Саламяны цуд

Шлях да творчасці і творчы шлях у кожнага свой. Кіраўнік узорнага тэатра моды “Спадчына” Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ала Сурмінава таксама прайшла свой шлях. Кароткім і простым ён не быў.

У пачатку прафесійнай дзейнасці Ала, напэўна, і не ўяўляла, што справай жыцця стане творчасць. Скончыла прафесійна-тэхнічнае вучылішча па спецыяльнасці “Шліфоўшчык”, потым працавала ў дзіцячым садку памочнікам выхавальніка. Але дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, творчасць з ранняга дзяцінства былі побач: мама, бабуля, цёткі — усе ткалі, вязалі, а тата спяваў і танцаваў. Так што сям’я была творчай. А зараз і Ала Аляксееўна Сурмінава — вядомы на Ваўкавышчыне народны майстар па саломапляценні, шмат гадоў звязана з узорным тэатрам моды “Спадчына”.


Дырэктар Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Яўгенія Валынец успамінае, што яна доўга працавала над тым, каб пераманіць Алу Аляксееўну на пастаянную работу ў цэнтр, што такія спецыялісты, як Сурмінава, і ствараюць сёння ўзровень дадатковай адукацыі, выхоўваюць дзяцей так, што творчасць становіцца для іх неад’емным элементам жыцця. І дадае: за што возьмецца Ала Аляксееўна — усё ў яе атрымаецца.

Тэатр моды “Спадчына” быў створаны ў 1996 годзе. У 2005 годзе атрымаў званне “ўзорны”. За гэты час з’явілася 40 калекцый, у аснове якіх ляжаць дэкаратыўна-прыкладныя элементы з саломкі, керамікі, карункаў.

— Выкарыстоўваем і дрот, скуру, кардон, папяровыя выцінанкі. У калекцыі “Падарунак восені” — насенне. Увогуле, можна працаваць з любым прыродным матэрыялам, — гаворыць Ала Аляксееўна. — Ну а для мяне самы любімы — гэта наша беларуская саломка. З яе можна сплесці і кветку, і капялюш, і розныя вырабы зрабіць. Мы самі сярпом жнём жыта, сушым, выбельваем, рыхтуем да далейшай работы. З нашай чароўнай саломкі можна зрабіць сапраўдныя цуды, — дадае А.А.Сурмінава і дэманструе букет, саламяныя кветкі якога здаюцца лёгка-бязважкімі, нібыта сплеценымі з асенняй павуцінкі.

Асаблівасць “Спадчыны” ў тым, што ўдзельніцы тэатра моды — стваральнікі і дэманстратары калекцый адзення адначасова. Ходзяць сюды навучэнкі 6—11 класаў. Вучацца азам — шыць, працаваць з рознымі відамі матэрыялаў, мастацтву макіяжу і дэфіле, стварэнню цэласнай калекцыі, а гэта не менш як пяць строяў, аб’яднаных адной тэматыкай. І адно з першых заданняў для пачынаючых — сплесці зубатку з саломкі. Гэты элемент — аснова працы з прыродным матэрыялам, засвоіўшы які можна вучыцца далей. А народны майстар па саломапляценні А.А.Сурмінава стварае з саломкі сапраўдныя цуды. Калекцыя “Алеся”, над якой працавалі два месяцы, стала прарывам у свеце дызайнерскай моды: упершыню касцюмы былі ўпрыгожаны саломкай і не засталіся незаўважанымі, атрымалі ўзнагароды на конкурсах “Вясновы капеж” і “Калейдаскоп фантазіі”. Потым з’явіліся калекцыі “Саламянае лета”, “Сударушка”, “Спадчына”, “Галасы Радзімы”.

Тэатр часта дэманструе свае калекцыі на розных пляцоўках. Выступалі на фестывалі Саюзнай дзяржавы “Творчасць юных” у Анапе і двойчы на “Славянскім базары ў Віцебску”, Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у Гродне і Міжнародным фестывалі “Фальклор без межаў” у Іванаве, на сцэне Палаца Рэспублікі ў Мінску. За актыўную творчую дзейнасць, захаванне народных традыцый дэкаратыўна-прыкладной творчасці тэатр “Спадчына” адзначаўся стыпендыяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Гэтая ўзнагарода дазволіла значна палепшыць матэрыяльную базу: набылі спецыяльны раскройны стол, прасы, фотаапарат. А Ала Сурмінава атрымала ганаровае званне “Чалавек года Гродзеншчыны”.

— Працаваць з дзяўчатамі вельмі цікава не толькі таму, што я іх вучу і атрымліваю задавальненне ад іх поспехаў, — гаворыць Ала Аляксееўна. — Я вучуся разам з імі і вельмі задаволена, калі ў маіх выхаванак з’яўляюцца новыя ідэі, прапановы і мы разам ствараем новыя вобразы. А яшчэ “Спадчына” вучыць іх узаемадапамозе, адказнасці за агульную справу, якой з’яўляецца стварэнне калекцыі, дэманстрацыя яе. Стараюся арганізаваць вучэбны працэс так, каб дзяўчаты адчувалі сябе часцінкай калектыву і ганарыліся агульнай справай. Радуюся, калі бачу, як становяцца яны актыўнымі, упэўненымі ў сабе, статнымі і прыгожымі на сцэне і ў жыцці.

“Спадчына” жыве па правілах вялікай сям’і, дзе ў кожнага свая роля, але ўсе яны галоўныя. Таму не развітваюцца дзяўчаты з калектывам, нават калі паступаюць вучыцца ў іншыя гарады. Заўсёды забягаюць на канікулах, дапамагаюць з паказамі. Былыя вучаніцы Алы Сурмінавай сёння і самі працуюць з дзецьмі, вядуць гурткі, як, напрыклад, Наталля Дзямідава ў сярэдняй школе № 8 Ваўкавыска. Дочкі Алы Аляксееўны таксама былі выхаванкамі тэатра моды. Вольга і зараз працуе разам з мамай, з’яўляецца загадчыкам касцюмернай, старэйшая — Наталля — займаецца інкрустацыяй з элементамі саломапляцення. “Спадчына” стала справай жыцця і для сястры Алы Аляксееўны — Марына Аляксееўна Руднеўская з’яўляецца харэографам калектыву.

Ала Аляксееўна — сапраўдная падзвіжніца народнага мастацтва. Акрамя “Спадчыны”, дабрачынна вядзе гурток для дзетак нядзельнай школы пры царкве Пятра і Паўла ў Ваўкавыску.

— Дзецям вельмі падабаецца майстраваць з саломкі, з іншых матэрыялаў. І няпраўда, што толькі камп’ютар іх цікавіць, — гаворыць Ала Аляксееўна.

І сама Ала Аляксееўна Сурмінава разам са сваімі выхаванкамі знаходзіцца ў новым творчым пошуку — ствараецца новая калекцыя. Ужо гатовы галаўныя ўборы да яе — вянкі з саломкі, упрыгожаныя кветкамі. А для сукенак выкарыстана даматканая тканіна з… бацькоўскага куфра. І зноў будзе сказана новае слова на мове беларускіх традыцый.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва тэатра моды “Спадчына”.