Турызм для выхавання асобы

Для многіх дзяцей у Капцёўскай сярэдняй школе турызм стаў дзейсным захапленнем, якое запаўняе вялікую частку іх вольнага часу. Турызм для іх — спосаб актыўнага адпачынку, займальны занятак, напоўнены рамантыкай.

А настаўніку турызм дазваляе лепш, глыбей пазнаць сваіх выхаванцаў і больш актыўна паўплываць на іх выхаванне і развіццё.

У нашай школе мы выкарыстоўваем патэнцыял турызму як эфектыўны сродак фізічнай загартоўкі, авалодання многімі прыкладнымі навыкамі, зняцця нервовых перагрузак і стрэсаў. Турызм атрымаў у школе пастаянную прапіску. Тут працуе турыстычны клуб “Норд”, аб’яднанні па інтарэсах “Турызм і спартыўнае арыентаванне”, “Спартыўнае скалалажанне”, арганізоўваюцца турыстычныя мерапрыемствы і паходы, вядзецца вучэбна-трэніровачная работа. Навучэнцы прымаюць актыўны ўдзел у абласных турыстычных злётах і паходах, дзе штогод займаюць прызавыя месцы.

Педагагічны патэнцыял турызму вельмі вялікі, а каэфіцыент карыснага педагагічнага ўздзеяння залежыць ад падыходу і арганізацыі настаўнікамі гэтай дзейнасці, ад іх разумення, умення і вопыту.

Мой шматгадовы вопыт арганізацыі турыстычнай дзейнасці дазваляе зрабіць наступныя высновы: турызм стварае спрыяльнае асяроддзе для выхавання працоўных і валявых навыкаў. У паходзе турыст вучыцца пераадольваць перашкоды, рыхтаваць ежу, секчы дровы, ставіць палатку. Педагог вучыць гэтаму асабістым прыкладам. Падчас паходу перад педагогам адкрываюцца такія бакі характару выхаванцаў, якія немагчыма спазнаць ва ўмовах звычайнага школьнага жыцця. Турысцкая група — гэта не клас.

Паходнае жыццё збліжае турыстаў, яны лепш пазнаюць адзін аднаго. Турызм, як ні ад зін іншы кірунак дадатковай адукацыі, адначасова рашае найважнейшыя педагагічныя задачы: выхаванне, навучанне, аздараўленне, прафарыентацыя, сацыяльная адаптацыя, удасканаленне ўзаемаадносін педагогаў і навучэнцаў. У выхаваўчым значэнні турызму вылучаюцца такія важныя аспекты, як адказная ўзаемазалежнасць калектыву, якая нараджае сур’ёзнае стаўленне да жыцця, да сяброў, узаемнасць у дзеянні, выразнае ўстанаўленне правіл, якіх усе павінны прытрымлівацца, і індывідуальная адказнасць кожнага члена групы за свае дзеянні перад іншымі.


У сваёй рабоце вызначаю некалькі мэт:

1. Выхаванне патрыятызму.

Спартыўны турызм праз сваю дзейнасць (вучэбна-трэніровачную, спаборніцкую, паходную — не трэба блытаць з палатачна-рухомымі лагерамі) фарміруе каласальны зарад патрыятызму ў душах падрастаючага пакалення. Моладзь не толькі вывучае родную краіну, а перш за ўсё пачынае шанаваць і любіць свой край праз прыгажосць прыроды, веліч гарадоў і вёсак, спасцігае гісторыю не праз кніжкі, а ўжывую.

За апошнія гады мы ажыццявілі паходы па Мінскай, Гомельскай, Магілёўскай абласцях. Усе яны скіраваны па шляхах баявой і працоўнай славы Беларусі. Падчас паходаў аднаўляем і прыводзім у парадак помнікі і мемарыялы, збіраем інфармацыю ў мясцовых жыхароў. Летась школа заняла 1-е месца ў Рэспубліканскім конкурсе на лепшы турыстычны паход “Пазнай Радзіму — выхавай сябе”.

2. Аздараўленне.

Даўно ўжо даказана, што самае лепшае і правільнае аздараўленне — у натуральных прыродных умовах. Толькі займацца гэтым павінны прафесіяналы. Адаптацыя арганізма да розных атмасферных уздзеянняў, адпаведныя фізічныя нагрузкі даюць станоўчы эфект, загартоўваюць. Палова вучнёўскага калектыву і педагогаў капцёўскай школы ўцягнута ў турыстычную дзейнасць, накіраваную на аздараўленне. Штогод арганізоўваюцца па 2—3 рухомыя аздараўленчыя лагеры ў летні перыяд для вучняў 4—11 класаў на тэрыторыі Гродзенскага раёна. У выніку павысіўся ўзровень фізічнай падрыхтаванасці дзяцей, знізілася колькасць прастудных захворванняў.

3. Спартыўная скіраванасць.

За апошнія 20 гадоў турызм трансфармаваўся з самадзейнага, як было ў савецкі час, у від спорту, які ўключае мнагаборствы ў тэхніцы пешага, воднага, веласіпеднага турызму, спартыўнае скалалажанне, спартыўнае арыентаванне, што па відовішчнасці, масавасці, фізічным складніку не саступаюць самым папулярным відам спорту. З 2003 года капцёўскія школьнікі — лідары раённых, абласных спартыўных і турыстычных спаборніцтваў. У першынстве і чэмпіянаце Гродзенскай вобласці па турысцка-прыкладным мнагаборстве ў мінулым годзе нашы вучні занялі пяць прызавых месцаў, на працягу апошніх гадоў з’яўляюцца ўдзельнікамі і прызёрамі рэспубліканскіх і міжнародных турыстычных спаборніцтваў (Україна — чэмпіянат і першынство Еўропы, Расія — маладзёжны турзлёт Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі).


4. Выхаваўчая накіраванасць.

Статыстычныя даныя даказваюць, што дзеці і моладзь з малазабяспечаных, праблемных сем’яў наведваюць аб’яднанні па інтарэсах менавіта спартыўна-турысцкай накіраванасці. Тут яны рэалізоўваюць сябе не толькі як турысты-спартсмены, але і як запатрабаваныя асобы, знаходзяць сям’ю, дзе ім рады, спасцігаюць свет, раней ім не даступны. У нас 90% такіх дзяцей займаюцца спартыўным турызмам.

5. Прафарыентацыя.

Праз спартыўны турызм папаўняюцца шэрагі спецыялістаў у прамысловым альпінізме, МНС, МУС, у педагагічных установах. Нашы выпускнікі: Аляксей Бурчык — студэнт будаўнічага факультэта ГрДУ, Пётр Мацкевіч — навучэнец аддзялення спартыўнага турызму педагагічнага каледжа, Дзяніс Казлоўскі — студэнт Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь, Дзмітрый Міхалоўскі — супрацоўнік Дэпартамента аховы МУС. Два нашы выпускнікі скончылі факультэт фізічнай культуры ГрДУ, яшчэ адзін, Дзмітрый Зайко, рыхтуецца туды паступаць.

Сутнасць спартыўнага турызму — у фарміраванні высокаарганізаванай асобы, здольнай ствараць для сябе і іншых камфортныя ўмовы жыцця ў любых, нават экстрэмальных сітуацыях. Турысту ўмовы для жыцця ствараць не трэба, ён створыць іх сам. Турыст спрацуецца ў любым калектыве, бо ён сфарміраваны працаваць у камандзе. Турыст — асоба з пазітыўным эмацыянальным фонам, бо загартаваны духоўна. Важны фактар — падрыхтаванасць да службы ва Узброеных Сілах. Спартыўныя турысты здольныя выканаць любую ваенную задачу ў любых умовах. Усе нашы выпускнікі паспяхова прайшлі вайсковую службу, дзе турысцкія навыкі ім вельмі спатрэбіліся.

Сістэма турыстычнай дзейнасці школы — гэта не штосьці раз і назаўсёды зададзенае, аднамернае, не нейкі горны перавал, за якім мы дасягаем канчатковай мэты, і на гэтым маршрут скончаны. Не. Гэта траверс праз ланцуг вяршынь, рух наперад, пастаяннае абнаўленне, якое ідзе на карысць нашым дзецям.

Сяргей ПАЎЛЕНКА,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя
Капцёўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.