Гульнявы геакэшынг знайшоў сябе ў дзіцячым садзе

Сучаснае дзіця штодня бачыць сістэму спадарожнікавай навігацыі ў аўтамабілі сваіх бацькоў у выглядзе навігатара GPS (глабальная сістэма пазіцыянавання высокай дакладнасці). У яго ўзнікаюць заканамерныя пытанні: “Што пазначае стрэлачка?”, “Чаму яна рухаецца?”, “Дзе мы знаходзімся?”. У працэсе ўсведамлення адказаў на гэтыя пытанні ў хлопчыкаў і дзяўчынак фарміруюцца ўяўленні пра такія паняцці, як карта мясцовасці, сістэма руху або рух. Новыя паняцці выклікаюць у дзяцей цікавасць, ім хочацца ўвасобіць іх у сваёй гульнявой дзейнасці. Вопытны педагог разумее, як накіраваць усё гэта ў адукацыйнае рэчышча: ён выкарыстоўвае элемент навізны, імкнецца ў гульнявой форме прывесці дзіця да нязмушанага засваення пэўных уяўленняў, матываваць да самастойнай пошукавай актыўнасці і рашэння матываваных задач.

Мэта, ланцужок пастаўленых перад камандай задач, этапаў-узроўняў, звязаных з пошукам, характарызуюць квест-гульні. А калі для вырашэння названых задач выкарыстоўваць геалакацыю-навігацыю GPS у розных мабільных дадатках, атрымаецца новая форма гульні і адна з сучасных тэхналогій дашкольнай адукацыі — геакэшынг. Гэта даволі папулярная гульнявая форма арганізацыі адукацыйнага працэсу, звязаная з турызмам і краязнаўствам, найбольш прыдатная для старэйшага дашкольнага ўзросту і падобная па прынцыпе арганізацыі да квест-гульняў. Але яна адрозніваецца абавязковым выкарыстаннем навігатара, з дапамогай якога адшукваюцца схованкі, і непасрэдным паглыбленнем у прыроднае асяроддзе.

Geo перакладаецца з грэчаскай мовы як “зямля”, а caching — з англійскай “тайнік”. Па сутнасці, атрымліваецца “пошук схованкі ў зямлі”. Асноўная ідэя геакэшынга заключаецца ў тым, што гульцы з дапамогай GPS шукаюць загадзя падрыхтаваныя схованкі з заданнямі. Правілы арганізацыі гульні простыя: перад дашкольнікамі ставіцца мэта — прайсці некалькі этапаў, выконваючы пэўныя заданні, звязаныя з пошукам тайніка па карце або навігатары, і атрымаць у выніку што-небудзь для іх каштоўнае (напрыклад, прыз, падарунак, кнігу, гульню).

Выкарыстанне ў адукацыйным працэсе дашкольнай адукацыі гэтай інтэрактыўнай гульнявой тэхналогіі дапамагае педагогу выявіць узровень засваення выхаванцамі ўяўленняў па многіх адукацыйных галінах, бо такія формы спецыяльна арганізаванай дзейнасці накіраваны на сістэматызацыю і творчае прымяненне засвоеных выхаванцамі ведаў. Інтэрактыўная гульня спрыяе развіццю ў выхаванцаў цэласнай сістэмы ўніверсальных фізічных, сацыяльна-маральных і асобасных, адукацыйных характарыстык, бо стварае спрыяльныя ўмовы для фарміравання цікавасці да пазнавальнай дзейнасці, імкнення вырашаць праблемныя задачы. Акрамя таго, фармат гульні абуджае камандны дух, стымулюе гібкасць паводзін дзяцей, пошук неардынарных рашэнняў, рашучасць, кемлівасць, жаданне ўзаемадзейні­чаць як адно з адным, так і з дарослымі. Гуляючы, дзеці ў займальнай форме і ў натуральным прыродным асяроддзі развіваюць кругагляд, даследчую і пазнавальную актыўнасць, прасторавыя ўяўленні і арыенціроўку на мясцовасці, а таксама ўдасканальваюць псіхічныя працэсы, умацоўваюць здароўе і фізічныя магчымасці. Такія гульні выхаванцы запамінаюць на ўсё жыццё.

Педагогі нашай дашкольнай установы актыўна выкарыстоўваюць квеставыя тэхналогіі ў рабоце як з выхаванцамі, так і з педагогамі. Адзін з праектаў пад назвай “Фікс-квест” аб’яднаў пошукавыя памкненні дзяцей і педагогаў на міжрэгіянальным семінары, калі агульнымі намаганнямі было знойдзена дрэва ведаў. На раённым метадычным фарміраванні на тэму “Геакэшынг як адна з сучасных форм работы па экалагічным выхаванні дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту” для выхавальнікаў дашкольнай адукацыі быў праведзены майстар-клас па вывучэнні тэхналогіі і яе практычным прымяненні. Улетку дзеці акунуліся ў прыгоды “Пірацкага геаквеста” з пошукам куфра са скарбамі (вітамінамі), мэтай якога было выхаванне здаровага ладу жыцця. Напярэдадні Новага года нашы выхаванцы са старшай групы паэтапна “здымалі чары” з цацак для навагодняй ёлкі ў захапляючай прыго­дзе — геакэшынгу.

Геакэшынг у дашкольнай установе — гэта займальнае падарожжа ў краіну ведаў, якое дазваляе дзецям спазнаць таямнічы свет загадак і прыгод, праявіць кемлівасць і настойлівасць, адчуць сябе сапраўднымі першаадкрывальнікамі і даследчыкамі, а педагогам дапамагае эфектыўна рэалізаваць мэты і задачы развіццёвага навучання.

Алена БАНЕЎСКАЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 2 г.п.Ушачы.