З клопатам пра будучыню краіны

Станаўленне грамадзяніна адбываецца з малодшага школьнага ўзросту. Сістэмнасць работы ў гэтым кірунку забяспечваецца праз цеснае ўзаемадзеянне бацькоў, настаўнікаў і іншых педагагічных работнікаў, якія задзейнічаны ў адукацыйным працэсе. Не застаюцца ў баку ад агульнай справы фарміравання патрыятычнай свядомасці ў маленькіх грамадзян і выхавальнікі груп падоўжанага дня.

Працуючы выхавальнікам у групе падоўжанага дня з вучнямі 1-х і 2-х класаў, пры выбары форм і метадаў грама­дзянска-патрыятычнага выхавання ўлічваю ўзроставыя асаблівасці дзяцей, асаблівасці
іх успрымання і мыслення. 

Сярод наглядных метадаў найбольш часта выкарыстоўваю дэманстрацыю і назіранне. Яны спалучаюцца з гутаркамі, абмеркаваннямі літаратурных твораў, тлумачэннем інфармацыі. Асабліваю ўвагу ўдзяляю забеспячэнню актыўнасці вучняў.

Нават пры правядзенні гутарак стараюся прыцягваць дзяцей да актыўнага ўдзелу ў іх падрыхтоўцы (пошук інфармацыі, складанне пытанняў на дадзеную тэму, спаборніцт­ва ў падрыхтоўцы адказаў на прапанаваныя пытанні). Тэматыка праведзеных мной гутарак адпавядае мэтам выхавання добразычлівасці, павагі да людзей працы, адказнасці за свае справы: “Захоўвай прыгажосць і багацце прыроды: гэта наш агульны дом”, “Каго мы называем добрым?”, “Што такое прыгожы ўчынак?”, “Свая зямля і ў жмені мілая”, “Што значыць быць патрыётам?”, “Няхай заў­сёды будзе мама”, “Усё ў свеце створана працай”, “Мая малая радзіма”.

З дапамогай гульні “Інфармацыйная служба навін” далучаю малодшых школьнікаў да падзей і значных з’яў грамадска-палітычнага жыцця краіны, горада, раёна. Падчас такога інфармавання пашыраюцца веды пра навакольны свет, набываюцца навыкі работы з геаграфічнай картай, перыядычнымі выданнямі, фарміруецца звычка абмяркоўваць бягучыя падзеі ў школе, горадзе, краіне і свеце.

Настольныя гульні знаёмяць дзяцей з адміністратыўна-тэрытарыяльнымі адзінкамі Беларусі, сла­вутас­ця­мі, этнаграфічнымі асаб­лівасцямі.

Дзякуючы экскур­сіям, дзеці глыбей па­знаюць гісторыю Ра­дзі­мы, культуру свайго на­рода, яго звычаі і традыцыі. Экскурсіі наглядна ­дэманструюць дасягненні тэхнікі, навукі, сельскай гаспадаркі, дапамагаюць школьнікам адчуць сябе часткай прыроднага, культурнага, сацыяльнага асяроддзя. Пачынаюць першакласнікі з даследавання роднага горада. Так, запамінальнымі сталі экскурсіі
ў краязнаўчы гарадскі музей, народны гісторыка-этнаграфічны музей суседняй школы.

Арганізоўваюцца і ўяўныя гульні-падарожжы, вусныя часопісы, віктарыны, конкурсы эрудытаў, выставы творчых работ.

Узаемадзеянне выхавальніка з бацькамі навучэнцаў у справе грамадзянска-патрыятычнага выхавання адбываецца і падчас падрыхтоўкі і правядзення свят. Сумесная дзейнасць, перажыванні, радасць творчых зносін умацоўваюць сувязь сям’і і школы, даюць магчымасць кожнаму ад­чуць сваё ­адзінства з групай, школай, горадам, краінай. Традыцыйным стала святкаванне ў дзіцячым калектыве Калядаў, Дня абаронцаў Айчыны, надыходу вясны, Дня Перамогі.

Фарміруюцца найпрасцейшыя навыкі праектнай дзейнасці. Тэматыка міні-праектаў дазваляе вырашаць задачы сямейнага і грамадскага выхавання (“Гісторыя маёй сям’і”, “Назвы вуліц роднага горада”, “Дзеці — героі Вялікай Айчыннай вайны” і інш.).

Некаторыя формы выхаваўчай работы накіраваны на развіццё фізічных якасцей малодшых школьнікаў, фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця. Праводзяцца гульні-спаборніцтвы “Тата, мама, я — спартыўная сям’я”, “Самі — у сані, мамы і таты — з намі”, “У здаровым целе — здаровы дух”, “Маміны памочнікі”. Беларускія народныя гульні праводзяцца падчас спартыўных гадзін і прагулак.

Сацыяльна-педагагічныя гульні ўключаюць элементы клопату дзяцей пра тых, каму патрэбна дапамога і абарона: малодшыя сябры, ветэраны, пажылыя людзі, а таксама клопату пра прыродныя аб’екты. З гэтага ў дзяцей нараджаецца і ўсведамленне таго, што неабходна клапаціцца і пра будучыню ўсёй краіны. Як вынік, у малодшых школьнікаў фарміруюцца каштоўнасныя адносіны да сваёй радзімы, народа, яго гісторыі і культуры.

Наталля ЮРЫНА,
выхавальнік групы падоўжанага дня сярэдняй школы № 7 Смаргоні.