Урок аб жывапісе і архітэктуры

Як няма аднолькавых людзей, так і ўрокі па адной і той жа тэме ва ўсіх заўсёды розныя. Я працую ў базавай школе, дзе ўсяго 59 вучняў. Класы невялікія. Фактычна адбываюцца рэпетыцыйныя заняткі, калі працуеш з кожным вучнем праз дыялог. Аднак і ў гэтых умовах можна выкарыстоўваць розныя метады навучання, у тым ліку і работу ў групах. Прапаную вашай увазе ўрок гісторыі ў 9 класе (6 вучняў) па тэме:

“Жывапіс і архітэктура ў 1860-х гг. — пачатку XX ст.”.

Тэзісам урока можна ўзяць словы Сенекі Малодшага: “Радзіму любяць не таму, што яна вялікая, а за тое, што яна свая”.


Ва ўступным слове настаўнік звяртае ўвагу вучняў на эпіграф на дошцы, а таксама настройвае на работу на ўроку. Падчас адкрытага ўрока ёсць неабходнасць зняць напружанне ў вучняў. Для гэтага могуць падысці розныя метады і прыёмы. Напрыклад, прапануйце ім: “Устаньце, калі вам падабаецца ці не падабаецца прапанаваны тэзіс” і г.д.

Ведаючы тэму ўрока, вучні агучваюць тыя задачы, якія кожны з іх паставіць перад сабой, а таксама адзначаюць, пра што яны жадаюць даведацца на ўроку.

Спачатку паўтараюцца і паглыбляюцца веды па тэмах развіцця мураванага дойлідства і архітэктуры Беларусі:

— Якія архітэктурныя стылі вам вядомы? — Назавіце віды жывапісу. — Якія мастацкія напрамкі панавалі ў архітэктуры і жывапісе ў першай палове ХІХ ст.?

Сёння працягнецца гутарка пра культуру Беларусі і будзе зроблены акцэнт на вывучэнне жывапісу і архітэктуры ў перыяд з 1860-х гг. да пачатку XX стагоддзя.

Вучняў можна падзяліць на групы — “жывапісцы” і “архітэктары”. Настаўнік раздае вучням пытанні, і “жывапісцы” і “архітэктары” пачынаюць працаваць з матэрыялам падручніка пад прыгожую музыку. Калі ўзнікаюць цяжкасці, настаўнік дапамагае. На заданне даецца 10 мінут.

Першымі на свае пытанні адказвае група “жывапісцаў”.


На папярэднім уроку вучні атрымалі заданне падрыхтаваць паведамленні аб некаторых дзеячах і падзеях, звязаных з вывучаемай тэмай. Першыя паведамленні (невялікія, да 2 хвілін) — пра творчы шлях Ю.Пэна і М.Шагала, мастакоў-пейзажыстаў і Н.Орды.

Потым адказвае група “архітэктараў”.

Назавіце характэрныя рысы і помнікі наступных архітэктурных стыляў:

— Цэрквы гэтага стылю таксама называюць “мураўёўкамі”. Чаму?

— Што вам вядома пра Чырвоны касцёл?


— Дайце азначэнне і назавіце характэрныя рысы і помнікі архітэктурнага стылю мадэрн.

Стыль мадэрн распаўсюджаны ў многіх гарадах Беларусі. Паколькі мы са Слонімскага раёна, то знаёмімся з мадэрнам Слоніма.

Група “жывапісцаў” уважліва слухае і можа задаваць пытанні.

Рэфлексію можна ажыццявіць па-рознаму. У сувязі з тым, што на ўроку актыўна выкарыстоўваюцца тэхнічныя сродкі, то і замацаваць пройдзены матэрыял лепш наступным чынам: дэманструюцца слайды — і вучні адказваюць на пытанні, а пры неабходнасці паказваюць на дошцы.

— Які будынак лішні на слайдзе і чаму?


— Хто з’яўляецца аўтарам гэтых твораў?


— Хто намаляваў гэтыя карціны? Абгрунтуйце свой адказ.


— Да якіх архітэктурных стыляў адносяцца цэрквы на малюнку? Чаму? Якая з іх лішняя?


— Назавіце аўтара гэтых твораў.Чаму вы так вырашылі?


— А хто намаляваў гэтыя карціны? Якая з іх ёсць у падручніку?


— Якую пару года мы бачым на гэтых карцінах? Хто іх аўтар? Які гэта від жывапісу?


— Карціны якога жанру вы бачыце? Назавіце аўтара.

— Якая з прапанаваных карцін называецца “На этапе”? Што вам пра яе вядома і якім чынам яна звязана з лёсам аўтара?


Калі вучні самі не змогуць адказаць на другую частку пытання — адказ ёсць у падручніку на стар. 82.

Потым настаўнік выстаўляе адзнакі і каментуе работу вучняў на ўроку, задае заданне на дом і дзякуе ўсім за ўрок.

Фактычна вучні ўжо ведаюць новую тэму і дома могуць замацаваць яе. На наступным уроку матэрыял можна праверыць з дапамогай тэстаў, што таксама дазволіць вучням падрыхтавацца да ўрока абагульнення.

Уладзімір БАРАВІКОЎ,
настаўнік гісторыі Парэцкай базавай школы Слонімскага раёна.