“ТэхнаІнтэлект” на старце

Юным ваўкавычанам была прадастаўлена магчымасць прадэманстраваць свае таленты ў раённым конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці вучнёўскай моладзі “ТэхнаІнтэлект”.

“ТэхнаІнтэлект” — гэта мерапрыемства, якое дэманструе інтэлектуальныя і творчыя здольнасці моладзі, раскрывае разнастайнасць навукова-тэхнічных інтарэсаў і дасягненняў у розных сферах навукі і тэхнікі, архітэктуры, прадастаўляе магчымасць ствараць маладзёжныя інавацыйныя праекты, аўтарскія праграмы.


Юныя вынаходнікі і даследчыкі Ваўкавышчыны прадставілі на раённы конкурс “ТэхнаІнтэлект” работы ў секцыях “Тэхнічнае канструяванне”, “Робататэхніка, аўтаматыка і інтэлектуальныя сістэмы”, “Радыёэлектроніка”, “Мультымедыйныя тэхналогіі”, “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”, якія парадавалі навізной ідэй і высокай якасцю выканання. Таленавітыя ўдзельнікі прадэманстравалі розныя тэхнікі выканання работ, неардынарнасць мыслення і высокі ўзровень майстэрства.

У секцыі “Тэхнічнае канструяванне” з распрацоўкай “Трубагіб” перамог навучэнец Вярэйкаўскай сярэдняй школы Арцём Рышкель (кіраўнік В.А.Кашын), у секцыі “Радыёэлектроніка” перамогу заваявалі выхаванцы педагога Р.А.Папова з Ваўкавыскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі — Дзмітрый Бычак (“Тэстар радыёкампанентаў”) і Арцём Калагрыў (“Метэастанцыя з пашыраным функцыяналам”).

“Рабатызаваная прылада для аўтаматычнай макраздымкі са стэкінгам”, якую распрацаваў яшчэ адзін навучэнец Ваўкавыскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Фёдар Папоў, стала лепшай у секцыі “Робататэхніка, аўтаматыка і інтэлектуальныя сістэмы” (кіраўнік Р.А.Папоў).

У секцыях “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” і “Мультымедыйныя тэхналогіі” перамаглі дзяўчаты. Навучэнка сярэдняй школы № 2 Ваўкавыска Аляксандра Развадоўская распрацавала камп’ютарную гульню “Падарожжа па замках Беларусі” (кіраўнік Н.М.Радзікевіч), Лізавета Луцэнка з сярэдняй школы № 3 Ваўкавыска выступіла з работай “Мультымедыйная кніга — новы фармат прадстаўлення інфармацыі” (кіраўнік А.Р.Буйко).

Пераможцы раённага этапу прымуць удзел у абласным конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці вучнёўскай моладзі “ТэхнаІнтэлект”.

Таццяна ДОЎКША,
метадыст Ваўкавыскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.