Гульня без меж

Напярэдадні правядзення чэмпіянату свету па футболе было арганізавана раённае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў вучэбнага прадмета “Фізічная культура і здароўе” па тэме “Выкарыстанне разнастайных метадаў навучання і выхавання на ўроку па спартыўных гульнях як універсальны сродак фізічнага выхавання навучэнцаў”.

Настаўнік другой кваліфікацыйнай катэгорыі, кіраўнік фізічнага выхавання, трэнер-выкладчык секцыі “Футбол” ДЮСШ Магілёўскага раёна А.М.Афанасьеў выбраў нестандартную форму практычных заняткаў па асновах відаў спорту — фестываль масавага футбола. Мерапрыемства праводзілася з мэтай прыцягнення навучэнцаў да сістэматычных заняткаў фізічнай культурай, для прапаганды спорту, папулярызацыі футбола, а таксама ўмацавання здароўя.

Фестываль масавага футбола праходзіў на працягу аднаго дня і быў накіраваны на прыцягненне максімальнай колькасці хлопчыкаў і дзяўчынак у розныя мерапрыемствы: практыка-арыентаваныя матчы ў няпоўным складзе, трэніровачныя практыкаванні для фарміравання базавых навыкаў гульні.

У фестывалі прымаюць удзел 6 каманд, якія па гадзіннікавай стрэлцы перамяшчаюцца з аднаго поля на іншае поле. Цэнтральнае поле прызначана для правядзення матчаў, чатыры бакавыя палі (па два з абодвух бакоў) — для рабочых груп. Час знаходжання на адным з палёў — 6 мінут. Калі кожная каманда праходзіць першы поўны круг, аб’яўляецца перапынак на 10 мінут для адпачынку і аднаўлення сіл. Затым работа працягваецца, пакуль каманды не пройдуць другі поўны круг.

На поле дапускаюцца толькі дзеці і трэнеры-выкладчыкі. Дзейнічае прынцып “дайце дзецям гуляць”. Суддзя адсутнічае, а за гульнёй з краю поля сочыць трэнер-выкладчык. Па гэтай прычыне палі павінны быць блізка адно да аднаго. Вынікі не фіксуюцца. Галоўнай мэтай мерапрыемства з’яўляецца адточванне тэхнікі гульні.

Першы фестываль масавага футбола праходзіў у нашым ВПК пры ўдзеле дырэктара ДЮСШ Магілёўскага раёна А.С.Малашука. Былі задзейнічаны навучэнцы 1—8 класаў, бо менавіта гэты школьны ўзрост лічыцца найбольш спрыяльным для навучання разнастайным рухальным уменням і навыкам. Фестываль праводзіўся без узроставых і гендарных абмежаванняў, незалежна ад узроўню падрыхтоўкі і ведання тэхнікі гульні. Памочнікамі ў правядзенні трэніровачных практыкаванняў былі прафесійныя трэнеры-выкладчыкі.

Вынікі мерапрыемства чарговы раз даказалі, што для гульні ў футбол няма ніякіх абмежаванняў. Футбол — гэта сапраўдная школа жыцця!

Святлана САКАЛОВА,
настаўніца Мастоцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Магілёўскага раёна.