Зялёныя ратавальнікі

На базе Гнезнаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна працаваў дзіцячы аздараўленчы лагер “Сонейка”, дзе маглі адпачыць, набрацца сіл і праявіць сябе навучэнцы 7—13-гадовага ўзросту.

Сюжэтна-гульнявая дзейнасць праекта “Зялёныя ратавальнікі” прадугледжвала неверагодна займальнае падарожжа ў казачную краіну, дзе з першага дня змены дзеці былі ўключаны ў гульню “Дапамажы сонейку сабраць праменьчыкі”. Выхаванцы лагера сталі “зялёнымі ратавальнікамі” нашай краіны і за добрыя справы і ўчынкі ў якасці заахвочвання атрымлівалі маленькія сонейкі. А 10 маленькіх сонейкаў запальвалі на нашым вялікім сонцы адзін праменьчык.

Непрыметна праляцелі 18 дзён. Гэта былі традыцыйныя тэматычныя дні: “Дзень прыроды”, “Дзень кнігі”, “Дзень сяброўства”, “Дзень смяшарыкаў”, “Дзень сяброў”, “Дзень музыкі”, “Дзень правілаў дарожнага руху”, “Дзень бяспекі” і інш. Жыццё ў лагеры было насычаным, поўным падзей і сустрэч. Вхаванцы з нецярпеннем чакалі наведвання сельскага Дома культуры, дзе для іх праводзіліся цікавыя мерапрыемствы. Работнікі клуба падрыхтавалі гульнявыя праграмы “Рознакаляровая гульня”, “Ура! Канікулы”, тэатралізаванае прадстаўленне “Дзяцінства — гэты ты і я”, якія завяршаліся вясёлай дыскатэкай.

Прыязджалі ў лагер і госці — работнікі Дома творчасці дзяцей і моладзі Ваўкавыска. Яны правялі цікавыя майстар-класы па харэаграфіі і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.

Году малой радзімы былі прысвечаны экскурсія па аграгарадку Гнезна (“Мясціны, дарагія майму сэрцу”), прагулка ў мясцовы парк (“Старажытны парк Гнезна — гістарычная спадчына маёй малой радзімы”), экалагічная экскурсія да крыніцы вёскі Галынкі. Дзеці наведалі Дом рамёстваў, эколага-біялагічны цэнтр, пажарную часць у Ваўкавыску, гісторыка-краязнаўчы музей у Свіслачы. У Дзень памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны здзейснілі падарожжа па месцах баявой славы (“Ніхто не забыты, нішто не забыта”), наведалі помнік воінам Вялікай Айчыннай вайны, правялі акцыю “Запалі свечку памяці”.

Вялікая ўвага ў нашым лагеры ўдзялялася аздараўленчым мерапрыемствам: акрамя традыцыйных ранішняй зарадкі, спартландыі, спартыўнай эстафеты і рухавых гульняў на свежым паветры, дзеці з вялікім задавальненнем наведвалі плавальны басейн фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Ваўкавыска.

Змена прайшла паспяхова, і хлопчыкі з дзяўчынкамі зарадзіліся пазітывам на ўсе летнія канікулы, пра што сведчыла нават сонейка, якое падчас закрыцця лагера ззяла яркімі праменьчыкамі.

Надзея ЛОЙКА,
дырэктар дзіцячага аздараўленчага лагера,
Гнезнаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці.