Сцежкамі роднай вёскі

Наша ўстанова дашкольнай адукацыі размешчана ў сельскай мясцовасці, над магутным Нёманам, у жывапісным кутку роднай Беларусі, таму важна падабраць метады і прыёмы патрыятычнага выхавання з улікам гэтага.

Адным са сродкаў вырашэння пастаўленай задачы выявіла для сябе праектную дзейнасць, якая накіравана на развіццё пазнавальнай цікавасці дзяцей, уменне самастойна канструяваць свае веды, арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы. Работа вялася праз узаемадзеянне з педагогамі дашкольнай адукацыі, выхаванцамі і іх бацькамі і стала цікавай для ўсіх удзельнікаў праекта.

Першы праект — “Мой край завецца Беларуссю”. Вядучай ідэяй яго стала выхаванне асноў нацыянальнай самасвядомасці праз знаёмства з малой радзімай: сям’я — родная вуліца — вёска — раён — вобласць — рэспубліка. На кожным з этапаў работы, згодна з пастаўленымі задачамі, быў вызначаны змест адукацыі і падабраны метады і прыёмы работы.

Дзеці — даследчыкі па сваёй прыродзе, таму ў аснову была закладзена праектна-пошукавая дзейнасць. Работа над праектам дапамагла нам вырашыць шэраг задач: наладзіць супрацоўніцтва са школьным музеем, сфарміраваць уяўленні пра родную вёску, прыроду роднага краю, паказаць выніковасць знаёмства выхаванцаў дашкольнай установы з малой радзімай, а разам з тым укараніць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў адукацыйны працэс.


Выбраныя формы работы адразу зацікавілі ўсіх удзельнікаў праекта. Заняткі па азнаямленні з гісторыяй роднага краю, экскурсіі па аграгарадку Лунне і яго ваколіцах, наведванне гісторыка-краязнаўчага музея Лунненскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета, гульні, гутаркі, праведзеныя беларускія народныя святы і забавы, конкурсы, выставы, акцыі, сустрэчы з народнымі ўмельцамі, ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, мясцовымі паэтамі сталі традыцыйнымі.

Дзякуючы актыўнасці бацькоў, выхаванцаў і краязнаўцаў, за час работы над праектам сабраны “Летапіс роднай вёскі Лунна”, складзены маршрут гісторыка-этнаграфічнай сцежкі і карта вёскі Лунна, аформлены папкі-скарбонкі “Мой край завецца Беларуссю”, “Сімволіка Беларусі”, “Гродзенская вобласць”, “Я тут жыву”, “Наша армія”, “Пісьменнікі нашай Бацькаўшчыны”, “Нашы знакамітыя землякі”, “Жыццё і творчасць Э.Ажэшкі”, “Легенды і паданні Наднёманскага краю”, створаны прэзентацыі “Сцежкамі роднай вёскі”, “Мая малая радзіма”, “Прырода роднага краю”, “Беларусь у гады вайны”, “Я — грамадзянін Беларусі”, “Мая Радзіма — Беларусь” і інш.

Услед за першым праектам з’явіліся ідэі і жаданні новых даследаванняў. Многія з нашых праектаў нам падказвае само жыццё і зацікаўленасць дзяцей. Напрыклад, праект “Сцежкамі родных вёсак”. Яго мэтай стала выхаванне ў дзяцей любові да сваёй вёскі, гордасці за яе жыхароў і ўдзячнасці за іх працу. Падводзім дзяцей да разумення, што іх вёска — частка Радзімы. Ва ўсіх мясцовасцях, вялікіх і маленькіх, ёсць многа агульнага: жывуць людзі розных нацыянальнасцей, разам працуюць і дапамагаюць адно аднаму, захоўваюць традыцыі, памятаюць герояў, якія абаранялі яе ад ворагаў.

Лічу, што немалаважнай умовай патрыятычнага выхавання дзяцей з’яўляецца цесная ўзаемасувязь педагога з бацькамі. У рамках праекта “Зямля бацькоў — мая зямля” ўлічвала інтарэсы, адукаванасць, запыты бацькоў. З улікам гэтага старалася заахвоціць бацькоў даследаваннямі каранёў свайго роду ў розных пакаленнях. Бацькі распрацавалі генеалагічныя дрэвы свайго роду і прэзентавалі іх на бацькоўскіх сходах. Праект “Мой радавод” у 2016 годзе стаў прызёрам раённага конкурсу “Я — даследчык”.

У рамках праекта “Станоўчы вопыт сямейнага выхавання” абагульнены вопыт сям’яў па тэмах “Разам — за здароўе”, “Духоўна-маральнае выхаванне дзяцей на аснове праваслаўных традыцый”, “У здаровай сям’і — здаровае дзіця”.

Знаёмства з традыцыямі беларускага народа мае вялікае выхаваўчае значэнне: садзейнічае станаўленню асобы як грамадзяніна, патрыёта сваёй Радзімы. Наша работа ў гэтым кірунку не скончана. У будучыні мы плануем наладзіць супрацоўніцтва з Гудзевіцкім дзяржаўным краязнаўчым музеем, даследаваць жыццё і творчасць мясцовай паэтэсы І.М.Навуменка-Данчык.

Алена ЛУНЕЎСКАЯ,
выхавальніца Лунненскага дзіцячага сада Мастоўскага раёна.