У свеце захапленняў

XV Абласны фестываль творчасці дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця “Свет маіх захапленняў” адбыўся ў Гродне. Арганізатарам мерапрыемства з’яўляецца Гродзенскі дзяржаўны абласны Палац творчасці дзяцей і моладзі.


У фестывалі прынялі ўдзел звыш 40 навучэнцаў з 16 раёнаў Гродзенскай вобласці ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў, якія наведваюць установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. З прывітальнымі словамі да іх звярнуліся супрацоўнік таварыства Чырвонага Крыжа Ніна Пачавалова і старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Ала Карней.

Удзельнікі прадставілі работы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, харэаграфічныя і вакальныя нумары і ў вольнай форме расказалі гледачам пра свае захапленні. Дзеці паказалі сапраўдныя шэдэўры, выкананыя з пацерак, саломкі, дрэва, гліны, скуры. Уразілі сваёй арыгінальнасцю вышыўкі, вязаныя вырабы. Усіх да глыбіні душы кранула выступленне Кацярыны Парфяновіч з Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Відэаролікі Уладзіслава Мароза з Ашмянскага раёна прысутныя глядзелі з асаблівым захапленнем. Цудоўныя вакальныя даныя прадэманстравала Карына Крыжаноўская з Цэнтра творчасці “Спектр” Гродна.

Усе ўдзельнікі фестывалю былі ўзнагароджаны падарункамі.

Праз свае работы дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця спрабуюць знайсці сувязь са светам, бо ім, як і ўсім астатнім дзецям, неабходны простыя рэчы: увага, любоў, разуменне, клопат, падтрымка, а таксама магчымасці для творчасці.

Алена ЛАБОВІЧ,
метадыст аддзела методык і тэхналогій дадатковай адукацыі
Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі.