Юныя даследчыкі пазнаюць свет

Арганізацыя даследчай дзейнасці ў сярэдняй школе № 2 Смаргоні ажыццяўляецца праз дзейнасць школьнага навуковага таварыства, актыўнымі ўдзельнікамі якога з’яўляюцца і малодшыя школьнікі.

На фарміраванне даследчай кампетэнцыі накіраваны факультатыўны курс “Юныя даследчыкі, або Прыступкі на шляху да адкрыцця”, які з поспехам асвойваюць малодшыя школьнікі. Гэтыя факультатыўныя заняткі накіраваны на развіццё ў вучняў навыку даследчых паводзін: яны вучацца бачыць праблемы, задаваць пытанні, выказваць гіпотэзы, даваць азначэнне паняццям, класіфікаваць, назіраць, праводзіць эксперыменты, рабіць высновы, структураваць матэрыял, даказваць і абараняць свае ідэі. Веды, атрыманыя на гэтых факультатыўных занятках, даюць магчымасць малодшым школьнікам праводзіць самастойныя даследаванні.

Тэматыка даследаванняў разнастайная. Выбар тэмы адбываецца ў супрацоўніцтве. Навучэнцы пачынаюць працаваць над ёй у групе або індывідуальна. Пры выбары тэмы неабходна арганізаваць працэс так, каб даследаванне было цікавым, выканальным, рашэнне яго павінна прынесці рэальную карысць удзельнікам, у тэме павінен быць элемент нечаканасці, незвычайнасці, што дапаможа нестандартна глядзець на традыцыйныя, звыклыя прадметы і з’явы.

У 1 класе аб’ектам даследавання стала шарыкавая ручка і сіметрычныя прадметы, у 2 класе дзеці даследавалі паперу.

На ўсіх этапах работы трэба ўсведамляць, што асноўны чаканы вынік — развіццё творчых здольнасцей, набыццё дзіцем новых ведаў, уменняў і навыкаў. У нашым выпадку ён дзеліцца, па меншай меры, на два: першы — тое, што стварыла дзіця сваёй галавой і рукамі — макет, праект, справаздачу. Другі, самы важны — бясцэнны вопыт самастойнай, творчай, даследчай работы, новыя веды і ўменні, якія адрозніваюць сапраўднага творцу ад простага выканаўцы.

Абодва гэтыя вынікі добра бачныя падчас абароны малодшымі школьнікамі сваіх даследаванняў. Абарона — вянок даследавання і адзін з галоўных этапаў навучання пачаткоўца-даследчыка. Аб выкананай рабоце вучні не проста расказваюць, абараняюць яе публічна, з прыцягненнем аўтараў іншых праектаў, гледачоў. У ходзе абароны яны вучацца выкладаць здабытую інфармацыю, сутыкацца з іншымі поглядамі на праблему, вучацца даказваць свой пункт гледжання.

Вынікам работы над даследаваннямі з’яўляюцца паспяховыя выступленні на школьнай канферэнцыі, пазней — перамогі ў раённай канферэнцыі праектных і даследчых работ навучэнцаў пачатковых класаў і педагагічных работнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі “Юны даследчык”. А ў гэтым навучальным годзе ў абласным конкурсе даследчых работ і творчых праектаў “Я пазнаю свет” даследчая работа па рэсурсазберажэнні “Новае жыццё папяровага ліста”, падрыхтаваная навучэнцамі 2-х і 4-х класаў пад кіраўніцтвам настаўніцы пачатковых класаў Вольгі Леанідаўны Забрамской, адзначана дыпломам І ступені.

Алена АНУФРЫЕВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Смаргоні.