Слова — руху дапамога

Адзін з эфектыўных метадаў развіцця рухальнага вопыту дашкольнікаў — выкарыстанне мастацкага слова. Вобразна-гульнявыя рухі развіваюць здольнасць да імправізацыі, слых, увагу, мысленне, творчую фантазію і памяць.

З мэтай узбагачэння рухальнага вопыту мы выкарыстоўваем загадкі, лічылкі, заклічкі, дражнілкі, прыказкі і прымаўкі, вершы. Напрыклад: “Ані, Вані, Тані, Жэні, Машы і Кацюшкі, станавіцеся гуляць у беларускую гульню “Вілюшкі”. Прыказкі і прымаўкі выкарыстоўваем пры ацэньванні практыкаванняў, для падтрымкі цікавасці (“Век жыві — век вучыся”, “Загляне сонца і ў наша аконца”, “Будзе і на вашай вуліцы кірмаш”). Каб прымірыць дзяцей, выкарыстоўваем гумарыстычныя вершы: “Лады, лады, ладкі — пабіліся бабкі за кусочак цеста пасярод месца, селі ў запечку, з’елі перапечку, засталіся крошкі, іх паелі кошкі”.

Каб мастацкае слова дапамагала развіваць рухальны вопыт, дзеці павінны разумець беларускую мову. Мы працуем разам з выхавальнікамі і бацькамі. Таксама зрабілі картатэкі фізкультхвілінак, лічылак, заклічак, беларускіх народных гульняў, што дазваляе шырэй выкарыстоўваць беларускае мастацкае слова пры арганізацыі дзейнасці па фізічным выхаванні. Педагогі разам з бацькамі вырабілі атрыбуты да беларускіх народных гульняў: лыжкі, вяночкі, лапці.

Мастацкае слова выкарыстоўваем у наступных формах дзейнасці: ранішняя гімнастыка, фізкультурныя заняткі, мерапрыемствы актыўнага адпачынку.

Для таго каб падняць настрой дзяцей, абудзіць ад сну, зацікавіць, пачынаем ранішнюю гімнастыку з загадкі, заклічкі. Дзеці з задавальненнем выконваюць фізічныя практыкаванні пад вершаваны рытм і пад музычнае суправаджэнне. Рытмічныя рухі выконваюцца лёгка і не выклікаюць стамлення. У ранішнюю гімнастыку ўключаем комплексы на розныя тэмы: “Вожык”, “Кукарэку, певунок”, “Звярыная зарадка”, комплексы практыкаванняў, пабудаваныя на загадках, вершах. А адгадку дзеці не толькі агучваюць, але і паказваюць. Практыкуем у канцы гімнастыкі выкарыстоўваць слоган ці хэштэг (ключавое слова або фраза):

#“Гуляем і адпачываем”,

#“Фізічны рух — моцны дух”,

#“Зарадку рабіць — здаровым быць”,

#“Каб здаровым быць і лоўкім, трэба нам фізтрэніроўка”,

#“Здаровы я — здаровая краіна”,

#“Любім бегаць і скакаць, паcпрабуй нас дагнаць”.

Вядучую ролю ў фізічным развіцці выхаванцаў займаюць розныя тыпы фізкультурных заняткаў з элементамі мастацкага слова: тэатралізаваныя, сюжэтныя, заняткі з выкарыстаннем беларускіх народных гульняў.

На занятках, дзякуючы практыкаванням з назвай, дзеці 3—5 гадоў уяўляюць вобраз таго ці іншага персанажа і імкнуцца як мага лепш, выразней паказаць яго (“Мішка касалапы шырока ставіць лапы” — ногі на шырыні плеч, “Бег ваўчок наш праз лясок” — бег, “Могуць ваўчаняты спінку выгінаць, яшчэ лоўка любяць разам прысядаць” — нахіленне тулава, прысяданне і г.д.).

Сюжэтныя заняткі асноўваюцца на казках. Выхаванцы сустракаюцца з любімымі персанажамі, вучацца новым імітацыйным рухам, выкарыстоўваючы знаёмыя лічылкі, карагоды, якія дазваляюць прайграць казачны сюжэт. Гэтыя казкі добра знаёмы дзецям, яны з цікавасцю пераказваюць іх, ярка і вобразна выконваючы рухі, атрымліваючы пры гэтым эмацыянальнае задавальненне.

Вялікае значэнне для ўзбагачэння рухальнага вопыту выхаванцаў маюць мерапрыемствы актыўнага адпачынку: забавы, святы, дні здароўя. Для актывізацыі беларускага маўлення разам з музычным кіраўніком стварылі цыкл “Святочны карагод”, які склаўся са сцэнарыяў беларускіх народнях свят. Забавы напоўнены яркімі выслоўямі, цікавымі паданнямі, тэматычнымі вершамі, песнямі.

Вялікую ўвагу ўдзяляем дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Падбіраем гульні з кароткім тэкстам, словы якога не вельмі адрозніваюцца ад рускай мовы. Пры неабходнасці мяняем некаторыя словы тэксту на простыя. Дзеці маюць магчымасць пачуць увесь тэкст, зразумець сэнс, выразна прагаварыць адны і тыя ж словы некалькі разоў.

Выкарыстанне мастацкага слова ў фізічным выхаванні дашкольнікаў дазваляе ўзбагачаць слоўнікавы запас дзяцей, пашыраць веды аб народных традыцыях роднага краю, выхоўваць патрыятычныя пачуцці.

Ілона СІНЯК,
кіраўнік фізічнага выхавання дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 Дзятлава

Гродзенскай вобласці.