Расказваем свету пра сябе

Важнасць зносін і сацыяльнага ўзаемадзеяння падчас навучання замежнай мове бясспрэчная, таму ў сучаснай адукацыйнай практыцы ўсё часцей у выкладанні і ў пазакласнай дзейнасці па англійскай мове выкарыстоўваюцца інтэрнэт-рэсурсы, сеткавыя і інтэрнэт-праекты. Яны дазваляюць развіваць у навучэнцаў уменні і навыкі, неабходныя ў сучасным інфармацыйным грамадстве, а таксама ўдасканальваюць традыцыйныя формы навучання.

Пры арганізацыі пазакласнай дзейнасці па англійскай мове і ў рамках полікультурнага выхавання мае навучэнцы былі далучаны да рэалізацыі міжнародных IEARN-праектаў. Гэта спрыяла ўдасканаленню практычных ведаў і моўных уменняў, навыкаў зносін на англійскай мове, павышэнню якасці ведаў, звязаных з гісторыяй і культурай нашай краіны, развіццю творчых здольнасцей і рэалізацыі творчага патэнцыялу, развіццю сацыякультурнай і камунікатыўнай кампетэнцый навучэнцаў, фарміраванню іх актыўнай жыццёвай пазіцыі, выхаванню грамадзянскасці і патрыятызму, талерантнасці і нацыянальнай самасвядомасці.

Інтэрнэт-праект — гэта сумесная вучэбна-пазнавальная, даследчая, творчая дзейнасць навучэнцаў-партнёраў, арганізаваная на аснове камп’ютарнай тэлекамунікацыі, якая мае агульную праблему, мэту, узгодненыя метады работы, накіраваная на дасягненне сумеснага выніку.

З 2014 года навучэнцы Ліпнішкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі міжнароднага IEARN-праекта Holiday Card Exchange (“Абмен віншавальнымі паштоўкамі”). Дзякуючы ўдзелу ў гэтым творчым інтэрнэт-праекце, падчас якога настаўнікі і навучэнцы з розных школ абменьваюцца віншавальнымі паштоўкамі і пісьмамі, дзеці падрабязней даведваюцца пра традыцыі і культуру іншых краін, удасканальваюць валоданне англійскай мовай праз зносіны анлайн на сайце праекта (www.iearn.org) з іншымі ўдзельнікамі. Колькасць удзельнікаў праекта ў нашай установе адукацыі павялічваецца з кожным годам: калі ў 2014/2015 навучальным годзе іх было 9, то ў 2017/2018 — ужо 52.


Падчас рэалізацыі праекта фарміруюцца групы з 6—8 школ з іншых краін і гарадоў. Нашымі партнёрамі з 2014 па 2018 год былі школы з Тайваня, ЗША, Расіі, Славеніі, Украіны, Нідэрландаў, Пакістана, Індыіі, Канады. Удзельнікі праекта рыхтуюць канверт з паштоўкамі, зробленымі сваімі рукамі, пішуць пісьмо пра сябе, сваю школу, пра калядныя і навагоднія традыцыі сваёй краіны, рэцэпты святочных страў і адпраўляюць матэрыялы ў школы-партнёры. На форуме праекта навучэнцы дзеляцца інфармацыяй з замежнымі ўдзельнікамі пра сваю школу, краіну, культурныя традыцыі, задаюць пытанні, якія іх цікавяць.

Нашы навучэнцы падзяліліся фотаздымкамі сваёй школы, вёскі, сябе і сваіх сяброў, адказалі на пытанні пра Беларусь. На завяршальным этапе праекта яны атрымалі ад замежных удзельнікаў цудоўныя паштоўкі, у якіх было не толькі віншаванне з Калядамі і Новым годам, але і расказвалася пра іх захапленні, пра гарады, традыцыі, зімовыя святы. Дзеці абмяняліся адрасамі сваіх профіляў у сацыяльных сетках і працягваюць там зносіны.

Праект My city and me (“Мой горад і я”), рэалізаваны ў 2015/2016 навучальным годзе, быў выбраны невыпадкова: праграма выхавання ўстановы адукацыі на 2013—2015 гады грунтавалася на выкарыстанні сродкаў краязнаўства ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні. У нашай вёскі ўнікальная культурна-гістарычная спадчына. У XVII стагоддзі мястэчка мела магдэбургскае права і ўласны герб. У ХІХ стагоддзі быў узведзены касцёл Святога Казіміра ў гатычным стылі. Дзякуючы мецэнацтву Юзафа Пілсудскага, у вёсцы пабудавалі школу. Значны ўклад у развіццё Ліпнішак унесла і яўрэйская суполка. Гэтымі і многімі іншымі гістарычнымі фактамі мы падзяліліся з удзельнікамі праекта.

Праект таксама размешчаны на сайце www.iearn.org. Ён працуе ў сістэме Learning Circles IEARN — навучэнцы і настаўнікі аб’ядноўваюцца ў міжнародныя каманды, ці так званыя колы, для стварэння глабальных праектаў у пэўнай сферы.

У навучэнцаў і настаўнікаў ёсць магчымасць мець зносіны на форуме, абмяркоўваць ідэі для рэалізацыі, даваць адно аднаму парады, расказваць пра свае гарады. Усе паведамленні прыходзяць на электронную пошту, што вельмі зручна. Пасля абмеркавання ідэй навучэнцы працуюць над выбранай тэмай праекта. Нашы школьнікі выбралі гісторыю вёскі. Дзесяцікласнікі з цікавасцю паўдзельнічалі ў праекце. Яны пераклалі матэрыялы па гісторыі сваёй вёскі на англійскую мову, знайшлі фотаздымкі Ліпнішак мінулых часоў і зрабілі фотаздымкі вёскі ў нашы дні. Праект быў адасланы каардынатару, які апублікаваў яго на сайце. Нашымі партнёрамі сталі Расія, Малдова, Гватэмала, Румынія, Пакістан.

Па выніках удзелу ў праекце мы атрымалі сертыфікат, навучэнцы і кіраўнік таксама былі ўзнагароджаны.

На гэтым удзел у міжнародных праектах мы не завяршаем. Навучэнцы нашай школы з цікавасцю чакаюць пачатку новых праектаў, знаёмстваў і зносін на англійскай мове, бо гэта цікава, пазнавальна і эфектыўна.

Тэрэса ВЫРАСТКА,
настаўніца англійскай мовы
Ліпнішкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна.