Вучыцца трэба і педагогам

Настаўнік вучыцца ўсё жыццё — гэта вядомая ісціна. Але ўжо праз некалькі гадоў працы педагогі дзеляцца на тых, хто спакойна працуе, выкарыстоўваючы звычайныя прыёмы, формы і метады, і тых, якія пастаянна шукаюць, уносяць нешта новае ў адукацыйны працэс.

Адукацыя педагагічных кадраў, павышэнне іх прафесійнага майстэрства — вось прыярытэтная задача метадычнай работы нашай школы. Метадычная работа заклікана актывізаваць творчую дзейнасць педагогаў, развіваць непаўторнасць іх педагагічнага стылю, спрыяць павышэнню якасці і эфектыўнасці адукацыйнага працэсу, а таксама ствараць умовы, каб сапраўдны настаўнік-прафесіянал знаходзіўся ў пастаянным развіцці і ўсё сваё працоўнае жыццё з’яўляўся даследчыкам. Лічым, што вялікі ўплыў на фарміраванне настаўніцкага прафесіяналізму аказвае самаадукацыя педагога і метадычная дапамога з боку адміністрацыі.

Навучыць творчасці нельга, але заахвоціць педагогаў зрабіць некалькі крокаў у сваім прафесійным развіцці можна. Метадычная работа нашай установы спрыяе стварэнню такіх умоў, якія дапамагаюць уключыцца ў працэс і самаўдасканальвацца. Разам з тым па-за самаадукацыяй ідэя асобаснага і прафесійнага развіцця педагога немагчымая. Аднак, якія б ні былі высокія здольнасці настаўніка да самаадукацыі, не заўсёды гэты працэс рэалізуецца на практыцы. Што ж павінна падштурхнуць настаўніка да самаўдасканалення, да развіцця і самаразвіцця, як гэтую патрэбнасць развіць?

Як паказалі вынікі анкетавання, у 78% педагогаў нашай школы існуюць матывы, якія падахвочваюць іх да самаадукацыі: неабходнасць пошуку і аналізу новай інфармацыі (100%), жаданне творчасці (82%), адпаведнасць сучасным патрабаванням (89%), канкурэнцыя (64%), грамадская думка (59%), цікавасць да справы (82%), матэрыяльнае стымуляванне (91%).

Асноўным падыходам у арганізацыі метадычнай дзейнасці з’яўляецца работа на дыягнастычнай аснове. На першым этапе гэта маніторынг прафесійнага майстэрства педагогаў: распрацаваны маніторынг, які дазваляе адсочваць эфектыўнасць самаадукацыі педагогаў, выкарыстоўваюцца дыягнастычныя карты, карты самаадукацыі і самааналізу, а таксама анкеты, якія дазваляюць выявіць цяжкасці ў рабоце педагогаў, іх патрэбы. На другім этапе праводзяцца вучэбныя семінары: па развіцці даследчых кампетэнцый, фарміраванні ўзроўневай дыферэнцыяцыі адукацыйнага працэсу, прымяненні ІКТ (выкарыстанне анлайн-сэрвісаў пры выкладанні вучэбнага прадмета, сэрвісаў WEB 2.0, воблачных тэхналогій і інш.).


Прыярытэтным напрамкам работы нашай установы з’яўляецца выкарыстанне ІКТ у адукацыйным працэсе. З мэтай павышэння ІТ-кампетэнтнасці педагогі прымаюць удзел у міжнародных дыстанцыйных курсах “Анлайн-курс для творчага настаўніка” (настаўніца працоўнага навучання А.М.Місюкевіч), “Інавацыі для адукацыі” (настаўніца інфарматыкі К.І.Талочка). У рамках III Міжнароднай дыстанцыйнай практыка-арыентаванай канферэнцыі “Інавацыі для адукацыі”, арганізаванай карпарацыяй Intel, педагогі сталі фіналістамі майстар-класа “Першыя крокі да сеткавых праектаў” (К.І.Талочка; настаўніца геаграфіі Л.У.Сівінская; настаўніца біялогіі А.М.Картановіч, А.М.Місюкевіч). Зараз педагогі вучацца па праграме прафесійнага развіцця настаўнікаў у галіне лічбавых тэхналогій “Маршрут у будучыню” (А.М.Місюкевіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце А.Ч.Бурнас, К.І.Талочка). Кацярына Іванаўна Талочка супрацоўнічае з Паркам высокіх тэхналогій, з’яўляецца настаўнікам па выкладанні і распрацоўцы факультатыўных заняткаў па скрэтчы.

На трэцім этапе праводзіцца аналіз дзейнасці кожнага педагога. Вынікі дасягненняў адсочваюцца, аналізуюцца, фіксуюцца ў табліцы “Рэйтынг педагогаў”. Па выніках рэйтынга (адзін раз у год) фатаграфіі васьмі педагогаў, якія набралі больш балаў, размяшчаюцца на Дошцы гонару. Вынікі самаадукацыйнай дзейнасці педагогаў пацвярджаюцца выніковым удзелам у конкурсах, семінарах, навукова-практычных канферэнцыях на абласным, рэспубліканскім і міжнародным узроўні.

Майстэрства і вопыт педагогі паказваюць у распрацоўцы метадычных дапаможнікаў: настаўніца беларускай мовы і літаратуры М.І.Багдановіч распрацавала 11 планаў-канспектаў для вучняў 10 класа па беларускай літаратуры; педагог-дэфектолаг В.М.Буткевіч з’яўляецца суаўтарам метадычнага дапаможніка “Планаванне і правядзенне карэкцыйных заняткаў”, а настаўнік пачатковых класаў А.Я.Пракопчык — рэцэнзентам метадычнага дапаможніка па падрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяды па матэматыцы.

Настаўнікі ўдзельнічаюць і з’яўляюцца пераможцамі міжнародных конкурсаў педагагічнага майстэрства: дыплом I ступені ў конкурсе “Педагог: прафесіянал — творца — вучоны” (намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Г.М.Яскель), дыплом I ступені IV адукацыйнага конкурсу “Педагагічная асвета: практыка эфектыўнага навучання і выхавання” (настаўніца пачатковых класаў Т.Я.Канановіч), “Пазнанне ў сутворчасці” (настаўніца пачатковых класаў Л.Ф.Багдановіч), а таксама конкурсу “Новыя імёны Беларусі” (настаўнік музыкі І.М.Валадзько).

Адзначыліся настаўнікі і ў ІТ-конкурсах: дыплом ІІІ ступені абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” заваявала Л.Ф.Багдановіч, дыплом ІІ ступені — К.І.Талочка і настаўніца рускай мовы і літаратуры Н.П.Лаўцэль. Дыпломам Міжнароднага конкурсу “Свет вачыма ІКТ” узнагароджаны К.І.Талочка і А.М.Місюкевіч.

Педагогі ствараюць уласныя праграмна-метадычныя комплексы: “Мультымедыйная кніга паэтаў Ашмяншчыны” і “Вывучаем рускую літаратуру разам” (Н.П.Лаўцэль), “Велавандроўкі па цудоўнай і непаўторнай Ашмяншчыне” (настаўніцы беларускай мовы і літаратуры С.У.Лабачэўская і Т.К.Палтаржыцкая), “Мультландыя, ці Падарожжа па пластылінавай краіне” (Л.Ф.Багдановіч), “Географус” (Л.У.Сівінская), ПМК па фізіцы для навучэнцаў 8 класа (настаўніца фізікі Г.І.Чубрык).

За мінулы год было надрукавана 7 артыкулаў у “Настаўніцкай газеце”, 3 — у часопісах “Здаровы лад жыцця”, “Народная асвета”, “Пачатковая школа”, 18 — у зборніках па выніках удзелу педагогаў у навукова-практычных канферэнцыях і інавацыйнай дзейнасці.

Дзякуючы правільна пабудаванай метадычнай рабоце з кадрамі, самаадукацыі педагогаў, павышаецца якасць адукацыйнага працэсу — узрос сярэдні бал па вучэбных прадметах, у мінулым навучальным годзе чацвёра навучэнцаў школы па выніках цэнтралізаванага тэсціравання набралі ад 90 да 99 балаў па рускай мове, англійскай мове, матэматыцы і грамадазнаўстве. Школа становіцца пастаяннай пераможцай раённага конкурсу “Школа ўзорнай якасці і парадку”.

Алена КУМПІЦКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 3 Ашмян.