Усё па-сапраўднаму

Нягледзячы на маленькі ўзрост, выхаванцы нашага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Парэчча вельмі добра знаёмы з правіламі бяспечных паводзін. Гэта вынік планамернай і сістэматычнай работы, стварэння адпаведных умоў. Штогод наша ўстанова ўдзельнічае ў конкурсе “Бяспечнае дзяцінства” і займае прызавыя месцы як на раённым, так і на абласным яго этапах. З кожным чарговым конкурсам у нас узнікалі новыя ідэі, новае бачанне работы па стварэнні сістэмы здароўезберагальных тэхналогій. Так з’явіўся “Пакой бяспекі”.

“Пакой бяспекі” з’яўляецца цэнтрам навучання асновам бяспечнай жыцця­дзейнасці не толькі выхаванцаў, але і іх бацькоў, малодшых школьнікаў і іншых гасцей цэнтра. Гэта асобнае памяшканне, дзе створана адпаведнае прадметна-прасторавае асяроддзе, якое дазваляе эфектыўна ажыццяўляць навучанне дзяцей дашкольнага ўзросту правілам бяспекі жыццядзейнасці. Тут сабраны гульнявое абсталяванне, наглядны матэрыял, дапаможнікі для арганізацыі пазнавальнай практычнай, мастацкай дзейнасці, што дае магчымасць педагогам арганізоўваць з дзецьмі розныя формы навучання, адпаведныя іх узросту і задачам вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі.

Наведванне пакоя пачынаецца з азнаямлення з экспазіцыяй, прысвечанай развіццю пажарнай службы ў Рэспубліцы Беларусь. Тут прадстаўлены ілюстрацыі абмун­дзіравання пажарных, тэхнікі ранейшых і сучасных гадоў, элементы касцюма і атрыбуты ратавальніка, якія дэманструюцца падчас расказу аб пажарнай службе.

Супрацоўніцтва з ратавальнікамі адлюстравана ў тэматычнай падборцы фотаматэрыялаў “Дашкольная ўстанова і ратавальнікі. Дапамога побач”. Шмат гадоў мы цесна супрацоўнічаем з пажарным пастом “Парэчча”. Менавіта пажарныя перадалі нам элементы сапраўднага баявога абмундзіравання. З іх дапамогай мы змаглі пашыць форму для нашых экскурсаводаў, такую ж, як у сапраў­дных пажарных. Начальнік пажарнага паста “Парэчча” ўдзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах, якія право­дзяцца ў ДЦРД Парэчча па асновах бяспечнай жыццядзейнасці. Выхаванцы старэйшых груп рэгулярна наведваюць пажарную часць і не па чутках ведаюць, што знаходзіцца ўнутры пажарнай машыны, якія вялікія нажніцы могуць лёгка разрэзаць метал і як высока можа біць струмень вады з брандспойта.

Зона пазнавальнай практычнай дзейнасці прадугледжвае назіранне і эксперыментаванне (з пяском і вадой пры тушэнні агню, мадэляванне паводзін на дарозе і інш.). Макет пажарнага шчыта спрыяе замацаванню ведаў дзяцей пра назвы і прызначэнне ўсіх яго элементаў (вогнетушыцель, вядро, лапата, ёмістасць з пяском, багор, сякера), а таксама з’яўляецца сродкам праверкі ведаў, атрыманых у пажарных кутках у групах.

У залежнасці ад узросту дзяцей пажарны шчыт адыгрывае розную інфармацыйную і выхаваўчую ролю. Для дзяцей 3—4 гадоў макет складаецца з плоскасных элементаў, і яго вывучэнне накіравана на фарміраванне ўяўленняў аб пажарным шчыце і яго значэнні. Выхаванцы 4—6 гадоў могуць выкарыстоўваць элементы шчыта, выкананыя ў аб’ёме, для арганізацыі сюжэтна-ролевых гульняў, накіраваных на мадэляванне дзеянняў ратавальніка.

Гульнявая зона ўяўляе сабой падбор дыдактычных гульняў, атрыбутаў для сюжэтна-ролевых гульняў, прызначэнне якіх — фарміраванне ведаў, уменняў і навыкаў бяспечных паводзін дзяцей дашкольнага ўзросту ў экстрэмальных сітуацыях. Куток тэатральна-гульнявой дзейнасці ў “Пакоі бяспекі” спрыяе не толькі развіццю маўленчых, творчых здольнасцей выхаванцаў, але і мае навучальны характар. Міні-пастаноўкі спры­яюць замацаванню ведаў і навучанню бяспечным паводзінам у розных жыццёвых сітуацыях.

Выклікаць павагу і цікавасць да прафесіі ратавальніка дазваляе практычная адпрацоўка дзеянняў выхаванцаў дашкольнай установы ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі (“Трэніровачны пункт”), дзе разыгрываюцца тэматычныя сюжэты дзеянняў як ратавальніка, так і тых, хто ратуецца (веданне дзецьмі нумароў службы выратавання, свайго хатняга адраса, уменне весці дыялог і дакладна перада­ваць інфармацыю, прадпрымаць дзеянні падчас пажару).

Таксама для практычнай адпрацоўкі дзеянняў выхаванцаў ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі на тэрыторыі цэнтра створана “Трэніровачная зона”. У ёй усталяваны макет палаючага дома, з якога дзеці па тэлефоне па­даюць сігнал аб узгаранні, камандны пункт, у якім нашы маленькія ратавальнікі прымаюць вызаў і падаюць камандзе ратавальнікаў сігнал на выезд. Для дзяцей зроблена вялікая пажарная машына, абсталяваная гукавым сігналам, якая змяшчае каманду ратавальнікаў з 4 чалавек. Адначасова з пажарнымі да пацярпелага рухаецца брыгада хуткай дапамогі, якая эвакуіруе пацярпелага, і пасля гэтага ратавальнікі пачынаюць тушыць пажар вадой з сапраўднага брандспойта.

У “Пакоі бяспекі” рэгулярна праходзяць экскурсіі як для нашых выхаванцаў, так і для малодшых школьнікаў і іншых гасцей дашкольнага цэнтра, а экскурсаводамі з’яўляюцца самі дзеці.

Вераніка МАРГУН,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Парэчча Гродзенскага раёна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*