Спартыўныя канікулы

Нішто так не збліжае вучняў розных навучальных устаноў, як сумесныя святы і забавы. Менавіта таму ў Казлоўшчынскай сярэдняй школе стала добрай традыцыяй правядзенне з іншымі навучальнымі ўстановамі сумесных спартыўных свят, спартландый, турніраў.

Пры планаванні работы на асеннія канікулы наша ўстанова адукацыі стала ініцыятарам правядзення спартыўнага турніру “Канікулы ў радасць”. У спартыўнай зале школы сустрэліся 5 каманд: Вензавецкай сярэдняй школы, Лявонавіцкай базавай школы, гімназіі № 1 Дзятлава, Казлоўшчынскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна і Навасёлкаўскай базавай школы Слонімскага раёна.


Пачаўся турнір з урачыстага адкрыцця і прывітання каманд. Спартыўны запал і жаданне атрымаць перамогу для сваёй каманды захапілі ўсіх дзяцей. Каб перамагчы, усе стараліся з усіх сіл.

Атмасфера спартыўнага турніру была і радаснай, і ў той жа час напружанай, бо спаборнічалі моцныя каманды. У выніку ў спаборніцтвах па валейболе лепшай стала каманда дзяўчынак гімназіі № 1 Дзятлава, другой была каманда Вензавецкай сярэдняй школы, трэцяе месца — у каманды Лявонавіцкай базавай школы. Нялёгка было атрымаць перамогу і ў спаборніцтвах па міні-футболе сярод юнакоў. У выніку першае месца атрымалі гаспадары турніру, другое — гімназія № 1 Дзятлава, трэцяе — Навасёлкаўская базавая школа. Усе каманды былі ўзнагароджаны граматамі ўстановы адукацыі. Удзельнікі ў гэты дзень атрымалі выдатны зарад бадзёрасці і шмат станоўчых эмоцый.

Турнір стаў сапраўдным святам спорту і здароўя. У зале панавалі смех, шум і весялосць. Усе былі задаволены. А шчаслівыя ад захаплення вочы дзяцей — лепшая ўзнагарода арганізатарам мерапрыемства. Дырэктар установы Ігар Уладзіміравіч Данільчык прапанаваў удзельнікам турніру сустрэцца падчас зімовых канікул. Апладысментамі дзеці падтрымалі яго прапанову.

— Каб заваяваць перамогу, мала быць проста фізічна моцным, — адзначыў капітан каманды Казлоўшчынскай школы Арцём Налівайка. — Неабходна пры гэтым валодаць дастатковай мэтанакіраванасцю, сілай волі, быць арганізаваным і сабраным, спрытным і знаходлівым.

Мікалай ЮРЧЫК,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя
Казлоўшчынскай сярэдняй школы
Дзятлаўскага раёна.