Валанцёрства з маленства

Валанцёрскі рух можна арганізаваць і ў дзіцячым садзе. Для мяне гэты кірунак працы вельмі блізкі, таму што сама была валанцёрам. Удзел у валанцёрскім руху дапамог пашырыць веды ў галіне педагогікі, набыць сацыяльныя навыкі ў рабоце з рознымі катэгорыямі сем’яў.

У сваёй рабоце вылучаю наступныя віды добраахвотнай дзейнасці: арганізацыя сацыяльна значных праектаў (“Дзень пажылога чалавека”, “Пасадзі дрэва” і інш.), прапаганда здаровага ладу жыцця, сумесныя акцыі са старэйшымі дашкольнікамі (“Тэатр — дзецям”, “Кармушка”) і ін шае. Арганізацыя валанцёрскага руху ў дашкольнай навучальнай установе пры актыўным удзеле педагогаў, бацькоў — гэта ўнікальная магчымасць уплываць на фарміраванне і развіццё асобы дзіцяці, развіццё яго маральных якасцей.

Важным элементам валанцёрскага руху лічу ўключэнне ў яго старэйшых школьнікаў. Да гэтай работы я запрасіла членаў валанцёрскага атрада сярэдняй школы № 1 Астраўца, якія і дапамаглі ў арганізацыі руху “Маленькі валанцёр”, куды ўвайшлі выхаванцы старшых груп і іх бацькі.

Старэйшыя валанцёры прадставілі нашым выхаванцам прэзентацыю дзейнасці свайго атрада, расказалі пра арганізаваныя мерапрыемствы, прэзентавалі відэаролік пра валанцёраў. Ахвотных уступіць у атрад было шмат. Запамінальным стала ўрачыстае пасвячэнне ў валанцёры. Падрыхтоўка да яго разгарнулася за тыдзень: пісалі сцэнарый, развучвалі вершы, шылі форму.

Мерапрыемства пачалося з паказу творчых нумароў. Потым юныя валанцёры з гонарам агучылі словы клятвы. Ганаровыя госці — загадчык цэнтра Алена Пятроўна Васільчык і выхавальнік Жанна Раманаўна Кузняцова, якая працуе ва ўстанове больш за 30 гадоў, — завязалі валанцёрам шалікі — адметны атрыбут валанцёрскага атрада.

Васіліна ЖАГУНЬ,
выхавальнік Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Астраўца.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*