалі па праекце “Выкарыстанне LEGO-канструявання для фарміравання лексіка-граматычных сродкаў мовы ў дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннямі маўлення”.

Пачалі са стварэння развіццёвага пакоя, абсталяванага зручнай мэбляй, ТСН. Набылі канструктары LEGO Education “Мая першая гісторыя” і “Пабудуй сваю гісторыю”, платформы, кантэйнеры для дэталяў канструктара. Арганізавалі бяспечнае асяроддзе па выкарыстанні LEGO-канструктара (стэнд “Мая бяспека”, гульні па вывучэнні піктаграм правіл бяспекі).

Для выхаванцаў груп для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення і для дзяцей з АНМ, якія наведваюць ПКПД установы дашкольнай адукацыі на працягу праектнага перыяду, настаўнікі-дэфектолагі праводзілі заняткі па фарміраванні лексіка-граматычных сродкаў мовы і развіцці звязнага маўлення з выкарыстаннем канструктара LEGO Education.

На першых занятках выхаванцы знаёміліся з канструктарам LEGO і яго дэталямі, вывучалі правілы бяспекі выкарыстання канструктара, у дзяцей фарміраваўся навык мадэлявання найпростых плоскасных і аб’ёмных пабудоў, выхоўваліся беражлівыя адносіны да канструктара.

На занятках па фарміраванні лексіка-граматычных сродкаў мовы і развіцці звязнага маўлення з выкарыстаннем LEGO-канструктара выхаванцы ўзбагачалі слоўнікавы запас па лексічных тэмах, фарміравалі навыкі словаўтварэння, правільнага дапасавання і ўжывання слоў.

Усе дэталі LEGO Education ідэальна падыходзяць адна да адной. Не сутыкняцеся з тым, што не зможаце злучыць некалькі частак паміж сабой. Часткі набору зроблены толькі з высакаякаснага пластыку. Гэта вельмі важна, бо любая цацка павінна быць абсалютна бяспечнай для дзіцяці. Кожны камплект мае адпаведныя сертыфікаты і дакументы. Гэты аспект важны для ўсіх адукацыйных устаноў.

Наборы дазваляюць у лёгкай гульнявой форме вучыць дзяцей.

Канструктары LEGO — гэта займальны матэрыял, які стымулюе дзіцячую фантазію, уяўленне, фарміруе маторныя навыкі.

 Падчас гульні з LEGO-кан­структарам уключаюцца розныя групы мышцаў, адбываецца развіццё маторыкі рук. Трэніруючы пальцы, мы аказваем магутнае ўздзеянне на працаздольнасць кары галаўнога мозга, адпаведна, і на развіццё маўлення. Таму прымяненне LEGO-канструктараў, арыентаваных на развіццё дробнай маторыкі, з’яўляецца незаменным у рабоце настаўніка-дэфектолага.

Кожнае дзіця любіць і хоча гуляць, але не кожнае можа навучыцца гэта рабіць самастойна. Дзеці, якія маюць парушэнні ў маўленчым развіцці, патрабуюць больш уваж­лівага і мэтанакіраванага кіраўніцтва гульнёй з боку педагога.

Для развіцця дыялагічнага маўлення, правільнай пабудовы звязнага выказвання неабходна пастаянна ствараць натуральную для дзіцяці сітуацыю, у якой у яго будзе магчы­масць гаварыць, робячы нешта. Гаварыць пра нешта абстрактнае дзіцяці цяжка, значна прасцей расказаць пра тое, дзе яно ўдзельнічае, што стварае сваімі рукамі.

Асноўным у рабоце з выкарыстанне LEGO з’яўляецца канструяванне мадэлей з наступным іх апісаннем, выкарыстанне сканструяваных мадэлей для развіцця лексіка-граматычнага складніка маўлення, канструяванне дэкарацый, прайграванне дзеянняў персанажаў з агучваннем.

Работа па развіцці маўлення з прымяненнем LEGO зрабіла карэкцыйны працэс больш выніковым. Дзеці ўспрымаюць заняткі як гульню, якая не выклікае ў іх негатыву, а прывучае да ўважлівасці, уседлівасці, дакладнага выканання інструкцый. Гэта дапамагае лепшаму засваенню карэкцыйнага матэ­рыялу.

Вынікі маніторынгу паказалі, што 88% дзяцей за перыяд работы з канструктарам палепшылі свае паказчыкі па ўзроўні развіцця лексіка-граматычных сродкаў мовы, канструктыўных навыкаў і дробнай маторыкі.

За час праектнай дзейнасці настаўнікі-дэфектолагі распрацавалі каляндарна-тэматычнае планаванне, канспекты заняткаў, артыкуляцыйную і дыхальную гімнастыку, гульні на аснове LEGO-канструктара.

Распрацаваны метадычныя рэкамендацыі для настаўнікаў-дэфектолагаў па выкарыстанні LEGO-канструктара на занятках па фарміраванні лексіка-граматычных сродкаў мовы і развіцці звязнага маўлення ў дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннямі маўлення.

Педагогі, якія ўдзельнічалі ў праекце, у цэлым задаволены вынікамі сваёй работы. Выхавальнікі адзначылі, што канструктыўныя навыкі ў самастойнай гульнявой дзейнасці ў дзяцей, якія наведваюць заняткі па фарміраванні лексіка-граматычных сродкаў мовы з дапамогай LEGO-канструктара, адрозніваюцца складанасцю гульнявога сюжэту, дзеці пры канструяванні выкарыстоўваюць дадатковы гульнявы матэрыял (фігуры людзей, жывёл, прадметы, якія абазначаюць прылады працы і г.д.).

Педагогі адзначылі, што праект дазволіў раскрыць магчымасці LEGO-канструктара ў карэкцыйнай рабоце настаўніка-дэфектолага. Падчас гульняў з LEGO у дашкольнікаў фарміруецца граматычны складнік маўлення (навыкі дапасавання лічэбнікаў да назоўнікаў, прыметнікаў да назоўнікаў у родзе, ліку і склоне, формаўтварэнне назоўнікаў з прыназоўнікамі і без, словаўтварэнне дзеясловаў з выкарыстаннем розных прыставак, а таксама ўтварэнне складаных слоў), развіваюцца і ўдасканальваюцца вышэйшыя псіхічныя функцыі (памяць, увага, мысленне), дробная маторыка і каардынацыя рухаў рукі.

Работа па лексічных тэмах з дапамогай LEGO-канструктара дае магчымасць дзецям запамінаць новыя словы, выкарыстоўваючы тактыльны і зрокавы аналізатары. Назапашванне слоўніка ў дзяцей адбываецца праз убачанае і ўсвядомленае. Эмацыянальны складнік гульні спрыяе актывізацыі дыялогаў у працэсе работы. Складанне аповеду па пабудаваных дэкарацыях аб’ядноўвае дыялогі ў агульнае вялікае апавяданне, што дапамагае дзецям прасачыць прасторава-часавыя адносіны, неабходныя для звязнасці выказвання.

Канструюючы фігуры жывёл, дзеці вучацца вылучаць часткі цэлага і адпрацоўваюць склонавыя канчаткі. (Кацяня без чаго? Без хва­ста.) Складанне частак розных жывёл дапамагае развіваць разуменне ўтварэння складаных слоў.

У будучыні нашы педагогі плануюць выкарыстоўваць артыкуляцыйную і дыхальную гімнастыку, гульні з LEGO-канструктарам для правядзення заняткаў па фарміраванні лексіка-граматычных сродкаў мовы і развіцці звязнага маўлення ў дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннямі маўлення, бо LEGO-канструяванне цалкам адпавядае інтарэсам дзяцей, іх здольнасцям і магчымасцям.

Вольга ПАПОВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада “Сонейка”  п.Дружны Пухавіцкага раёна.